Наш карэспандэнт адным зь першых праплыў сёньня па па Аўгустоўскім канале.
З 1 красавіка афіцыйна адкрыўся турыстычны сезон на Аўгустоўскім канале. Па канале можна праплыць на маленькім цеплаходзе, чоўнах, катамаранах.
Вось з боку Нямнова да прыстані ў вёсцы Чарток падплывае цеплаход “Нёман”. Першыя пасажыры сёньня на ім – вучні з Сапоцкінскай школы, якая ў 5 кілямэтрах ад канала.
Дзяўчына: “Вельмі прыгожая прырода ў нас, ёсьць на што паглядзець”.
Карэспандэнт: “А вы жывяце побач, ці недзе далей?”
Дзяўчына: “А вось тут блізка ў Сонічах”.
Карэспандэнт: “І што ніколі не заўважалі гэтага?”
Дзяўчына: “Мы ніколі на Нямнова ня плавалі, толькі ў той бок, на Рынкаўцы”.
Даведка: Аўгустоўскі канал —гідралягічнае збудаваньне 19 стагодзьдзя. Агульная працягласьць – 102 кілямэтры. 80 кілямэтраў яго праходзіць па тэрыторыі Польшчы і 22 — па Гарадзеншчыне. На беларускай тэрыторыі знаходзяцца: 3 шлюзы і 2 плаціны, чацьвёрты шлюз знаходзіцца на мяжы з Польшчай. Гэты шлюз, дарэчы, – адзіны ў Беларусі водны памежны пераход.
Міжнародныя экспэрты прызнаюць Аўгустоўскі канал унікальным аб’ектам, якіх надзвычай мала ў сьвеце. Менавіта з гэтай прычыны ЮНЭСКО прапанавала ўключыць яго ў сьпіс усясьветнай гістарычна-культурнай і прыроднай спадчыны.
Капітан карабля Аляксандар Караблёў дзеліцца ўражаньнямі ад першага рэйсу.
Караблёў: “Удаўся, і думаю, што пасажыры таксама задаволеныя. Сёньня яшчэ ня здолелі толькі музыку настроіць. У нас яшчэ тут і тэлевізар і DVD”.
Аляксандар Караблёў запрашае на параходзік і прапаноўвае праплыць разам да шлюза Дамброўка.
Са мной побач на карме – намесьнік генэральнага дырэктар ў справах эксплюатацыі Аўгустоўкага канала Эдмунд Юдкевіч. Пытаюся: чым сёлета будуць зьдзіўляць турыстаў на канале?
Юдкевіч: “Закупілі новыя катамараны, лодкі, маторкі, зрабілі за зіму яшчэ некалькі месцаў адпачынку й плянуем яшчэ будаваць”.
Спадар Юдкевіч прызнае, што дагэтуль на канале няма ніводнага гатэля, рэстарацыі, кемпінга, толькі некалькі дамкоў, якія здаюцца ў арэнду й заўсёды. У дамках, дарэчы, заўсёды ёсьць пастаяльцы.
Да ведама: польская частка каналу прымае да 70 тысяч турыстаў за сэзон. Гэтаму спрыяе разьвітая інфраструктура. Толькі ў польскім горадзе Аўгустоў збудаваныя гатэлі на 4 тысячы месцаў.
У сэзон беларускую частку каналу абслугоўваюць 24 чалавекі, пераважна з Горадні, а сёлета, са слоў Юдкевіча, дадасца ўсяго некалькі працоўных месцаў.
Карэспандэнт: “А прыватны бізнэс уваходзіць сюды?”
Юдкевіч: “Ды нешта яны баяцца. Думаю, каб нехта пачаў і разьвіў справу, то, магчыма, астатнія паглядзелі на гэта й пачалі б тое самае. Ой, паглядзіце, якія кветкі тут растуць...”
Карэспандэнт: “Як яны называюцца?”
Юдкевіч: “Мясцовыя людзі кажуць падсьнежнікі, а па-навуковаму, здаецца прастрэлы”.
Рэканструкцыя беларускай часткі каналу адбывалася ў 2004-2006 гадах. Кошт праекту – амаль 9 мільярдаў беларускіх рублёў. У часе рэканструкцыі аднавілі разбураныя ў савецкі час тры шлюзы і дзьве плаціны, ўмацавалі рэчышча каналу, і падвялі да яго дарогі.
У 2004-м, калі рэканструкцыя толькі пачыналася, прадстаўнікі Міністэрства спорту і турызму заяўлялі, што дзякуючы турыстам грошы, выдадзеныя на рэканструкцыю часткі каналу, павінны вярнуцца цягам бліжэйшых гадоў.
Гаворым са спадаром Юдкевічам пра эканамічную мэтазгоднасьць канала.
Юдкевіч: “За мінулы год былі ў стратах, цяжка з грашыма, бо шмат будавалі й куплялі”.
Карэспандэнт: “А ў пэрспэктыве што-небудзь відаць?”
Юдкевіч: “Думаю, што будзем разьвіваць гандаль, наагул, сэрвіс, будаваць кэмпінгі”.