Навіны пра беларускіх палітвязьняў.
Як пачуваецца ў турме актывіст Андрэй Кім, якога пачнуць судзіць 1-га красавіка ў Цэнтральным судзе Менска? Я задаў гэта пытаньне маці актывіста Тацяне Кім. Жанчына найперш згадала, што судзіць сына будуць ў будынку, дзе ён вучыўся: у канцы 1990-х гадоў Андрэй Кім вучыўся ў Беларускім ліцэі, пазьней закрытым уладамі.
“Пра здароўе піша, што ўсё добра. Паведамляе, што заняўся літаратурнымі перакладамі з ангельскай мовы. Больш піша не пра сябе, а пра мяне. Супакойвае мяне”, – паведаміла Тацяна Кім пра Андрэя. 23-га сакавіка яна перадасьць сыну перадачу, у асноўным харчовую, адмыслова да каталіцкага Вялікдня.
“Пасха, таму ён прасіў перадаць яму кулічы, сыру, крыху каўбаскі, іншых прысмакаў. Гэтыя дні ў яго пост, а тады ўжо ён паесьць”.
Андрэя Кіма абвінавацілі з пагрозай гвалту адносна супрацоўнікаў міліцыі. Актывісту пагражае некалькі гадоў зьняволеньня.
Сьледчы не далучыў да справы Парсюкевіча вопратку са сьлядамі ягонай крыві
Актывіста прадпрымальніцкага руху Сяргея Парсюкевіча ў ізалятары наведала адвакат Вера Страмкоўская. Сяргей пачаў знаёміцца з крымінальнай справай. Сябры актывіста атрымалі ў ізалятары ягоныя рэчы, якія абарона прасіла далучыць да матэрыялаў справы. Сьледчы не прыняў гэтыя рэчы, хаця і агледзеў. Актывіст Вячаслаў Сіўчык распавядае:
“Мяркую, гэта рэчавыя доказы па справе. Адна з рэчаў разадраная, а другая ў ягонай крыві. У гэтай вопратцы ён быў 21-га студзеня ў ізалятары на Акрэсьціна”.
Нагадаем, паводле сьледзтва, у той дзень Сяргей Парсюкевіч нібыта зьбіў міліцыянта Аляксандра Дулуба, але ён заяўляе, што гэта міліцыянты яго зьбілі да крыві і нібыта ледзь не забілі. Аднак сьледзтва ня лічыць вопратку прадпрымальніка рэчавым доказам.
Да галадоўкі за вызваленьне Казуліна далучылася ягоная дачка Вольга
12-ы дзень ідзе эстафэтная галадоўка за вызваленьне Аляксандра Казуліна. У акцыі бяруць удзел ужо болей за дзесяць чалавек. Пазаўчора да галадоўкі далучылася дачка палітыка Вольга Казуліна.
“Мы дэманструем наш пратэст супроць таго, што творыцца ў краіне: перасьледу іншадумцаў, рэпрэсіяў супроць апазыцыі, наяўнасьці палітычных вязьняў. Мы супраць такіх парадкаў”.
Нагадаю, праз два дні будзе 2 гады як былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна кінулі за краты. Беларуская апазыцыя і шмат хто ў сьвеце дамагаюцца яго вызваленьня, як і вызваленьня Андрэя Кіма і Сяргея Парсюкевіча.