Беларусы Брытаніі адзначылі юбілей БНР шэрагам мерапрыемстваў.
28 сакавіка з нагоды 90-годзьдзя абвяшчэньня БНР адбыўся ўрачысты прыём ў прэстыжным лёнданскім гатэлі “Мэрыёт”, побач з Брытанскім парлямэнтам. Прыём зладжаны Згуртаваньнем Беларусаў у Вялікай Брытаніі. Ад імя ЗБВБ прысутных вітала старшыня Алена Міхалюк. Прысутнічалі беларусы не толькі з Лёндана, але і бліжэйшых гарадоў. З вітальным словам да прысутных зьярнуліся: старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, былы амбасадар Брытаніі ў Мінску, сябар Беларусі Браян Бэнэт,,былы палітвязень Андрэй Клімаў; паэт, сустаршыня Агульнанацыянальнага аргкамітэту па сьвяткаваньні 90-годзьдзя БНР Генадзь Бураўкін, старшыня Рады “Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская; старшыня Англа-беларускага таварыства Джэймс Дынглі.
Вёў урачыстую імпрэзу сябра рады ЗБВБ Павел Шаўцоў. Агульным падарункам для ўсіх стала прэзэнтацыя музычнага альбому “Дзень Волі – 90 год”, запісаны Нінай Эванс і Сержуком Вінаградавым.
Як адзначыў прысутны на сьвяце айцец Сяргей Стасевіч, “для беларусаў дыяспары дзень 25 Сакавіка – вялікае сьвята, як нацыянальны дзень для іншых народаў, што жывуць у Брытаніі (напрыклад, як дзень Сьвятога Патрыка для ірляндцаў). І так было заўсёды. Вельмі шкада, што да сёньня ў Беларусі Дзень Волі не сьвята, а супрацьстаяньне. Веру ў тое, што сытуацыя ў хуткім часе зьменіцца і на Радзіме”.
30 сакавіка беларусы сабраліся на сьвяточнае набажэнства ў Беларускім культурна-рэлігійным цэнтры ў Паўночным Лёндане. Набажэнства скончылася малітвай за беларускі народ, прачытанай айцом Аляксандрам Надсанам.
Пасьля службы адбылася сустрэча з гасьцямі з Беларусі. Мікола Пачкаеў, намесьнік старшыні ЗБВБ, прывітаў прысутных, падкрэсьліўшы вялікую ролю беларусаў замежжа ў захаваньні ідэалаў 25 Сакавіка, а таксама выказаў удзячнасьць за працу тым у Беларусі, хто падзяляе гэтыя ідэалы. Генадзь Бураўкін прачытаў новыя вершы, а таксама ўрывак з паэмы, прысьвечанай Францішку Багушэвічу. Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская распавялі пра дзейнаьць “ЗБС “Бацькаўшчына”. Захоплены вершамі Генадзя Бураўкіна, беларуска-цыганскі паэт з Лёндана Вальдэмар Калінін прачытаў свой твор, прысьвечаны Беларусі, на дзьвюх мовах – беларускай і цыганскай. Хвалявалі прысутных розныя тэмы – і сытуацыя ў Беларусі, і пэрспэктывы ўзаемаадносінаў Радзімы і беларусаў замежжа, і праблемы мовы, культуры, школьніцтва.
Працягам Дзён БНР у Лёндане будзе сустрэча ў Беларускім доме, заплянаваная на 1 красавіка.