С.Калінкіна: улада б’е люстэрка, якое паказвае яе твар

Госьця “Начной Свабоды” – галоўная рэдактарка “Народнай волі” Сьвятлана Калінкіна.

Караткевіч: Ужо было шмат сказана пра ператрусы на кватэрах журналістаў, у офісах незалежных СМІ, былі выкарыстаныя ўсялякія эпітэты, назоўнікі кшталту "гвалт". Найперш – Вашае эмацыйнае ўражаньне ад гэтага?

Калінкіна: Скажу шчыра, я спалохалася за сваіх сяброў і знаёмых, якія супрацоўнічаюць з гэтымі радыёстанцыямі, таму што некаторым я адразу не змагла дазваніцца, а ад аднаго зь сяброў атрымала СМС-ку, што ў іх ідзе ператрус. Але не скажу, што гэта было для мяне нечаканасьцю, бо калі беларускія ўлады загаварылі пра зьнешні імідж, мне прыйшла такая думка, што першае, што яны будуць рабіць – гэта біць тое люстэрка, якое паказвае, якая ж улада на самой справе. На жаль, так яно і дабылося.

Караткевіч: Скажыце, няўжо ўплыў мэдыяў, электронных радыёстанцыяў і тэлеканалу "Белсат", настолькі магутны, што трэба праводзіць такую маштабную публічную акцыю?

Калінкіна: Уплыў, на самой справе, трэба падзяляць – уплыў унутрыбеларускі і на зьнешнюю аўдыторыю. Сапраўды, у Беларусі няшмат слухачоў, напэўна, і гледачоў у гэтых мэдыяў. Але на Захадзе для аналітыкаў – гэта вельмі істотная крыніца інфармацыі. Таму беларускія ўлады ведалі, што рабілі і навошта рабілі.

У мяне пытаньне толькі адно: чаму яны рабілі гэта зараз, бо як вы ведаеце, яшчэ 17 сакавіка была падпісаная пастанова на правядзеньне гэтых вобшукаў, але толькі 27 сакавіка была такая масавая аблава на журналістаў. І тут могуць быць розныя варыянты, чаму менавіта ў гэты дзень. Але гэта лягічна, што гэта адбылося.

Караткевіч: Званок аднаго з нашых сталых слухачоў, які мы атрымалі сёньня ўвечары і які датычны нашай гутаркі:

Слухач: Мяне цікавіць, аб якой незалежнасьці журналістаў можна гаварыць, калі яны працуюць на “Радыё Рацыя”, на тэлекампанію, якая знаходзіцца ў Польшчы, а грошы на гэта дае Польшча і іншыя краіны Эўропы? Пра якую іхную незалежнасьць можна гаварыць, калі яны кормяцца, выбачайце, з-за кардону?

Караткевіч: І ў самой Беларусі недзяржаўную прэсу называюць "апазыцыйнай прэсай", паколькі, відаць, у Беларусі адсутнічае партыйная прэса, і недзяржаўная прэса піша ў тым ліку і пра тое. што робіць апазыцыя. Сьвятлана, Ваш камэнтар?

Калінкіна: Гэта ня вельмі такое арыгінальнае меркаваньне слухача... Я лічу, што гэтая прэса нашмат больш незалежная, чым сёньняшнія дзяржаўныя СМІ, якія кормяцца, здаецца, з нашых з Вамі падаткаў, з грошай тых, хто падтрымлівае ўладу ці хто яе крытыкуе.

На самай справе, не фінансы вызначаюць незалежнасьць і аб'ектыўнасьць журналіста, а вызначае грамадзянская пазыцыя людзей, якія працуюць у тым ці іншым СМІ. І ў гэтым сэнсе тыя, хто працуе ў незалежных СМІ і не жадае выконваць загадаў улады, яны нашмат больш незалежныя, чым тыя нашы калегі, якія сьпяваюць пад зададзеную дудку.

Караткевіч: Мы папрасілі выказацца пра падзеі 27 сакавіка мінакоў на вуліцах.

Слухаць апытаньне:



Караткевіч: У апошнія дні, пачынаючы з Дня Волі, у нас вялікія праблемы з тым, каб датэлефанавацца да ўдзельнікаў нашых перадач, таму Сьвятлана не пачула канца нашага апытаньня. Бальшыня слухачоў гаварылі пра тое, што ўлада такімі дзеяньнямі хоча ўзяць пад татальны кантроль інфармацыю ў Беларусі. Скажыце, як бы Вы ахарактарызавалі трансфармацыю дзяржаўных мэдыяў, іх працу за апошнія 10 гадоў? Ці зьмяніліся яны, і калі так, то ў якім бок?

Калінкіна: Я цалкам згодная ў гэтым выпадку са слухачамі. Кантроль за інфармацыяй – гэта і ёсьць прапаганда. І дзяржаўныя СМІ менавіта ў гэтым накірунку і рухаюцца.

Зараз можна заўважыць, што прапаганда ідзе ня толькі ў палітычных рэпартажах ці палітычных матэрыялах. Журналісты, якія пішуць і здымаюць сюжэты на тэму аховы здароўя, адукацыі ці культуры, яны зараз вельмі пільна прытрымліваюцца той лініі, якая задаецца зьверху, і на жаль гэта сьведчыць аб прафэсійнай дэградацыі журналістаў, бо мэта нашай прафэсіі – прынцыпова іншая. Мэта нашай прафэсіі – адстойваць інтарэсы грамадзтва перад інтарэсамі дзяржавы.

Караткевіч: Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы выказалі абурэньне падзеямі вакол незалежных журналістаў. Замежныя і беларускія праваабарончыя арганізацыі таксама выступілі супраць. Мы атрымліваем шмат званкоў наконт таго, ці адэкватна паводзіць сябе апазыцыя ў пэрыяды між акцыямі.

Слухач: Наша апазыцыя няздольная бараніць людзей, яна толькі здольная вывесьці частку моладзі пад дубцы ўлады. Казуліна загналі ў турму і забыліся пра яго, а самі за кошт такіх хітрыкаў зарабляюць сабе капітал. Паглядзіце, маўляў, мы змагаемся з дыктатурай. Такой працы апазыцыі – ганьба! Павал Давыдзенка.

Караткевіч: Сьвятлана, ці ёсьць тут нейкая рацыя?

Калінкіна: Рацыя сапраўды ёсьць. У апазыцыі няма дзейных інструмэнтаў, каб абараняць людзей працы, таму што яна як мінімум павінна быць сыстэмнай, яе прадстаўнікі павінны быць як мінімум у парлямэнце, а яшчэ лепей у нейкім кааліцыйным урадзе, што для нас застаецца толькі мэтай. Іншая справа, што, тут я згодна са слухачом, не заўсёды нават цікавяцца прадстаўнікі апазыцыі тымі праблемамі, якія хвалююць простых людзей, не заўсёды на іх рэагуюць, а часам, калі ўзьнікаюць такія нейкія жыцейскія праблемы, палітыкі лезуць са сваімі палітычнымі пытаньнямі, што закрываюць іхную суполку ці яшчэ нешта, што людзям наагул не цікава... Я думаю, што нашай апазыцыі трэба ўмець знаходзіць агульную мову са сваімі выбаршчыкамі. Пакуль размова ідзе на розныя тэмы і на розных мовах.

Караткевіч: Сьвятлана, як Вы вырашылі стаць журналістам?

Калінкіна: Гэта пачалося зусім выпадкова – да нас у школу прыехалі журналісты зь Беларускага радыё запісваць сюжэт для праграмы для падлеткаў. Мы выказвалі нейкія свае меркаваньні наконт алькаголю, праблемы п'янства сярод непаўналетніх. І празь некалькі дзён зь лямантам прыляцела дырэктарка школы, што мяне шукаюць зь Беларускага радыё – ім падалося, што ў мяне добры для радыё голас. Так я сталася вядучай праграмы для падлеткаў на Беларускім радыё, а потым паступіла на факультэт журналістыкі. Я вельмі люблю сваю прафэсію і ніколі не шкадавала, што абрала менавіта яе.

Караткевіч: Якія, паводле Вас, вызначальныя рысы ў працы журналіста?

Калінкіна: Самае галоўнае – цікавасьць да людзей і ўменьне іх выслухаць. Бо журналіст ня можа быць спэцыялістам у любой тэме. І я бачу, шмат гадоў папрацаваўшы ў гэтай прафэсіі, што нічога ў ёй не атрымліваецца ў тых, хто больш гаворыць, чым слухае. Цікавасьць да людзей, да падзей, унутраная сумленнасьць – гэта галоўнае.

Караткевіч: Ваша пажаданьне слухачам “Свабоды”?

Калінкіна: Жадаю ня страціць мужнасьці, быць шчырымі з самімі сабой і сваімі сябрамі, і каб побач былі прыстойныя людзі.