Алесь Чайчыц. Трынаццаты пастарунак


Ружовы Porsche імчаўся па начной Захар'еўскай на 150 км у гадзіну. Мэгафоннае "Вельмішаноўны пане!" "Вельмішаноўны пане! Спыніце аўтамабіль!" гудзела ў галаве высокага сьветлавалосага чалавека за стырном аўтамабіля. Музыка біла па вушах, перад вачыма плылі сінія і чырвоныя блікі, запаленая цыгарэта, забытая ў руцэ на стырне, скідала попел на дарагое абшыцьце. Амаль пустая пляшка Cinzano на пасажырскім сядзеньні выплёсквала вадкасьць у такт ліхім віражам, якія аўтамабіль рабіў па пустой начной вуліцы. На перакрыжаваньні з Фэліцыянскай яму не атрымалася ўпісацца ў паварот, і на ўсёй хуткасьці яго занесла ў вітрыну зачыненай кавярні “Starbuck's”. Два гнаўшыхся за ім паліцэйскіх аўтамабіля зь мільгаючымі чырвоным і сінім сыгналамі, зь віскам тармазоў спыніліся сьпераду і ззаду ад яго.

"Мы выйдзем шчыльнымі радамі! На родны вольны свой прастор!" - словы нацыянальнага гімну громам уварваліся ў балючую галаву Кастуся Млынарскага. Высілкам ён павольна расплюшчыў вочы і ўбачыў блакітны плям тэлевізара па той бок клеткі. Пачыналася жывая трансьляцыя параду з Сымона-Аленінскай Плошчы. Паліцыянты ляніва сядзелі за сталом у некалькіх мэтрах ад клеткі, елі свае сэндвічы і запівалі каваю.

У тэлевізары хор у нацыянальных строях пеў гімн, потым паказалі натоўп народу, бел-чырвона-белыя сьцягі, дзяржаўнае кіраўніцтва ў першых шэрагах.

Убачыўшы сеўшага на лаву арыштанта, адзін з паліцыянтаў павольна адклаў сэндвіч, спакойна выцер тлустыя губы сурвэткай, абтрос крыхі з рукаў, падыйшоў да камэры. Начапіўшы на сваю коратка стрыжаную галаву фуражку з кукардай, ён ляніва паднёс руку да казырка і мэханічна прамовіў:

- Добрага ранку, пане Кастусю Фабіяне Млынарскі. Падхарунжы Нічыпар Сакалюк, муніцыпальная паліцыя места Менску, пастарунак нумар трынаццаць. Вы затрыманыя ў адпаведнасьці з параграфам 24 Крымінальнага кодэксу "Кіраваньне аўтамабілям у нецьвярозым стане", параграфам 10 "Зьнішчэньне альбо пашкоджаньне муніцыпальнае маёмасьці" і параграфам 9 "Зьнішчэньне альбо пашкоджаньне прыватнае маёмасьці". Суд па Вашай справе прызначаны на 28 сакавіка 2008 года. У адпаведнасьці з заканадаўствам, да моманту суда Вашэць будзе трыманая пад арыштам, за выняткам выпадку ўнясеньня закладу ў памеры 10 тысячаў талераў. Вашэць мае права трымаць маўчаньне, а таксама зьдзейсьніць адно тэлефанаваньне.

- Д-дайце... Тэлефон... - Кастусь усёй вагай абапёрся на сьцяну, пакуль паліцыянт прынёс яму тэлефонную слухаўку. Гукі вайсковых маршаў даносіліся з тэлевізару.

Дрыжачымі пальцамі Млынарскі тыкаў па гузках нумар. Гудкі на тым канцу праз сэкунду абарваліся бадзёрым нізкім жаночым голасам.

- Слухаю! - гаварыла Роза Срэбнік, школьная сяброўка, бізнэс-партнэр і проста "баявы таварыш" Кастуся.

- Роза, гэта Кастусь...

- Што з табою? Дзе ты?

- Я ў паліцыі... – у пакою, дзе сядзелі паліцыянты, Кастусь адшукаў вачыма дошку з фотаздымкамі злачынцаў у росшуку. Над дошкаю вісела вялізная лічба "13" - Трынаццаты пастарунак... Ня ведаю ўжо, дзе пакінуў учора партманэ і мабілу...

- Чорт. Я ведала, што гэтым скончыцца. Гэтага нам толькі бракавала. - Настала невялікая паўза, пасьля якой голас Розы загучаў больш аптымістычна і падбадзёрваючы - Кастусь, ня трэба ўпадабляцца Савошнікаву. Прынамсі ў гэтым... то бок, ані ў чым ня трэба.

- Я ведаю... - скрозь галаўны боль Млынарскі ўсьміхнуўся

- Ладна, братка. Выяжджаю па цябе, буду праз паўтары гадзіны. Спадзяюся, пасьпею раней за папарацы. Трымайся там.

Па тэлевізары ішоў парад на Дзень незалежнасьці. Калі Кастусь зноў зьвярнуў увагу на тэлепрыймач, ішлі жаўнеры элітнага асобага дэсантнага аддзелу імя Булака-Балаховіча, з чорнымі нашыўкамі ў выглядзе пірацкага "Вясёлага Роджэра" на рукавах. Афіцэры з шаблямі, шарагоўцы з амэрыканскімі аўтаматамі. За імі гарцаваў на белых канёх Кавалерыйскі Гусарскі Парадны Полк, у чырвоных мундзірах, мэталёвых шлемах і з стылізаванымі паднятымі крыламі на сёдлах. Перад кожным аддзелам - сьцяганосец з штандарам. За гусарамі на плошчы зьявіліся курсанты Сьвятагеоргіеўскага Віцебскага Расейскага Кадэцкага Корпусу, у зялёных картузах, пад праваслаўнай харугвай і штандарам зь дзьвюхгаловым арлом з гербу неіснуючай дзяржавы і дэвізам "За вѣру і отечество". Даніна памяці часткам Белай гвардыі, што нечакана падтрымалі беларусаў у 1918 годзе, гэткае жывое ўвасабленьне пячальных і трагікамічных мараў расейскай інтэлігенцыі пра свабодную краіну, якой так і не зьявілася на сьвеце.

Калёны жаўнераў маршавалі на фоне ансамбля Сымона-Аленінскай плошчы - будынкаў “менскага югендстылю”, Соймавага палацу. Потым у кадры зьяўляўся касьцёл Сымона і Алены, і калёны зыходзілі на Захар'еўскую.

Як заўсёды, паралельна з Днём незалежнасьці адзначалі Дзень беларускага адзінства 26 сакавіка. Прычым гэтым разам супалі два юбілеі: 90 гадоў Незалежнасьці і 40-я ўгодкі ўзьяднаньня БССР з БНР.

"Разьвялі ж яны тут саветчыну з сваімі парадамі. І не зразумееш, хто яшчэ каго да сябе далучыў", цяжка выціскаліся думкі ў галаве Млынарскага, гісторыка па першай адукацыі. Паліцыянты, наадварот, былі ў вялікім захапленьні ад штогодняга мілітарнага відовішча па тэлевізіі.

Пачаў выступаць высокі лысы чалавек у акулярах, з шляхотнымі вусамі і глухаватым голасам - прэзыдэнт БНР, прафэсар расейскай літаратуры доктар Станіслаў Лукашэнка. Кастусю зрабілася млосна, ён упаў на калені і пасьпеў дапаўзьці да ўнітаза перш, чым згубіць прытомнасьць.

Ён ачуняў, калі па тэлевізіі ішоў дакумэнтальны фільм. Паказвалі гістарычную хроніку, чорна-белыя кадры беларуска-беларускай вайны 1960-62 гг, вызваленьне Магілёва, падпісаньне Акту 26 сакавіка 1968 г. Нізкі мужчынскі голас за кадрам распавядаў: "У 1968 годзе, разам з канчатковым юрыдычным распадам СССР, сканчаўся сумесны пратэктарат Вялікабрытаніі і Беларускай народнай рэспублікі над былой БССР. У якасьці Смаленскага, Віцебскага і Магілёўскага ваяводзтваў Усходняя Беларусь уваходзіла ў склад Беларускай рэспублікі пасьля пяцідзесяцігадовага падзелу."

На кадрах узнагароджаньня Ўінстана Чэрчыля ордэнам Эўфрасіньнеўскага крыжа паліцыянты пераключылі на другі канал на "Лятарэю Sowoschnikoff", дзе пад грукаючую музыку вусаты канфэрансье ў безгустоўным паласатым фраку і гальштуку-матыльку пахабна жартаваў і даставаў бочачкі з нумаркамі зь меху. Нумаркі высьвятляліся на экране, паліцыянты ажыўлена сачылі за імі, лаяліся і зьвяралі камбінацыю на экране з сваімі лятарэйнымі білетамі.

Млынарскі сеў на нары і адкінуўся назад.

Справы ішлі дрэнна. Млынарскі, Срэбнік і іх кампаньёны распачалі бізнэс па раздробавым гандлі ў роднай Гародні адразу пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту. За дзесяць гадоў іх справа ад маленькай гаспадарчай крамы вырасла да сеткі зь пяці супэрмаркетаў па Чарнарускім і Палескім ваяводзтвах. Усё было добра, пакуль яны не паспрабавалі выйсьці на менскі рынак, чым перайшлі дарогу самому Вісарыёну Савошнікаву - а гэтакі ўчынак некаторым людзям, бывала, каштаваў жыцьця.

Савошнікаў, па мянушцы Барон, "увасабленьне і ікона прадпрымальніцкай эліты Беларусі ў 21 стагодзьдзі", як яго праслаўлялі падкантрольныя яму мэдыі, быў галоўным беларускім фінансавым магнатам, гарэлачным царом і хросным бацькам мажайска-смаленскай мафіі. З чырвона-жоўтых рэклямных шыльдаў гарэлкі "Vodka Sowoschnikoff" на людзей глядзеў сам заснавальнік маркі - коратка стрыжаны блакітнавокі пяцідзесяцігадовы чалавек-шкап зь сіваватымі вусамі, у дарагім строі, бездакорна белай кашулі, зь вялізным залатым пярсьцёнкам на пальцы. Спакойны, зь лёгкай усьмешкаю халодны позірк казаў, што яго ўладальнік не патрабаваў самасьцверджаньня коштам таннай вонкавай агрэсіі, але быў здольны без эмоцыяў проста ўласнаручна зьвярнуць шыю ці стрэліць у патыліцу таму, хто перад ім правініцца.

Усім у Беларусі было добра вядома пра крымінальнае паходжаньне стартавага капіталу Савошнікава і пра тое, што да сапраўднай імпэрыі ягоны брудны бізнэс вырас на кантрабандных пастаўках зброі з арсэналаў рэгулярнай арміі Маскоўскай рэспублікі карачаеўскім маджагедам, гандлю наркотыкамі і людзьмі на абшарах тонучай у анархіі тэрыторыі былой Расеі. Усе пра гэта ведалі, але ніхто ніякіх дзеяньняў па гэтым не рабіў. Геніяльная інтуіцыя, непаўторная харызма і камунікацыйныя здольнасьці Барона дазвалялі замінаць любым спробам крымінальнага перасьледу. Ён бездакорна ведаў, зь якім чалавекам трэба "папрацаваць", каб справа не атрымала шанцаў на разьвіцьцё. Людзі Савошнікава былі на ключавых пазыцыях у пракуратуры, паліцыі і судах. Сам Барон, ня гледзячы на вонкавую псэўдашляхотнасьць, быў скандальнай публічнай фігурай і бліскучым шоўмэнам, якога штомесяц затрымлівалі за п'яныя бойкі ў казіно і штрафавалі за лаянкі ў жывым этэры на тэлевізіі - праз што ён толькі набываў усё большую папулярнасьць сярод падкіх на танныя сэнсацыі беларускіх абываталяў.

Апошняй гучнай авантурай Савошнікава было стварэньне палітычнай партыі "Рух за Народны Росквіт", зь якім нахабны скандаліст-магнат меў надта добрыя шанцы атрымаць уласную фракцыю ў Сойме.

Перамовы з Млынарскім ішлі ў рэстарацыі на верхнім паверсе гатэлю "Radisson Eŭropa".

- І слушай мяне ўважліва, Косьця, - нізкі прыемны голас Савошнікава з лёгкім усходнім акцэнтам растапляў сэрцы хатніх гаспадыняў і прымушаў дрыжаць ногі старых вопытных бандытаў. - Я тлумачэхі гнаць па два разы для неразумлівых жэўрыкаў не люблю. У нас у Менску для простых людзей ужо ёсьць крамы "Гаспадар Sowoschnikoff", і таму, Канстанцін ты мой Фёдаравіч, падумай яшчэ разік, ці сапраўды табе треба адкрываць свой магазін у Менску-горадзе. Добре?

Ласкавыя блакітна-шэрыя вочы праціналі сядзеўшага насупраць Млынарскага. Утульна дымілася цыгарыла ў тоўстых пальцах Барона, ціха граў джаз-бэнд дзесьці побач у цалкам зьнятай Савошнікавым залі, баронавы ахоўнікі ў чорных строях стаялі ў кожным кутку. Кастусь адчуваў, нібы штосьці бярэ яго за горла і пачынае душыць. Ён адпіў вады.

- Я зразумеў, - вымавіў ён.

Праз тыдзень урачыстае адкрыцьцё гаспадарчай крамы сеткі "Млынарскі і партнэры" ў Менску, ня гледзячы ані на што, адбылося.

Пасьля гэтага ў Кастуся пачаўся шэраг ні з чым не зьвязаных непрыемнасьцяў.

Дом Млынарскага ў катэджным пасёлку Шабаны напаткаў моцны пажар, які не пакінуў ад будынкаў ні адзінага ацалелага месца. Менская крама сеткі Млынарскага за адзін тыдзень была тройчы абрабаваная, галоўны бухгальтар быў зьбіты невядомымі і трапіў у шпіталь. Ува ўсіх выпадках паліцыя не знайшла вінаватых.

Праз тыдзень багататыражныя менскія жоўтыя газэты групы "Sowoschnikoff Media" выйшлі зь перадавіцамі, прысьвечанымі выкрыцьцю "травіцеля Млынарскага" і сэнсацыйнымі зьвесткамі пра паходжаньне і склад прадаванага ў Млынарскага гаспадарчага клею, фарбаў і ляку. Гэтыя зьвесткі былі навіной і для ягоных тэхнолягаў і адмыслоўцаў па закупках і кантролю якасьці.

"Рух за Народны Росквіт" распачаў кампанію "За сацыяльны і дзяржаўніцкі-адказны бізнэс". Маладзёны апалітычнага выгляду пачалі бестэрміновае пікетаваньне супэрмаркету з патрабаваньнем яго неадкладнага закрыцьця. Пікет быў зладжаны на славу: тыпаграфна надрукаваныя прыгожыя транспаранты, аднолькавыя бэйсболкі, непрыкметны белы грузавічок два разы падвозіў дэманстрантам гарачую ежу.

Млынарскі і партнэры спрабавалі абараняцца, выклалі ў інтэрнэце падрабязны сапраўдны хімічны склад сваёй прадукцыі і расьпісалі вытворчы працэс па драбнейшых этапах, сюжэт паказалі па нацыянальнай тэлевізіі. Яны падавалі ў суд на дыскрэдытаваўшыя іх мэдыі, і нават выйгралі некалькі справаў пра паклёп і дамагліся публікаваньня абвяржэньняў. Агульнанацыянальныя "Наша Ніва" і "Мінскер Гешэфтсблат" разьмясьцілі грунтоўныя расьсьледаваньні-артыкулы і інтэрвію з Млынарскім.

Але іміджавую шкоду нішто паправіць ужо не магло. Па дамах усяго навакольля пачалі зьяўляцца ананімныя ўлёткі такога ж самага зьместу, як і скандальныя артыкулы. Бізнэс пачаў цярпець моцныя страты, ня толькі ў Менску, але і на старых рэгіянальных рынках. У выніку ў пятніцу 21 сакавіка менская крама Млынарскага была зачыненая назаўжды. Тры наступных дні ніхто ня мог датэлефанавацца да Кастуся, сарваўшагася ў трохдзённы алькагольны разнос.

Зьніштожаны, ён ляжаў цяпер на бруднай падлозе паліцэйскага пастарунку, у момант, калі аднекуль над ім прагучаў сталёвы голас яго сяброўкі:

- Кастусю, пайшлі.

На ляжачае на падлозе цела ў запэцканых офісных нагавіцах і парванай блакітнай кашулі спакойна глядзела стройная, спартовага выгляду брунэтка з кароткай стрыжкай, у джынсах і чорнай блузе. Абрысы твару, нібы точаныя майстрам-скульптарам з граніту, грацыёзныя плястычныя рукі, упёртыя ў бакі.

Млынарскі прачнуўся ад паўсну, чырвонымі вачыма азірнуўся навокал, не пазнаючы месца, дзе знаходзіцца. Няўпэўненымі рухамі ён узьняўся, і хістаючыся павольна пайшоў прэч з камэры, падтрыманы Розай і суправаджаны абыякава-насьмешлівымі позіркамі паліцыянтаў.

Яны селі ў аўтамабіль, і шпарка памчаліся па Дамініканскай, потым збочылі на Захар’еўскую і рушылі ў бок прадмесьцяў.

"Радыё 102.1" перадавала апошнія навіны: пра фінал чэмпіянату Беларусі па футболу, дзе берасьцейская "Палесія" перамагла барысаўскі "Довідштэрн" 3:2, пра новыя баі на кубанска-чаркескай мяжы і ўзяцьце казакамі Стаўрапаля. Упэўненым рухам Роза пераключыла на "Русскій голосъ 98.4". Сіплы голас уфімскага рокера Шаўчука прашыбаў сьлязу - "И зло на заливном коне взмахнуло шашкою. Добро, оно всегда без кулаков, трясло культяшками".

- Усё, прасплюся заўтра, і пачынаем дзейнічаць па казімерчыкаўскім пляне. - Кастусь цалкам расчыніў вакно, вецер дзьмуў яму ў твар.

- А што там у Казімерчыка?

- Ён падняў свае сувязі. На мінулым тыдні мы абмяркоўвалі зь ім гэта. Зацісьнем Барона і паб’ем яго ягонай жа зброяй.

Роза моўчкі сачыла за дарогай.

- Пан Зьдзіслаў Казімерчык гуртуе сваіх людзей. - Працягваў Кастусь. - Інстытуцкіх сяброў, былых калегаў па паліцыі з аднаго боку. Нерасьціснутых Савошнікавым менскіх і гарадзенскіх бізнэсоўцаў дзеля фінансавай падтрымкі - з другога. Унутры пракуратуры будзе бунт супраць Савошнікава

- Які можа быць бунт, калі генэральны пракурор Левін - Баронаў швагер?

- Левін ня будзе замінаць. Альбо трапіць на наступным тыдні ў аўтамабільную аварыю, ён ведае гэта.

Млынарскі дастаў з кішэні памяты пачак Dunhill. Выкалупаў адтуль адну цыгарэту, запаліў, і працягнуў:

- Потым мы перакупім найвышэйшы крымінальны суд і зацягнем туды Савошнікава за атручэньне банкіра Мінкіна.

- Ну й ну - Роза саркастычна ўсьміхнулася пасьля невялікае паўзы, - каб пасадзіць Савошнікава, вы знайшлі адно зь нешматлікіх замоўленых забойстваў у краіне, за якімі ён дакладна не стаіць?

- Ну і што, што не стаіць. Затое на яго ўжо прапрацаваная доказная база, знойдзеныя сьведкі і змантажаваны аўдыёзапіс. Ня выкруціцца гэтым разам. Савошнікаў заўжды бездакорна страхуецца пры ўласных злачынствах, але немагчыма застрахавацца ад таго, што табе прыпішуць злачынства чужое. - Кастусь пераможна ўсьміхнуўся і паглядзеў на Розу. Яна моўчкі вяла аўтамабіль, не выказваючы тварам аніякіх эмоцыяў.

- У найгоршым выпадку Казімерчык мае магчымасьці да таго, каб урэшце Савошнікаў і сам выправіўся ўсьлед за Мінкіным. Гэта, канечне, экстрэмальны запасны сцэнар. Але ў любым выпадку, з савошнікаўшчынай трэба скончыць раз і назаўжды.

Кастусь адгарнуўся да вакна, зацягнуўся цыгарэтаю. Некалькі хвілінаў яны ехалі моўчкі.

- І хто вы будзеце пасьля гэтага? - спыталася Роза ў цішыню.

- Ты пра што?

- Пра тое, якім чынам вы з Казімерчыкам сабраліся "пакончыць з савошнікаўшчынай"

Кастусь дапаліў цыгарэту, націснуў гузку адчыніць вакно, выкінуў апалак вонкі.

- Ты не разумееш, Роза. Гэта ўнікальны шанец, далей зрабіць гэта будзе немагчыма. Як табе падабаецца словаспалучэньне "прэзыдэнт Беларускай народнай рэспублікі Вісарыён Савошнікаў"?

Роза маўчала, аўтамабіль спыніўся на сьветлафоры. На Млынарскага нерухомым позіркам утаропіўся Мік Джаґер з афішы, што запрашала на менскі канцэрт разьвітальнага туру Rolling Stones.

- Я разумею, што гэта заганныя мэтады. - вуснамі Кастуся пачаў казаць Зьдзіслаў Казімерчык. - Ты мяне ведаеш, я ніколі ў жыцьці такім не займаўся і ня думаў займацца. Я мірны чалавек, законапаслухмяны прадпрымальнік, які за ўсё жыцьцё не зарабіў ані шэлега нелегальнымі шляхамі і ня даў ані шэлега хабару. Але з прагматычных меркаваньняў аб’ектыўна надыйшоў час дзейнічаць менавіта так.

- І вы сур'ёзна мяркуеце, што здолееце абгуляць Савошнікава на ягоным полі, па ягоных правілах, у ягоную гульню? Вы мяркуеце, што ён ня ведае ўжо пра вашую задуму і не падрыхтаваў вам пастку?

- Рызыка ёсьць рызыка. – Сказаў Млынарскі. – Гэта суворы сьвет, дзе няма месца літасьці і перамагае толькі мацнейшы, сьмялейшы і разумнейшы. Мы павінны спрабаваць гэта, дзеля нас, дзеля нашага бізнэсу і дзеля нашай краіны.

Яны мінулі зачынены на рэканструкцыю нэабарокавы будынак Нацыянальнай бібліятэкі, буйную аўтамабільную разьвязку, дарога адкуль збочвала ў кірунку шкляных стопавярховых хмарачосаў Менскага дзелавога цэнтру.

- І што, па-твойму, у нас будзе пасьля савошнікаўшчыны? Казімерчыкаўшчына?

- Як расправімся з Баронам, будзе грунтоўная чыстка чынавенскіх кадраў. Казімерчык зьвязаўся з Сацыялістычнай грамадой, яны рыхтуюць праграму. Створаць які-небудзь антыкарупцыйны камітэт пры Ўрадзе.

- Табе самому ня сьмешна з таго, што ты зараз сказаў?

- Добра, Роза, што ты прапануеш? - Кастусь зрабіўся раздражнёным. - Што нам рабіць?

- Я ня ведаю.

Захар’еўская вуліца паступова ператварылася ў Смаленскі тракт, а квадратычныя пяціпавярховікі па бакох дарогі зьмяніліся на ўтульныя катэджыкі з дагледжанымі садкамі. Ціхія і спакойныя менскія прадмесьці жылі сваім уласным жыцьцём: хатнія гаспадыні зь дзецьмі шпацыравалі па парках, чыя зеляніна сьмялей і сьмялей прачыналася пасьля зімы, у паветры быў чутны перазвон цэркваў. Трохмільённы горад жыў цёплым вясеньнім выходным днём.

Алушта-Масква
Верасень-сьнежань 2007 г.