Менскі гарвыканкам не дазволіў ладзіць 25 сакавіка ў цэнтры сталіцы масавае сьвяткаваньне да 90-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Гарадзкія ўлады сёньня далі дазвол на правядзеньне маніфэстацыі толькі па маршруце ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор. Заяўнікі выказалі нязгоду з гэтым рашэньнем і склалі зь сябе адказнасьць за ягоныя наступствы.
У Менскім гарвыканкаме заяўнікаў сьвяткаваньня 25 сакавіка Лявона Баршчэўскага, Анатоля Лябедзьку, Мікалая Статкевіча і Анатоля Сідарэвіча сустрэлі кіраўнік ідэалягічнай управы Генадзь Курбека, намесьнікі пракурора Менску і начальніка гарадзкой міліцыі.
Паводле спадара Лябедзькі, заяўнікі былі гатовыя абмеркаваць кампрамісныя варыянты маршрутаў маніфэстацыі, выказваліся наконт гістарычнай важнасьці БНР, асаблівасьцяў цяперашняй палітычнай сытуацыі. Але іх аргумэнты не падзейнічалі на ўладны бок — было агучанае традыцыйнае ў такіх выпадках рашэньне: дазволіць збор дэманстрантаў ля Акадэміі Навук, шэсьце да плошчы Бангалор і мітынг у парку Дружбы народаў.
Лідэр АГП Анатоль Лябедзька назваў такую пазыцыю ўладаў дэструктыўнай:
“Мы не падпісваліся пад такім маршрутам, таму ад сёньня з 14 гадзіны 40 хвілін мы не зьяўляемся заяўнікамі. Але разам з тым мы сьведчым, што ў 18 гадзін 25 сакавіка як грамадзяне Беларусі мы будзем на пляцы Якуба Коласа”.
У часе дыялёгу ў гарвыканкаме намесьнік начальніка менскай міліцыі на гэта заявіў: “Я вам абяцаю, што вы будзеце ў турме на Акрэсьціна”.
Спадар Лябедзька гэтую пагрозу ацаніў наступным чынам:
“Улада хоча сапсаваць сьвята, але я думаю, што можна нават сядзець на Акрэсьціна са сьвятам у душы і сэрцы”.
Лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі кажа, што асабіста ён будзе імкнуцца рэалізаваць ранейшы плян сьвяткаваньня, напрыклад, ускласьці кветкі да помнікаў беларускім паэтам. І ўвогуле зрабіць усё, каб 25 сакавіка адзначалася ў сьвяточным, а не канфрантацыйным фармаце:
“Мы хочам, каб так было, і таму я не заклікаю да нейкіх радыкальных дзеяньняў, але нашае канстытуцыйнае права ў тым, каб адзначаць сьвята так, як мы хочам”.
Дадатковага дыялёгу з уладамі наконт фармату сьвяткаваньня 25 сакавіка не чакаецца, кажа іншы заяўнік акцыі да 90-х угодкаў БНР Мікола Статкевіч:
“Думаю, што ўсё будзе розьніцца ступеньню жорсткасьці падчас акцыі і ступеньню жорсткасьці пасьля яе. Улада вуснамі выканаўцаў прапанавала максымум, на што яна здольная”.
Паводле Мікалая Статкевіча, сёньняшні дыялёг у выканкаме пацьвердзіў, што прадстаўнікі гарадзкіх уладаў не шукалі шляхоў да кампрамісу, а выконвалі распараджэньне з прэзыдэнцкай адміністрацыі.