У "Доме літаратара" Леанід Дранько-Майсюк, Валеры Мазынскі, Анатоль Сідарэвіч

Эфір 22 сакавіка.

АЎТАР І ТВОР

ЛЕАНІД ДРАНЬКО-МАЙСЮК: “БЕЛАРУСЫ, БУДЗЬЦЕ ВЯСЁЛЫЯ!”


Шостай па ліку кнігай у сэрыі “Бібліятэчка часопісу “Дзеяслоў” стала “Цацачная крама” Леаніда Дранько-Майсюка. У песеньках, якія напісаныя ад імя зьвяроў і птушак, шмат сьмеху, жартаў, дасьціпнасьці, салёных слоўцаў, народных выразаў, часам – горкай іроніі. “Гэта не высокая, а шырокая паэзія; шырокая – значыць, усім зразумелая,” – гаворыцца ў выдавецкай анатацыі. З аўтарам кнігі сустрэўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Леанід, у мяне як чытача склалася ўражаньне, што “Цацачная крама” напісаная за адзін вечар, настолькі ў ёй усе тэксты гучаць на адной вясёлай, дасьціпнай, іранічнай ноце… Але, наколькі я ведаю, кніга стваралася ня вечар, ня месяц, нават і ня год. А колькі часу?”

Леанід Дранько-Майсюк: “Яшчэ ўлетку 1991 году я склаў чатыры песенькі – пра галоднага Ваўка, баязьлівага Барсука, разумную Варону і, здаецца, тады ж склаўся вершык пра Вавёрку і Вожыка. А ў 2003 годзе я напісаў завяршальны твор – “Песеньку патрыятычнага Бусла”. Выходзіць, што дванаццаць гадоў пісалася кніжка, у якой толькі 128 старонак! Калі зьявіліся першыя вершы, я і ня думаў, што зь іх можа прарасьці асобнае выданьне. І толькі недзе ў годзе 2000-м, калі Зьміцер Вайцюшкевіч, як кампазытар, пачаў учытвацца ў мае вершаваныя песенькі, я раптам убачыў у іх прастору будучай кніжкі. Я вельмі рады, што “Цацачную краму” цалкам у сваім цудоўным часопісе “Дзеяслоў” надрукаваў наш яркі празаік Барыс Пятровіч. Было гэта ў ліпеньска-жнівеньскім 11-м нумары за 2004 год. Прыемна, што той нумар хутка раскупіўся. І вось праз чатыры гады зноў жа Барыс Пятровіч паспрыяў таму, каб пад маркай бібліятэчкі “Дзеяслова” ўбачыла сьвет мая “Цацачная крама”.

Скобла: “У прадмове ты пішаш, што на кнізе ляжыць сьвятло казачнай музыкі Зьм. Вайцюшкевіча. І гэта зразумела – Вайцюшкевіч паводле “Цацачнай крамы” зрабіў цэлую песенную праграму. Але ж ты прызнаесься, што яшчэ адзін чалавек паўплываў на зьяўленьне “Цацачнай крамы,” – Уладзімер Ягоўдзік. А ў чым выявіўся ягоны ўплыў?

Дранько-Майсюк: “Тыя першыя чатыры песенькі, пра якія я ўжо казаў, былі напісаныя акурат па просьбе Ўладзімера Ягоўдзіка. Паводле ягонай цудоўнай казкі “Калі тупне Зайка” ў 1991 годзе на Беларускім радыё ставіўся спэктакль, і для яго былі патрэбныя вясёлыя дзіцячыя вершы. Я з задавальненьнем выканаў просьбу заўсёды творчага і заўсёды таленавітага Ўладзімера Ягоўдзіка. Дарэчы, выдаючы дзівосны часопіс “Лесавік”, ён вельмі шмат робіць для нацыянальнага выхаваньня нашых дзетак”.

Скобла: “З усіх герояў “Цацачнай крамы” толькі Сьвіньня размаўляе на трасянцы: “Пасматрыця на міня – я абычная сьвіньня…” Хоць, умоўна кажучы, адмоўных пэрсанажаў у кнізе нямала. Як Сьвіньню навучыць размаўляць культурна? Ці гэта немагчыма, бо сьвіньні – сьвінячае, а людзям – людзкае?”

Дранько-Майсюк: “Гэтую слаўную істоту вучыць размаўляць культурна ня варта. Яна цікавая сваёй мовай, сваёй трасянкай. Калі мы разгорнем тлумачальны слоўнік, то прачытаем, што трасянка – гэта ня толькі сена з саломай, якімі кормяць жывёлу, а гэта яшчэ вынік беларуска-расейскага зьмешанага маўленьня. Значыць, трасянка ў сваім новым сэнсавым кірунку ўзбагаціла нашыя слоўнікі. Аднак ці ўзбагаціла яна душу і культуру наогул? Гэта вялікае пытаньне… З трасянкаю ў нас жывуць і паміраюць, але я ўпэўнены: на трасянцы нельга сьпяваць калыханкі”.

Скобла: “Ты са сваёй “Цацачнай крамай” аб’ехаў амаль усю Беларусь. Выступаў і ў школах, і ў каледжах, і ў тэхнікумах. Хто з пэрсанажаў кнігі найбольш падабаецца слухачам (а цяпер ужо й чытачам)?”

Дранько-Майсюк: “Вельмі добра ўспрымаюць “Песеньку разумнай Вароны”. Замілаванымі воплескамі адорваюць і нават дапамагаюць чытаць “Песеньку няшчаснага Казла”. Разумеюць “філязофію” шчасьлівага Бабра і баязьлівага Барсука, а “Песеньку задаволенага Пеўня” даводзілася чытаць двойчы. Паэт Эдуард Акулін пад гітару выконвае “Песеньку галоднага Воўка”, робіць гэта надзвычай артыстычна і заўсёды просіць вучняў і студэнтаў сьпяваць разам зь ім прыпеў. У выніку ўзьнікае вясёлае, сьвяточнае, усім неабходнае гучаньне. Па сутнасьці сваёй, “Цацачная крама” – кніжка з адкрытым зьместам, яна не затуманеная незразумелымі мэтафарамі, яна яснай мовай кажа: “Беларусы, будзьце вясёлыя!”

Скобла: “Давай весела зазірнем у будучыню. На помніку Крылова скульптар вылепіў і герояў ягоных баек. Калі ў наступным стагодзьдзі ў Давыд-Гарадку надумаюць усталяваць помнік свайму паэту Дранько-Майсюку, каго з “Цацачнай крамы” ты пусьціў бы да сябе на п’едэстал?”

Дранько-Майсюк: “Згодзен весела зазірнуць у будучыню. Прапаную ў Давыд-Гарадку, непадалёку ад помніка князю Давыду, узьвесьці помнік нашай нацыянальнай беларускай весялосьці. Гэты помнік будзе нагадваць усім і кожнаму, што мы – беларусы – забыліся на сваю весялосьць. А весялосьць, я ўпэўнены, – наша спадчынная эўрапейская рыса”.

ЛЕАНІД ДРАНЬКО-МАЙСЮК. ЧАТЫРЫ ПЕСЕНЬКІ З “ЦАЦАЧНАЙ КРАМЫ”

ПЕСЕНЬКА ШЧАСЬЛІВАГА БАБРА

Я ўжо тым усьцешаны,
Аж пускаю сьліну,—
Што грызу алешыну,
Што грызу асіну;

Рэчкай, азярынаю
Плёхаю, ныраю
I ня толькі сьліну я —
I струмень пускаю!

Зь берага да берага
Столькі маю волі!
I вады нямерана,
I яды даволі!

Вось такая жытка ўся,
Слаўныя парадкі!
То ў нару зашыюся,
То плыву да хаткі...

Словам, добры маю хлеб
I жыву па-царску.
Трапіць на каўнер яшчэ б
Добраму начальству!

ПЕСЕНЬКА ХІТРАЙ САВЫ

Я — Сава, з вачыма галава,
Ноч люблю, бо ноччу бачу;
Не люблю я дзень, бо я ж Сава!
Рагачу як што, як што дык плачу...

Ноч вяртае зрок, дае яду.
Ноччу галаву сваю не збочу.
Розную брыду і не брыду
Я хапаю ноччу аж дасхочу!

Мне ніякіх не патрэбна зьмен
I другое не патрэбна чэсьці,
Шчасьце маё простае, як хрэн,
Спаць удзень, а ўночы есьці!

ПЕСЕНЬКА МЯСА-ШКУРКАВАТАГА ТРУСА

У клетцы хоч, а ці ня хоч,
А ўсё адно быць давядзецца!
У клетцы я і дзень, і ноч,
I добра мне жывецца ў клетцы.

I не баліць мне галава,
Бо ў клетцы ж усяго загуста;
Ляжыць зялёная трава,
Ляжыць і морква, і капуста.

Трусагадовец вам любы
Пра тое скажа і заўсёды,
Што не абы я там рабы,
А мяса-шкуркавай пароды.

Хто б ні карміў — Кастусь, Пятрусь,
Як толькі кіндзюшок напоўню,
Тады люблю я Беларусь
Усёй трусінаю любоўю!

ПЕСЕНЬКА ЗЛАДЗЕЯВАТАГА ЛІСА

«Злодзей!..» — кажуць людзі.
Дураць галаву!
Я ня проста злодзей,—
Проста так жыву.

Куры ёсьць і качкі.
Валачы, цягай...
Еш сабе да ўс…ачкі,
Толькі зубы май.

Май душу пустую
I ня згінеш, не...
Гіне — хто працуе,
Хто хрыбціну гне.

Пры такой уладзе
(Што мне тут брахаць!) —
Той жыве, хто крадзе,
Так што, браце, крадзь.

ЛІТПРАЦЭС

ВАЛЕРЫ МАЗЫНСКІ: “БЕЛАРУСКАЯ АЎДЫЁБІБЛІЯТЭКА – ПРАТЭСТ НА ЗЬМЕНЫ Ў ШКОЛЬНАЙ ПРАГРАМЕ”


Першая прэзэнтацыя бібліятэкі беларускіх аўдыёкнігаў прайшла 23 сакавіка ў сядзібе БНФ у Менску. Яе зладзілі ініцыятары і выдаўцы жывой бібліятэкі – фірма БелТонМэдыя. Пад час імрэзы выступілі некаторыя аўтары бібліятэкі, чытальнікі клясычных твораў, музыкі. На пытаньні Валянціны Аксак адказаў рэжысэр праекту Валеры Мазынскі.

Валянціна Аксак: “Днямі выйшлі адразу тры новыя аўдыёкнігі беларускае літаратурнае клясыкі – “Сымон-музыка” Якуба Коласа, “Людзі на балоце” Івана Мележа і “Вершы і паэмы” Янкі Купалы. Спадар Мазынскі, апроч гэтых трох колькі ўжо маем у беларускай жывой бібліятэцы падобных выданьняў?”

Валеры Мазынскі: “Агульным лікам – дзясятак кніжак. Гэта творы Вольгі Іпатавай, Уладзімера Арлова, Міколы Ермаловіча, “150 пытаньняў і адказаў”, Джордж Оруэл з двума раманамі, казкі Андэрсэна і беларускія народныя”.

Аксак: “А якія аўтары ў працэсе падрыхтоўкі ці ў вашых плянах?”

Мазынскі: “Мы цяпер хочам узяцца за творы Васіля Быкава, Уладзімера Караткевіча, думаем яшчэ пасупрацоўнічаць зь Віктарам Скарабагатавым, які нам мусіць цэлы цыкль лекцый прачытаць пра беларускую клясычную музыку”.

Аксак: “Скажыце пару словаў пра чытальнікаў тэкстаў”.

Мазынскі: “Адзін зь іх – Валеры Шушкевіч, гэта вядомы актор. Ён доўгі час працаваў у Расейскім тэатры імя Горкага, ён жа выканаў ролю Гарошкі ў маім фільме “Тутэйшыя”. Другі – Андрэй Каляда, гэта прафэсар з Акадэміі мастацтваў, які вельмі многа чытаў клясыкі на радыё, а цяпер вучыць гэта рабіць студэнтаў. Яшчэ адзін наш чытальнік – актор Валеры Будзевіч. Віктара Манаева ведаюць усе, яго прадстаўляць ня трэба. І акторку Тэатра юнага гледача Галіну Кухальскую ведаюць. Ведаюць і былога актора майго тэатра “Вольная сцэна” Міколу Рабычына. Увогуле, чытаюць прафэсіяналы”.

Аксак: “Але некаторыя аўтары самі чытаюць свае творы...”

Мазынскі: “Так, зь некаторымі жывымі аўтарамі я дамаўляюся, каб яны хаця б некалькі сваіх твораў начытвалі самі, многія, праўда, не пагаджаюцца на гэта, але я хачу пакінуць іх голас у гісторыі”.

Аксак: “Дыск з творамі Янкі Купалы зь першага погляду ўвёў, як потым высьветлілася, у зман – там за імем клясыка стаіць імя Ўладзімера Някляева, і я падумала, што ён чытае Купалу. Але потым стала зразумела, што Някляеў на гэтым дыску чытае сваё эсэ пра Янку Купалу “Шлях”. Незвычайная ідэя і незвычайнае спалучэньне. Чым яны выкліканы?”

Мазынскі: “Доўгі час я ня мог для сябе ніяк уявіць і апраўдаць Купалу цэласнага. Для мяне больш важныя яго творы, напісаныя да 1925 году, а ўжо творы пазьнейшыя, творы складанага і пакручастага савецкага часу я не ўспрымаў. Гэта ўжо другі Купала. І мне неяк трэба было гэтую раздвоенасьць зьнітаваць, што зрабіць мне дапамог Някляеў. Ягонае эсэ тлумачыць другую палову Купалавага жыцьця і творчасьці”.

Аксак: “Чым вы кіраваліся пры падборы для дыску вершаў Янкі Купалы: школьнай праграмай, уласным густам ці яшчэ нечым?”

Мазынскі: “У большай ступені – уласным густам”.

Аксак: “А якой аўдыторыі адрасаваныя гэтыя дыскі: школьнікам ці дарослым?”

Мазынскі: “Увогуле, уся гэтая ідэя нарадзілася ў мяне як пратэст на зьмененую школьную праграму, зь якое выкінулі лепшыя творы і лепшых аўтараў. Таму мы мусім гэта рабіць, калі дзяржава ігнаруе беларускую клясыку і дае дзецям замест яе нешта іншае. Я б хацеў, канечне, каб гэтыя дыскі былі ўзятыя пад увагу найперш нашымі настаўнікамі і вучнямі”.

Аксак: “А якім чынам яны будуць даступныя патэнцыйным слухачам?”

Мазынскі: “Паколькі мы афіцыйна зарэгістравалі сваю фірму “БелТонМэдыя”, то яны будуць распаўсюджвацца па магчымасьці па ўсіх крамах, а таксама ў нашых сталых беларускіх куточках”.

КРЫТЫКА

АНАТОЛЬ СІДАРЭВІЧ. АСАЦЫЯЦЫІ І НАМЁКІ АЛЕСЯ ЧОБАТА


Алесь Чобат. Край мой шчасьлівы: Кніга тысячы радкоў для дзяцей і для бацькоў. Менск: Про Хрысто, 2007.

Скажу адразу, што некаторыя тэксты, зьмешчаныя ў новым зборніку Алеся Чобата, адносяцца да тых вершаў, якія Рыгор Семашкевіч, пішучы аб творчасьці іншага паэта, назваў неабавязковымі. Адсутнасьць гэтых твораў у зборніку толькі палепшыла б яго якасьць, а іх прысутнасьць паказвае, што вершы гэтыя ў зборніку – лішнія, выпадаюць з кантэксту. А кантэкст новага зборніка складаюць творы, надрукаваныя ў яго пачатку і ў самым канцы.

Алесь Чобат разыгрывае чытачоў. Па-першае, падзагаловак ягонага зборніка – “кніга тысячы радкоў для дзяцей і для бацькоў” – не адпавядае сапраўднасьці: твораў, прызначаных для дзяцей, у кніжцы няма. Радкамі для дзяцей можна назваць толькі тыя зь іх, што адрасаваныя нашчадкам. Як, напрыклад, верш зь ня вельмі ўдалым загалоўкам “Сьветлая льецца ніць”:

Прабачце нам, хто за намі.
Ня біце ў нас перунамі.
Мы спаленыя ў марозы.
Прабачце мне, хто за мною.
Ня лёг я сьцежкай зямною,
Але не заняў дарогі.


Не адпавядае агульнаму настрою кніжкі і сам яе загаловак “Край мой шчасьлівы”. Шчасьлівы Край – толькі ва ўяве паэта. У вершы, назва якога вынесена на вокладку зборніка, чытаем:

Буду жывы, то яшчэ пастараюся ўбачыць
іншым наш сьвет, у якім жывуць людзі іначай,
і яшчэ ўбачыць, няхай невядома калі,
Край мой шчасьлівы, якога няма на зямлі.

Гэты радок пра шчасьлівы Край абыгрываецца ў канцы кожнага з чатырох катрэнаў: “Край мой шчасьлівы, якога няма на зямлі”; “Край мой шчасьлівы, якога на сьвеце няма”; “Край мой шчасьлівы – як сон, што мяне перажыў”... У вершы “Прыезд на Радзіму” лірычны герой паэта сьцьвярджае, што Радзімы, сапраўднае Радзімы, утульнае, роднае, якая б “гаіла боль, лячыла адзіноту”, у яго няма. Беларускі інтэлігент, як і раней, пачуваецца дома, як у эміграцыі. І горад, у якім ён жыве, ня будзіць замілаваньня: “Гродна – гняздо пустое…” Так няўтульна ў Баранавічах пачуваецца лірычны герой Івана Лагвіновіча, чый зборнік вершатвораў “Палыновыя кветкі” я ўжо рэцэнзаваў.

У сваіх лепшых вершах Алесь Чобат элегічны і настальгічны; мысьленьне ў яго асацыятыўнае.

не відаць за імглою
ці Сад Гефсіманскі ці той
скарчавалі які над малою ракой
імя якой – Котра.

Мы памятаем, што ў Гефсіманскім садзе Збавіцель маліўся пасьля Апошняе Вячэры. Гэты сад на Котраю – таксама месца малітвы, калі памятаць, што маўклівая праца садоўніка ёсьць свайго роду малітва. Асацыяцыі будзяць і радкі, у якіх сустракаем вобразы сякеры і вяроўкі: адразу згадваюцца эвангельскія словы пра сякеру, што ляжыць пры корані дрэва, а таксама вяроўка, якою засіліўся Юда.

Адзначыўшы мімаходзь, што Алесь Чобат іншы раз занадта ўскладняе асацыятыўны шэраг (напрыклад, у вершы “Пустыня”), што ў некаторых вершах ён няўважлівы да граматыкі, зьвернем увагу і на тое, што паэт, бывае, спадзяецца на здагадлівасьць чытача і таму абыходзіцца намёкамі. Так, у цытаваным ужо вершы “Сьветлая льецца ніць” лірычны герой кажа людзям патомным: “Тых не забудзьце вершы, хто Чатырох за Першым”. Тут спынісься і задумаесься, пакуль не згадаеш: Першы – Ісус, а Чатыры за ім – гэта эвангелісты. З панталыку зьбівае слова “вершы”. Тут (і ня толькі ў Чобата) мы маем справу зь не зусім дакладным перакладам на беларускую мову славянацаркоўнага слова “стих”, якое належыць перакладаць як “радок”, але чамусьці ўсе перакладаюць як “верш”.

Смутак у вершах Алеся Чобата бывае амаль змрочны, але бывае і сьветлы, і нават з доляй гіроніі – як у вершы “Спамін”. Падлетак глядзіць, як Створца майструе сьвет. І гэты сьвет –

вечны як Слова
як павучок на залатой нітцы
пад белым небам Айчыны
як цень хмаркі над сьпелым полем
як цень дажджу над подыхам кветак,
як апёк навальніцы

І ёсьць Рай на зямлі. Ня штодзень, але ёсьць – як у цётак зь вёскі Няцеча, да якіх прыехаў ксёндз і дапамог аднавіць касьцёл. Людзі жывуць, надрываюцца, хварэюць, паміраюць. І цёткі разважаюць: “Па сьмерці няведама што будзе, а тут штонядзелі выбіраемся, як на сьвята”. І хто яшчэ адчыніць ім Зямны Рай, як ня ксёндз з Наваградку? – пытаецца паэт.

На гэтай аптымістычнай ноце і скончу свае нататкі пра новы зборнік Алеся Чобата.