Сёньня судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Марына Дамненка пакарала адміністрацыйнымі арыштамі траіх распаўсюднікаў улётак да Дня Волі.
Сем сутак правядзе за кратамі 22-гадовы жыхар Рэчыцы Андрэй Стрыжак, па пяць – 21-гадовы рабочы Дзяніс Грамыка й студэнт Аляксандар Яшанаў.
Міліцыянты затрымалі іх у другой палове дня яшчэ 21 сакавіка. Пры кожным былі поліэтыленавыя пакеты з мноствам улётак.
У суд маладых людзей прывезьлі з ізалятара ў кайданках. Спадар Стрыжак паведаміў журналістам, што з часу затрыманьня яны ўзялі галадоўку. У адной з камэр ізалятара, дзе іх трымалі, было холадна. Доўга не было вады.
Міліцыя склала супраць маладзёнаў адміністрацыйныя пратаколы аб парушэньні парадку арганізацыі й правядзеньня масавых мерапрыемстваў.
Як пазначана ў пратаколах, 21 сакавіка на вуліцы Галавацкага ў доме № 114 маладыя людзі раскідалі па паштовых скрынках улёткі “з заклікам прыняць удзел у сьвяточных мерапрыемствах да Дня Волі і сабрацца 23 сакавіка ля ўваходу ў гарадзкі парк”.
Віну ў судзе прызнаў толькі Дзяніс Грамыка.
Аляксандар Яшанаў патлумачыў, што дапамог свайму знаёмаму Стрыжаку перавезьці на вуліцу Галавацкага важкую тэчку. Распаўсюдам асабіста не займаўся.
Андрэй Стрыжак даваць паказаньні ў судзе адмовіўся. У пратаколе, складзеным у міліцыі ў дзень затрыманьня, ён паведаміў, што ўлёткі зь віншаваньнем да 90-годзьдзя БНР і запрашэньнем прыйсьці на сьвяточныя мерапрыемствы атрымаў ад Пятра Кузьняцова.
Адабраныя ў маладых людзей пры затрыманьні 5490 віншавальных улётак судзьдзя пастанавіла зьнішчыць.