Вядомыя беларусы выказваюцца пра Дзень Волі

Мы папрасілі вядомых беларусаў, грамадзкіх дзеячаў, прадстаўнікоў інтэлігенцыі выказацца, што для іх значaць Дзень Волі і 90-я ўгодкі БНР.
Гэта быў адзін з найвялікшых актаў у гісторыі Беларусі


Беларускі асьветнік і амэрыканскі навуковец, 97-гадовы Барыс Кіт лічыць 25 сакавіка адным з найвялікшых сьвятаў у сваім жыцьці:

“Бо гэта быў адзін з найвялікшых актаў у гісторыі Беларусі — акт абвяшчэньня незалежнасьці — самае важнае і найдаражэйшае ў жыцьці кожнага народу на сьвеце. Калі я быў настаўнікам Віленскай беларускай гімназіі, то мы кожны год адзначалі 25 сакавіка, зьбіраліся ўсе, і дырэктар наш Радаслаў Астроўскі выступаў зь вялікай прамовай, а мы ўсе былі захопленыя... Мы таксама тады ў Вільні рабілі ўсё, змагаліся за беларускае імя ў Польшчы”.

Акадэмік Аляксандар Вайтовіч зазначыў, што гісторыяй БНР пачаў цікавіцца толькі напрыканцы 90-х, калі ўзначаліў Нацыянальную Акадэмію Навук.

“Лічу, што дзень 25 сакавіка павінен быць усенародным сьвятам, таму што ўпершыню за доўгія вякі была зробленая спроба, і было заяўлена аб тым, што Беларусь павінна быць самастойнай краінай. Лічу, што гэта факт гістарычны і ён павінен адзначацца шырока ў краіне”.
Безь мінулага, спадар прэзыдэнт, няма будучыні, і гістарычная памяць павінна аб’ядноўваць нацыю, а не разьядноўваць

Прадстаўніца роду Луцкевічаў Маргарыта Пярова, якая цяпер жыве ў Пецярбургу, у дзень 25 сакавіка вырашыла зьвярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі:

“Я вельмі паважаю вашыя намаганьні па зьберажэньні беларускай незалежнасьці. І нашыя дзяды, у тым ліку мой дзед Антон Луцкевіч, 90 гадоў таму змагаліся за тое, каб Беларусь была адзінай, незалежнай, самастойнай краінай. Безь мінулага, спадар прэзыдэнт, няма будучыні, і гістарычная памяць павінна аб’ядноўваць нацыю, а не разьядноўваць. І вось я думаю, якое б сёньня было сьвята, калі б людзі пайшлі па праспэкце Незалежнасьці да лепшага на Беларусі Палаца Рэспублікі, а вы, спадар прэзыдэнт, вашым вітальным словам сьвяткавалі б разам з намі 90-я ўгодкі стварэньня БНР”.

Адзін зь лідэраў мусульманскай грамады Беларусі Ісмаіл Александровіч згадаў, што беларускія татары спрычыніліся да стварэньня БНР:

“Гэта была спроба стварыць асобную самастойную дзяржаву. Тое, што не атрымалася, дык гэта такія абставіны былі... Ібрагім Канапацкі працаваў са мной, дык ягоны дзядзька быў вайсковым арганізатарам БНР, ён пра гэта расказваў, ён сам гісторык быў, больш ведаў, але ня вытрымалі ягоныя нэрвы. Ён здаў і памёр...”

Праваабаронца Алесь Бяляцкі згадвае пра тысячагадовыя карані беларускай дзяржаўнасьці, зь якіх вырасла і БНР, і цяперашняя Рэспубліка Беларусь:
Я вельмі востра адчуваю каштоўнасьць гэтага паняцьця — незалежнасьці нашага народу

“Для мяне гэта ёсьць пачуцьцё гонару і пачуцьцё нейкай дастатковасьці беларускага народу, бо ў сьвеце шмат хто ня мае гэтай незалежнасьці, і мы бачым, як зараз народы — ня меншыя, а нават большыя за нас — ня могуць гэтага дамагчыся. Таму я вельмі востра адчуваю каштоўнасьць гэтага паняцьця — незалежнасьці нашага народу”.

Гісторык літаратуры, прафэсар Іван Саверчанка кажа, што для яго юбілей незалежнасьці БНР — вялікае і ўрачыстае сьвята:

“Гэта велізарны крок, гэта падзея. Людзі, які зрабілі гэта, адчувалі сваю адказнасьць. Сябры першага ўраду БНР і ўдзельнікі Ўсебеларускага сходу — для мяне гэта людзі-падзьвіжнікі, людзі-героі, адданыя дзяржаве і свайму народу. Так што гэта вялікае сьвята для мяне, і я з задавальненьнем яго адзначаю і вельмі зьдзіўляюся, чаму гэта сёньня не сьвяткуецца на дзяржаўным узроўні. Хаця я лічу, што гэта вынік элемэнтарнай неадукаванасьці людзей, дзяржаўных асобаў. А вінаватыя ў гэтым мы, я і мае калегі-прафэсары, таму што мы не змаглі да сёньняшняга часу добра растлумачыць важнасьць гэтай падзеі”.

Беларускі сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч мяркуе, што Дзень Волі павінен аб’ядноўваць беларускую нацыю:
Гэта быў пачатак станаўленьня нашай краіны

“Гэта тое, з чаго пачалася нашая незалежнасьць, як пачалася ў падобныя часы ў 1918 годзе шмат у каго. І мы не былі апошнімі, хто абвясьціў незалежнасьць. Таму гэтае сьвята, асабліва з гадамі, мае яшчэ большы смак — у параўнаньні з афіцыйнымі сёньняшнім сьвятамі, зь бязглуздай ідэалёгіяй, якой фактычна няма ў сёньняшняй дзяржавы і якая так ці іначай усё роўна павінна будзе прыйсьці да 25 сакавіка, да незалежнасьці, да беларускай мовы, да бел-чырвона-белага сьцяга і “Пагоні”.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Ганчарык кажа, што ўсьвядоміў знакавасьць падзеі 25 сакавіка 1918 году толькі ў 2000-м, калі пачаў займацца палітыкай:

“Гэта тое зьвяно ў гісторыі нашай краіны, якое прывяло да стварэньня незалежнай цяперашняй нашай дзяржавы. Гэта такая зьява, якую трэба разглядаць не ў супярэчнасьці з Савецкай Беларусьсю і цяперашняй Рэспублікай Беларусь. Гэта быў пачатак станаўленьня нашай краіны”.