У Варшаве адбылася прэсавая канфэрэнцыя кіраўнікоў тэлеканалу “Белсат” і “Радыё Рацыя”, якія вядуць вяшчаньне з тэрыторыі Польшчы.
Дырэктар “Белсату” Агнешка Рамашэўская расказала дзе і ў якіх гарадах былі затрыманьні і ў чыіх кватэрах адбыліся ператрусы.
Паводле сп. Рамашэўскай, усе журналісты, якія сталіся прадметам увагі КДБ, падазраюцца ў справе абразы гонару і годнасьці кіраўніка Рэспублікі Беларусь.
Галоўны абвінавачаны ў гэтай справе – Алег Мініч, аўтар сатырычных мультфільмаў, адным з герояў якіх выступае пэрсанаж, падобны да Аляксандра Лукашэнкі.
У эфіры “Белсату” сапраўды паказваліся гэтыя мульцікі, але людзі, у чыіх офісах і кватэрах быў зроблены ператрус, ніякага дачыненьня да іх ня мелі.
Сп. Рамашэўская выказала спадзяваньне, што ня толькі польскае МЗС, але і адпаведныя структуры Эўразьвязу зробіць рашучыя захады для спыненьня хвалі рэпрэсіяў супраць незалежных журналістаў у Беларусі.
Дырэктар Радыё Рацыя Віктар Стахвюк распавёў пра сытуацыю з “Рацыяй” – адзін чалавек быў арыштаваны, у шмат якіх асобаў, што супрацоўнічаюць з радыё былі праведзеныя ператрусы.
На прэсавай канфэрэнцыі прысутнічалі і прадстаўнікі Эўрапейскага Радыё для Беларусі.
Сёньня ў Польшчы ў паведамленьнях найважнейшых тэлеканалаў інфармацыя нумар адзін – сёньняшнія падзеі ў Беларусі.