Чаму абвастраюцца беларуска-амэрыканскія дачыненьні?

Якімі матывамі кіруюцца абодва бакі гэтага канфлікту? Ці дасьць плён імкненьне Беларусі супрацьпаставіць пазыцыю ЗША і Эўразьвязу па пытаньні дачыненьняў зь Беларусьсю? Наколькі доўгатэрміновым можа стаць беларуска-амэрыканскі дыпляматычны канфлікт?

Удзельнікі: выкладчык зарэгістраванага ў Літве Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Дзяніс Мельянцоў і дырэктар зарэгістраванага ў Літве інстытуту BISS Віталь Сіліцкі.

Хто і чаму абвастрае канфлікт?



Валер Карбалевіч:
“Беларусь ідзе на эскаляцыю канфлікту з ЗША. З жорсткімі антыамэрыканскімі заявамі выступіў А. Лукашэнка. На мінулым тыдні на нарадзе аб працы сілавых структур ён рэзка скрытыкаваў санкцыі ЗША. Учора ў інтэрвію Аўстрыйскаму агенцтву прэсы кіраўнік дзяржавы таксама нэгатыўна ацаніў палітыку ЗША. МЗС выціснуў зь Беларусі амэрыканскую амбасадарку, запатрабаваў скараціць пэрсанал амбасады Злучаных Штатаў у Менску. Падаецца, што Беларусь правакуе абвастрэньне канфлікту. Якімі матывамі кіруюцца абодва бакі гэтага супрацьстаяньня?”

Дзяніс Мельянцоў: “Афіцыйны Менск кіруецца ў сваёй замежнай палітыцы найперш інтарэсамі, а не каштоўнасьцямі. Эканамічныя санкцыі ЗША закранулі інтарэсы Беларусі. Адсюль і такая рэакцыя беларускага кіраўніцтва.

Акрамя таго, замежная палітыка Беларусі — працяг яе ўнутранай палітыкі. Таму гэты канфлікт у значнай ступені разьлічаны на ўнутраную аўдыторыю. Лукашэнку трэба было паказаць, што Беларусь — моцная дзяржава, яна можа абараніць свае інтарэсы, нават варагуючы з такімі звышдзяржавамі, як ЗША. Чаго ня можа сабе дазволіць нават Расея.

Да таго ж ЗША — зручны вораг. Па-першае, ён далёка. Па-другое, таваразварот са Злучанымі Штатамі невялікі. Таму ў выпадку канфлікту і страты будуць невялікія”.


Віталь Сіліцкі: “Я, можа, выкажу парадаксальную думку, але не скажу, што беларускі бок ідзе на вялікае абвастрэньне. Менск дзейнічае максымальна асьцярожна. Параўнаем з тым, як дзейнічала кіраўніцтва Беларусі 10 гадоў таму падчас “каналізацыйнай вайны”, калі выкінулі амбасады з Драздоў.

Цяпер беларускі бок дзейнічае паводле міжнародных нормаў, гуляе па правілах. Ёсьць палажэньне міжнародных канвэнцый, паводле якога прымаючая краіна можа адмовіць камусьці ва ўезьдзе ў краіну ці паставіць умовы адносна колькасьці дыпляматычнага пэрсаналу.

Гэта тлумачыцца тым, што кіраўнічай камандзе трэба думаць пра запасны аэрадром. Калі яна сапсуе дачыненьні з Захадам, то паўстае пытаньне: што далей? Раней адказ на гэтае пытаньне быў просты: “За намі Масква”. Цяпер з саюзьнікам ёсьць пэўныя пытаньні.

Акрамя таго, мы ня ведаем дакладна, як моцна ўдарылі амэрыканскія санкцыі. Гандаль з ЗША — 250 мільёнаў даляраў у год. Гэта няшмат. Але гандаль нафтай і нафтапрадуктамі ў сьвеце ідзе ў амэрыканскіх далярах. Перавесьці яго ў эўра нялёгка. Прычым гаворка ідзе не пра наўпроставыя фінансавыя страты, а пра павышэньне кошту вядзеньня бізнэсу. А гэта можа стаць балючым ударам.

І нарэшце, пытаньне іміджу. Лукашэнку трэба было паказаць моц для Захаду, Расеі, уласнай эліты, каб ніхто не падумаў, што ўлада пачынае слабець.

Расея цяпер вядзе курс на адлігу ў дачыненьнях з Захадам. І ёй не патрэбна канфрантацыя Беларусі з Захадам”.

Пазыцыі ЗША і Эўразьвязу па беларускім пытаньні


Карбалевіч: “Мусіць, не выпадкова рашэньне Беларусі адклікаць свайго амбасадара з ЗША і падпісаньне пагадненьня аб адкрыцьці ў Менску прадстаўніцтва Эўрапейскай камісіі адбыліся ў адзін дзень. Ва ўчорашнім інтэрвію Лукашэнка крытыкаваў Эўразьвяз за тое, што той нібыта скача пад амэрыканскую дудку. Вось гэтае імкненьне падзяліць дачыненьні з ЗША і ЭЗ, супрацьпаставіць іх, раскалоць адзіную палітыку Захаду па беларускім пытаньні, — ці мае яно сэнс? Ці можа даць плён?”

Мельянцоў:
“Такое імкненьне беларускіх уладаў відавочнае. Менск імкнецца раскалоць ня толькі ЭЗ і ЗША, але нават краіны Эўразьвязу па пытаньні дачыненьняў зь Беларусьсю. На сустрэчы зь нямецкім амбасадарам Вайсам Лукашэнка рабіў рэвэрансы ў бок Нямеччыны і, адначасова, крытыкаваў іншыя эўрапейскія краіны.

Але ЗША і ЭЗ — гэта стратэгічныя саюзьнікі. Для іх беларускае пытаньне нязначнае. Таму зь вялікай доляй верагоднасьці можна сказаць, што раскалоць ЗША і ЭЗ не атрымаецца”.

Сіліцкі: “Зразумела, што па пэўных аспэктах беларускага пытаньня паміж ЗША і ЭЗ існуюць сур’ёзныя разыходжаньні. Існуюць дзьве тэорыі, якія тлумачаць гэтыя разыходжаньні.

Першая тэорыя сьцьвярджае, што ЗША і ЭЗ гуляюць у злога і добрага паліцэйскага. Я думаю, што гэтая тэорыя няслушная. Палітыка ЗША і ЭЗ не настолькі скаардынаваная, каб расьпісаць па нотах і граць кожнаму сваю партыю.

Другая тэорыя даводзіць, што Лукашэнка сьвядома пайшоў на эскаляцыю канфлікту, каб прадэманстраваць, што ЗША — дрэнныя, а ЭЗ — добры. Але важна, каб беларускае кіраўніцтва не перагнула палку. Калі, напрыклад, Менск “вышпурне” амэрыканскую амбасаду, то ЭЗ будзе вымушаны салідарызавацца з ЗША. Бо трансатлянтычная салідарнасьць — гэта каштоўнасьць, якая аб’ядноўвае ЗША і ЭЗ”.

Ці хутка скончыцца гэты канфлікт?

Карбалевіч: “Наколькі доўгатэрміновым можа быць гэты канфлікт, які пачынае закранаць ня толькі дыпляматаў, прадпрыемствы “Белнафтахіму”, але і шараговых грамадзян? Маю на ўвазе прыпыненьне амбасадай ЗША выдачы віз. Ад чаго гэта залежыць? Паколькі галоўнай прычынай канфлікту стала ўнутрыпалітычная сытуацыя ў Беларусі, то што можа паўплываць на зьмякчэньне пазыцыі ЗША? Падзеі 25 сакавіка? Вызваленьне Казуліна? Выбары ў Палату прадстаўнікоў?

Мельянцоў: “Халодны пэрыяд у дачыненьнях Беларусі і ЗША будзе працягвацца да той пары, пакуль гэта будзе выгадна беларускім уладам. Калі Менск убачыць, што дайшоў да мяжы, то ён можа зрабіць крокі назад, пачне выконваць некаторыя патрабаваньні Захаду, верне амбасадара.

Разьвіцьцё эканамічных стасункаў таксама можа паўплываць на паляпшэньне палітычных дачыненьняў. Лагоднае стаўленьне ўладаў да апазыцыйных акцыяў на Дзень Волі і іншыя дні таксама можа стаць добрым сыгналам для ЗША, каб палепшыць стасункі”.

Сіліцкі: “Магчыма, актыўнасьць ЭЗ у Беларусі падштурхне і ЗША да намаганьняў, каб вярнуць амбасадарку. Другі момант. Паколькі амэрыканскія санкцыі выявіліся вельмі балючымі, то Менску трэба будзе рабіць высілкі дзеля іх адмены.

Калі ўзьнікнуць цяжкасьці з вырашэньнем газавага пытаньня на перамовах з новым кіраўніцтвам Расеі, то таксама спатрэбіцца шукаць варыянты на Захадзе.

Але першым крокам беларускага боку для нармалізацыі дачыненьняў павінна быць вызваленьне палітвязьняў і найперш Казуліна”.