Новаабраны прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў свой першы афіцыйны візыт пасьля інагурацыі найбольш верагодна зробіць у Казахстан. Пра гэта піша расейскі публіцыст Сяргей Расаў у інтэрнэт-партале “Политком.ru”.
Адна з прычынаў такога рашэньня, адзначае маскоўскі публіцыст у тым, што “Казахстан, бадай, адзіная дзяржава на тэрыторыі СНД, зь якой Расею зьвязваюць па-ранейшаму цёплыя дачыненьні, якія не абцяжарваюць палітычныя альбо эканамічныя праблемы”.
Сам Дзьмітрый Мядзьведзеў адразу пасьля перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах на пытаньне журналістаў, у якую краіну ён паедзе з першым афіцыйным візытам, адказаў: “У адну з краінаў СНД”. Шмат хто тады палічыў, што гэта будзе Беларусь. Але, падобна, што ў Менска з’явіўся моцны канкурэнт у выглядзе Астаны.