Эфір 15 сакавіка, субота.
ЛІТПРАЦЭС
АЛЕСЬ ПАШКЕВІЧ: “У БЕЛАРУСКУЮ ЛІТАРАТУРУ ПРЫЙШЛА ТАЛЕНАВІТАЯ АЎТАРКА”
Выдавецкую сэрыю “Бібліятэка Свабоды ХХІ стагодзьдзя” папоўніла новая кніга, аўтарка якое – старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла. Яна жыве ў Канадзе й прыехаць на прэзэнтацыю ня мае магчымасьці. Таму наша карэспандэнтка Валянціна Аксак папрасіла распавесьці пра новае выданьне старшыню Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, літаратара і дасьледчыка прозы беларускай эміграцыі Алеся Пашкевіча.
Валянціна Аксак: “Спадар Алесь, падзяліцеся сваімі чытацкімі ўражаньнямі ад кнігі “Дарога”.
Алесь Пашкевіч: “Гаворачы пра першыя ўражаньні, мне б хацелася зірнуць на кнігусама мала з трох плоскасьцяў. Найперш хачу сказаць, што ў сучасную беларускую літаратуру прыйшла таленавітая літаратарка, якая мае што сказаць чытачу і ўмее таленавіта гэта зрабіць. Празаічны мэмуарны сказ Івонкі Сурвілы эмацыйны, імпульсыўны, яе почырк пазнавальны, пазнавальны ў кантэксьце мэмуарнай беларускай літаратуры.
Кніга атрымалася ня толькі зьмястоўнай, але і грунтоўна аформленай. Гэта ня толькі проза, але і фотаальбом, які прэзэнтуе аўтарку і яе сям’ю ня толькі ў фатаздымках, але і ілюструе набытак яе як мастачкі”.
Аксак: “Гэта быў погляд чытача і літаратара. А што скажа пра кнігу Івонкі Сурвілы “Дарога” Алесь Пашкевіч як навуковец, дасьледчык прозы беларускага замежжа?”
Пашкевіч: “Кніга “Дарога” цудоўна кладзецца ў кантэкст беларускай эміграцыйнай мэмуарнай літаратуры. У розны час у беларускіх эміграцыйных выданьнях было надрукавана шмат тэкстаў, якія былі комплексна сабраныя ў 1999 годзе Лявонам Юрэвічам у зборніку “Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі”. У гэтым кантэксьце кніга Івонкі Сурвілы займае адметнае месца, але вельмі арганічна ўпісваецца ў гэты кантэкст. Назаву некаторыя кнігі, сярод якіх на кніжнай палічцы “Дарога” будзе займаць пачэснае месца. Гэта найперш мэмуарная проза Францішка Аляхновіча, раманы Ўладзімера Сядуры-Глыбіннага, Кастуся Акулы, Аўгена Калубовіча, у назвах кожнага зь якіх сымбалічна паўтараецца слова “дарога”. Яно ёсьць тым кодавым знакам беларусаў, якія прайшлі паказальнай дарогай па сваім лёсе. Кніга Яўхіма Кіпеля “Эпізоды” таксама блізка становіцца да кнігі Івонкі Сурвілы”.
Аксак: “А цяпер давайце паглядзім на кнігу Івонкі Сурвілы вачыма грамадзян краіны, якія спавядаюць ідэалы, абвешчаныя 25 сакавіка 1918 году.”
Пашкевіч: “Кіраўнікі Беларускай Народнай Рэспублікі спрычыніліся ня толькі да будаваньня незалежнай нацыянальнай дзяржавы, але і ўвекавечылі гэтае будаўніцтва ў сваіх мэмуарна-аўтабіяграфічных тэкстах. Маю на ўвазе найперш кнігі й артыкулы Вацлава Ластоўскага, Пётры Крэчэўскага, сьвежая ў гэтым кантэксьце мэмуарная кніга Сяргея Навумчыка. І маем цяпер кнігу дзейнага старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Яе кніга атрымалася ня толькі спавядальная, насычаная фактамі, шчырая, але і сьветлая. Пачынаючы ад вокладкі, пачынаючы ад сьветлай нацыянальнай ідэі, закладзенай у кнігу “Дарога”. Урэшце і падабраныя фатаздымкі сонечна ілюструюць гэтую кнігу, фатаздымкі, на якіх кіраўнік Беларускай Народнай Рэспублікі ўсьміхаецца, усьміхаецца з надзеяй і верай у сонечны, шчасьлівы лёс нашай агульнай Беларусі”.
Аксак: “І нарэшце, што скажа пра гэтую кнігу старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч?”
Пашкевіч: “Ад імя ўсяго Саюзу беларускіх пісьменьнікаў хачу шчыра прывітаць Івонку Сурвілу і, жадаючы ёй новых посьпехаў і публікацыяў, зьвяртаюся да яе з наступнай просьбай. І сакратарыят СБП, і рада СБП просяць яе быць ганаровым сябрам нашай найстарэйшай творчай пісьменьніцкай арганізацыі і з гонарам успрымуць яе згоду на гэта.”
АЎТАР І ТВОР
АНАТОЛЬ КУДРАВЕЦ: “СУМНЯВАЮСЯ, КАБ АДЧУВАНЬНЕ ЎЛАСНАЙ ВЕЛІЧЫ ДАПАМАГАЛА ПІСАЦЬ ГЕНІЯЛЬНЫЯ ТВОРЫ”
“За дальнім прычалам” – гэткі назоў мае новая кніга Анатоля Кудраўца, што нядаўна пабачыла сьвет у бібліятэчцы часопісу “Дзеяслоў”. Жанр кнігі вызначаны як “літаратурныя партрэты”. “Я не выбіраў імёнаў, яны выбіраліся самі. Яны – названыя й неназваныя – мой паром і мой прычал”, – зазначае пісьменьнік у прадмове. З многімі героямі сваёй кнігі аўтар сябраваў, таму чытач мае магчымасьць прыгледзецца да іх зблізку. З Анатолем Кудраўцом сустрэўся Міхась Скобла.
Міхась Скобла: “Спадар Анатоль, а хіба магчымая дружба ў літаратуры? Пісьменьнікі ж па прыродзе сваёй адзінаасобнікі.”
Анатоль Кудравец: “Безумоўна, адзінаасобнікі. Але толькі тады, каля садзяцца за пісьмовы стол. А па-за межамі стала
пісьменьніку дружба патрэбная, як і ўсім астатнім. Нават больш. Таму што пісьменьніцкая дружба – гэта й чытаньне адзін аднаго, знаёмства з творамі, і ўхвальнае слова, і крытычнае слова. Так што без сяброў пісьменьніку і ў творчасьці, і ў жыцьці – немагчыма”.
Скобла: “Трынаццаць вядомых творцаў сталі героямі вашай кнігі. Давайце паспрабуем даць некаторым зь іх кароткія характарыстыкі, паказаць іх галоўную сутнасьць. Пачнем з Алеся Адамовіча…”
Кудравец: “Адамовіч – партызан у час вайны, партызан пасьля вайны. Партызанская рызыка, партызанская сьмеласьць, партызанскі наскок на ўсё: на прозу, крытыку, публіцыстыку, кіно. І ва ўсім – адкрыцьці”.
Янка Брыль – беларус у Беларусі, у ім характар і слова зьліваюцца ў адно. І вялікая душэўная мяккасьць, далікатнасьць, і любоў да зямлі і яе працаўніка. Брыль – гэта раман, які яшчэ трэба прачытаць.
Васіль Быкаў – гэта ўжо беларус на вайне, над якім вісіць знак бяды. У Эўропе ды й ва ўсім сьвеце яго любяць за праўду, за гэта ж яго ня любяць дома. Ён разбурыў казку пра бязвольнага, бесхрыбетнага беларуса, а ўладам патрэбны васковы беларус.
Іван Мележ – беларус на зямлі, беларус на Палесьсі, з затоенай прадзедаўскай сілай і ўпартасьцю ва ўсім – у працы, у думках, у каханьні.
Ян Скрыган – чалавек драматычнага лёсу, калымскай высылкі, якая не замарозіла душэўную і творчую шчырасьць, адкрытасьць, імкненьне да сьвятла ў чалавеку й вакол яго.
Віктар Карамазаў – маэстра на стыку літаратуры і жывапісу. Піша кнігі і карціны. У жывапісе – па дэталях “цягне” да літаратуры, у літаратуры па шматфарбнасьці – да жывапісу”.
Скобла: “Проста афарыстычна атрымалася! У эсэ пра Адамовіча вы прыводзіце ягоныя словы: “Пасьля Шэксьпіра чалавецтва крыху больш ангельскае, пасьля Дастаеўскага й Чэхава – крыху больш расейскае”. А пасьля каго, на ваш погляд, чалавецтва крыху больш беларускае?”
Кудравец: “Найперш “дабавіў” беларускасьці сьвету Францішак Скарына. Ён пераклаў Біблію на беларускую мову й пусьціў яе па ўсёй Усходняй Эўропе. І яшчэ я б назваў імя Васіля Быкава. Па ягоных кнігах сьвет адчуў, што ёсьць Беларусь і што такое беларускі характар”.
Скобла: “Адзін з партрэтаў у вашай кнізе мае назву “Іван Чыгрынаў і ягонае “Я”. Хто памятае Чыгрынава, думаю, пагодзяцца, што й загаловак трапны, і сам партрэт – вычарпальны. А наколькі гэта трэба, каб пісьменьнік сам сябе лічыў вялікім? Гэта што, пісаць дапамагае?”
Кудравец: “Не дапамагае гэта пісаць. Я лічу сябе пісьменьнікам, але як я магу лічыць сябе вялікім?”
Скобла: “А памятаеце, у Янкі Брыля аднойчы на сустрэчы запыталі, ці ён лічыць сябе вялікім. І ён адказаў: “Лічу і цэлы век ад гэтага пакутую. Рост – 1 мэтар 90 сантымэтраў, ні абутку падабраць, ні адзеньня”.
Кудравец: “Іван Антонавіч быў сапраўды вялікім пісьменьнікам і вялікім гумарыстам. Лічыць сябе ці не лічыць вялікім – гэта залежыць ад характару й выхаваньня творцы. Сумняваюся, каб адчуваньне ўласнай велічы дапамагала пісаць геніяльныя творы. Лепш думаць не пра вялікасьць, а пра тое, як напісаць добры твор”.
Скобла: “Вы – ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (за раман “Сачыненьне на вольную тэму”). Апошнім часам у нашай краіне дзяржпрэміі па літаратуры не прысвойваюцца. Затое зьявіліся недзяржаўныя – “Залаты апостраф”, “Гліняны Вялес”, “Залатая літара”. Наколькі яны могуць замяніць дзяржаўныя ўзнагароды?”
Кудравец: “Даўней разам з прэміяй пісьменьнік атрымліваў грашовае ўзнагароджаньне. Кнігі ляўрэацкія выдаваліся-перавыдаваліся. Цяпер жа сытуацыя кардынальна зьмянілася. Дзяржаўныя прэміі калі й даюць, то людзям далёкім ад літаратуры, слабым пісьменьнікам. Гэта й сталася прычынай зьяўленьня прэмій, пра якія вы згадалі. Я лічу, што прэміі патрэбныя. І неабавязкова яны павінны быць дзяржаўныя. Прэміі патрэбныя ня так у грашовым вымярэньні, як у чыста маральным. Менавіта як грамадзкі стымул, як грамадзкая ацэнка значнасьці таго, што ты зрабіў. А кожнаму чалавеку хочацца ведаць, як людзі цэняць ягоную працу”.
АНАТОЛЬ КУДРАВЕЦ. “ГЭТА Я, ГОСПАДЗЕ…”
(З новай кнігі “За дальнім прычалам”)
У траўні 1999 году на кватэру да дырэктара Ведрыцкай школы, паэта Уладзімера Верамейчыка, зайшлі трое ў цывільным. Паказалі ордэр на вобшук. Тры гадзіны трэсьлі. Нічога не знайшлі.
А што яны маглі знайсьці? "Бомбу", якой паэт зьбіраўся ўзарваць сам сябе? Сьляды дружбы з Юр’ем Захаранкам? Адозвы "Народнага фронту"?..
Трое ў цывільным пакінулі дом. Гаспадар не пайшоў іх праводзіць.
Апошні год яго пачаў даймаць холад. Як паратунак прыйшла ідэя пабудаваць звычайны драўляны дамок з сапраўднай вясковай печчу, каб можна было легчы на чарэнь і адагрэцца. Двухпавярховы катэдж з паўхалоднымі вадзянымі батарэямі ўжо мала саграваў хворае цела паэта. Ідэя ў Верамейчыка заўсёды хадзіла побач з рэальнасьцю. Ён знайшоў такі, хоць і стараваты, дамок. Прывёз, паставіў насупраць катэджа, цераз вулку, атынкаваў знутры, зрабіў печ – вялікую, на добрую трэць дамка, прапаліў: печ грэла добра.
Заставалася няшмат: пабяліць сьцены, уцяпліць столь, зашыць вэранду і пажыць: пагрэць плечы і напісаць недапісанае... На гэта ўжо часу не хапіла.
I вось нядзеля, 26 сьнежня 1999 году. Празь некалькі дзён Новы год, новы век, новае тысячагодзьдзе. Але ўсё гэта ўжо будзе без Уладзімера Верамейчыка.
Настаўнік памірае – настаўнікамі робяцца ягоныя вучні. Паэт памірае... Але паэты ніколі не паміраюць...
I вось сам Верамейчык ляжыць перад намі. Ляжыць і маўчыць. Ён з намі і ён ужо ня з намі. Ён трымае адказ, але ўжо не перад нейкім строгім раённым начальствам, ня перад нейкай абыякавай парт’ячэйкай. Ён трымае адказ перад сваім Госпадам. Можа, таму ён такі маўклівы і такі спакойны. Маўклівы, бо гаворка з Госпадам ня просіць голасу. Спакойны, бо яму ёсьць што сказаць. Я чую іх перамову.
– А хто гэта ляжыць у такой раскошнай дамавіне – увесь збалелы, увесь учарнелы?
– Верамейчык Уладзімер, сын Міхала Верамейчыка, Госпадзе.
– Гэта той Верамейчык, што ўсё жыцьцё быў настаўнікам у Ведрычы?
– Гэта я, Госпадзе.
– Гэта той Верамейчык, што пабудаваў школу, каб людзі ведалі слова Роднае, слова Божае?
– Гэта я, Госпадзе!
– Гэта той Верамейчык, што сустрэў Чарнобыль і не збаяўся Чарнобыля?
– Гэта я, Госпадзе.
– Гэта той Верамейчык, які вучыў дзяцей любіць родную зямлю і свой народ, які напісаў: “Я хлеба апошнюю лусту свайго / Аддам роднай маці. / А зь сябрам апошнюю чарку віна / Падзелім пароўну. / Апошні аддаць пацалунак хачу / Любімай жанчыне. / Пракляцьцем апошнім таго пракляну, / Хто здрадзіць Радзіме"?
– Гэта я, Госпадзе.
– Цяпер я ведаю, чаму ты такі збалелы, такі ўчарнелы. Дык што ты хочаш ад мяне, сын Уладзімер?
– Свабоды і незалежнасьці майму народу... I яшчэ: пахаваць, як я прасіў, Госпадзе...
Я падыходжу, нахіляюся над дамавінай. Халодны лоб, халодныя рукі... Глухі стук малатка навечна зьвязвае цяжкое века з дамавінай. Зьверху на яе кладзецца бел-чырвона-белы сьцяг. Ён пакрывае ўсю дамавіну, быццам быў пашыты пад спэцыяльны заказ. Ён і быў, той заказ, на два сьцягі. Незадоўга да сьмерці Уладзімер Міхайлавіч сказаў жонцы Веры Іванаўне:
– Калі памру, хачу, каб па Ведрычы несьлі зь бел-чырвона-белым сьцягам, і хачу, каб сьцягам укрылі маю дамавіну...
Сказаў, як ён гэта ўмеў, нібыта жартам, а атрымалася вельмі сур'ёзна. Адзін сьцяг паслалі на дно дамавіны, на ім ляжаў Верамейчык. Другім накрылі дамавіну.
На тонкія жардзінкі над магілай ставяць дамавіну. Сасонкі прагінаюцца, але трымаюць цяжар. Перапляценьне вяровак... Восем мужчын прыўздымаюць дамавіну над зямлёй, і яна павольна хаваецца ў магільнай нішы, кладзецца на роўны дол. I дамавіны ўжо няма, і сьцяга няма, застаўся крыж – перасячэньне чырвонага і белага. Сыплюцца першыя асьцярожныя жмені пяску. Людзям шкода засыпаць гэтую бель, гэтую чырвань...
КРЫТЫКА
АЛА СЯМЁНАВА. “ВЕЧНАЯ ПРАГА КРЫЛА…”
Яўгенія Янішчыц. Пачынаецца ўсё зь любві. Мастацкая літаратура. Сэрыя “Беларуская паэзія ХХ стагодзьдзя. Наклад 2000. 316 стар.
Суадносіны сьвету ўяўленьняў і асацыяцый. Часам нечаканыя. Супадзеньне з думкай аўтара, якому мне даволі часта даводзілася быць апанэнтам, яшчэ часьцей – вызначацца ледзь не глёрыёграфам. У кожным выпадку пісала пра яго неаднойчы. Зь неадменнай зацікаўленасьцю. Сяргей Дубавец.
Калі ўзяла ў рукі кнігу “Пачынаецца ўсё зь любві” Яўгеніі Янішчыц, адразу згадалася яго нядаўняе эсэ пра Ігара Герменчука “Востраў Ікарыя”. Кніга Янішчыц грунтуецца на яе апошнім прыжыцьцёвым выданьні – зборніку “У шуме жытняга сьвятла”, дзе сама назва ўжо давала магчымасьць пабачыць, пачуць, увайсьці ў сутнасьць сутнага, адвечнага. Жытняе поле, аблачынкі “зьмікшавалі” палкасьць і яркасьць сонечнага дня, а сьветлата – ад высьпелага жыта, ад пяшчотна-магутнай мэлёдыі жытнёвых хваляў, ад адвечнай музыкі быцьця. Потым мы чыталі гэтыя радкі “ў кантэксьце” й знаходзілі сэнсавыя і эстэтычныя пацьверджаньні першапачатковаму ўражаньню: “І покуль дыхае плянэта, / Не вынішчаецца датла, / Душа народа і паэта / У шуме жытняга сьвятла.”
Вось над такою жытняю зямлёю – і палёт. Тут згадваецца і “Палёт над жытам” Ніны Мацяш. І тое, з чаго пачалася размова – Ікарава імкненьне да палёту, няўхільнае прыцягненьне нябеснай цьвердзі. Гэта імкненьне – як дар нябёсаў і як драма зямнога існаваньня: “Рыфмы змахну са стала, / Але не выйду з прыгнёту. / Вечная прага крыла – / Вера і сіла палёту”. Гэтая думка, гэты вобраз настойліва паўтараюцца ў вершах Яўгеніі Янішчыц: “Жыву няўтульна і няўмела / Зь нязьменнай прагаю крыла.”
І быў зроблены крок, і была пяройдзеная мяжа бясконцасьці…
Можа ўзьнікнуць пытаньне: што агульнага – апазыцыянэр Гермянчук і ўлашчаная хвалай і славай паэтка: ляўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы, удзельніца (ад імя дзяржавы) 36-ай сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН…
А агульнае – “мяне ў палёце не скарылі”. Адчуваньне гнасэалягічнай, сьвядомасна-асабістай бездані: “І выбіраюць тут. І забіваюць / На скразьняках зьнявераных эпох.”
А ўвогуле жыцьцё было размаітае, хай сабе і падначаленае найперш мастацтву. “Дзяўчынцы хочацца ў паэты, / што ў катаржанкі – дзе ж ёй знаць?” Хаця гэтую “катаргу” Яўгенія Янішчыц не прамяняла б на раскошу палацаў. Вось і ў Нью-Ёрк, на тую самую Асамблею, яна прыехала з багажом незаўважна лёгкім і заўважна важкім: “Я з сабой прывезла толькі ліру…”
Быў гэты неацэнны і сталы набытак – паэзія, былі й блізкія людзі, сябры, сяброўкі, былі й зайздроснікі… Былі й складаныя зьвівы лёсу: раздвоенасьць паміж рэчаіснасьцю і ідэаламі. Невыпадкова, мабыць, вершы прысьвечаныя Блоку, Чайкоўскаму, Лермантаву… Трагічныя кантрапункты… Хаця, здавалася б, сустракаюцца і прысьвячэнні мажорнага гучаньня: “Шапкі сьпелых траў, плячо парома, / Росныя, бы ў зорах, паплавы. / Гэты Край мне, ведама, знаёмы – / Ён такі ж чульлівы, як і Вы” (Анатолю Вялюгіну).
А раптам, зьвяртаючыся да Васіля Быкава, паэтка згадвае згадвае ягоную аповесьць “Мёртвым не баліць” і прароча абагульняе: “Ёсьць міг, калі у подзьвігу сваім / Жывыя ўсё ж зьвяртаюцца да мёртвых, / І мёртвыя адказваюць жывым”. Мне ўжо даводзілася гаварыць у “Доме літаратара”, што менавіта да нябожчыцы Жэні Янішчыц яшчэ з гэтага сьвету зьвяртаўся Анатоль Сыс: “Напішыце верш мне пра каханьне…” Галоўны наш суд там, але тут, на зямлі, праўда за тымі, хто меў крылы, хто ведаў чары Слова, чый дух – жывы.
“Паэзія – яна ня знае тлену, / Калі ў душы ёсьць прыгаршчы сьвятла”.