Сёньня ў Курапатах адбылося памінаньне ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў. Ва ўрочышча прыйшлі каля 40 чалавек.
Мерапрыемства пачалося а 16-й гадзіне з расповеду кандыдата гістарычных навук Ігара Кузьняцова аб гісторыі палітычных рэпрэсіяў у Беларусі перыяду 20-50 гадоў мінулага стагодзьдзя і аб гісторыі Курапатаў. Потым людзі запалілі сьвечкі, усклалі кветкі і памаліліся за бязьвінна загінулых.
Мы зьвязаліся з Ігарам Кузьняцовым падчас жалобнай акцыі ў Курапатах.
Кузьняцоў: “Удзельнічае каля 40 чалавек, але лёгка памыліцца, таму што тут і супрацоўнікі КДБ, МУС... Акцыя адбываецца ў тым фармаце, у якім мы праводзілі год памяці: кожнага 29-га чысла месяцу ў Курапатах запальваюцца памінальныя сьвечкі. У гэтым годзе – своеасаблівы юбілей, споўніцца 20 гадоў, як 3 чэрвеня 1988 году выйшаў артыкул Зянона Пазьняка “Курапаты – дарога сьмерці”. Фактычна, у гэтым годзе – 20 год адкрыцьцю Курапатаў. Думаю, у гэтай сувязі мы абвесьцім гэты год Годам Курапатаў”.