Сваякі і міліцыя ня могуць знайсьці Рамана і Вольгу Менцюкоў, якія ехалі з хуткасьцю 160 км у гадзіну 2 сакавіка па трасе Менск–Мікашэвічы. Пра гэта ўчора паведаміла “Інтэрфаксу” сястра Вольгі Алена.
Каб спыніць машыну Менцюкоў, супрацоўнікі ДАІ ўсталявалі “жывы шчыт” з аўтамабіляў зь людзьмі.
"Ужо некалькі дзён мы не ведаем, дзе знаходзяцца Раман і Вольга. Да мяне неаднаразова тэлефанавалі і прыходзілі супрацоўнікі міліцыі, якія вядуць іх пошук", – паведаміла Алена, сястра Вольгі Мянцюк.
Паводле яе, "Вольга і Раман на мінулым тыдні зьехалі з кватэры, якую здымалі ў Заводзкім раёне Менска, дагэтуль іх месцазнаходжаньне невядомае. Іх мабільныя тэлефоны не адказваюць. Апошнім разам я іх бачыла ў мінулую суботу. Яны вярнуліся ў Менск з Масквы, куды езьдзілі для ўдзелу ў перадачы", – распавяла сястра Вольгі Мянцюк.
У дачыненьні Рамана Менцюка, які 2 сакавіка ехаў з хуткасьцю 160 км/гадзіну, была ўзбуджаная крымінальная справа паводле ч.1 арт. 317 (парушэньне правілаў дарожнага руху або эксплюатацыі транспартных сродкаў) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Артыкул прадугледжвае да двух гадоў пазбаўленьня волі. Меры ўтрыманьня (падпіска аб нявыезьдзе) ў дачыненьні да спадара Менцюка не ўжывалася.