“Людзі ходзяць у крамы, як у музэй: паглядзець можна, а набыць немагчыма...”

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 19 сакавіка 2008 году


Мы працягваем атрымліваць водгукі на скандальнае здарэньне, што адбылося на пачатку сакавіка на Слуцкай шашы пад Менскам. Каб затрымаць нецьвярозага кіроўцу, які не рэагаваў на каманды міліцыі, інспэктары ДАІ стварылі з прыватных аўтамабіляў “жывы шчыт”. Пры гэтым вадзіцелям і пасажырам, сярод якіх была трохгадовая дзяўчынка, міліцыянты загадалі заставацца ў аўтамабілях.

Вось што мяркуе наконт гэтага наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў. У сваім лісьце на “Свабоду” ён піша:

“Інцыдэнт з ДАІ — гэта ўсяго толькі мэтастаз, ня больш. Праява злаякаснай пухліны, якая знаходзіцца зусім у іншым месцы дзяржаўнага арганізму. Сьмяротна хворая нашая ўлада ў цэлым.

У якасьці рэпрэсіўных інструмэнтаў выкарыстоўваюцца ўжо ня толькі міліцыя, КДБ, АМОН, спэцназ, ДАІ, пракуратура, суды, але рэктараты ВНУ, беларускае войска, школа, падатковыя інспэкцыі, адміністрацыі прадпрыемстваў. Дзяцей — як хлопцаў, так і дзяўчат, — зьбіваюць прылюдна на плошчах, кідаюць у турмы зь невыноснымі ўмовамі, выдатнікаў выключаюць з ВНУ за палітычныя погляды, хворых забіраюць у войска, адбіраюцца без тлумачэньняў няшчасныя жабрацкія і сіроцкія льготы.

Нашыя грамадзяне (заўважу — самыя разумныя і таленавітыя!), асабліва моладзь, вымушаныя масава зьяжджаць за мяжу ў пошуках прыстойнага заробку. У сэрцах людзей улада імкнецца пасяліць зло, непрыязнасьць і нянавісьць адзін да аднаго
,— піша ў сваім лісьце на Свабоду Кастусь Сырэль з Вушачаў. —

“Падзяляй і ўладар” — гэты прынцып выкарыстоўваецца ўладай па-майстэрску. Яна падзяліла на дзьве паловы ня толькі Саюз пісьменьнікаў, але нават каталікоў, адзінства якіх здавалася непарушным (гэта ўжо вышэйшы пілятаж!). Яна нацкоўвае грамадзтва на прадпрымальнікаў, распаўсюджваючы плёткі пра іх нядобрасумленнасьць (быццам так званы “дзяржаўны гандаль” — прыклад добрасумленнасьці). Няўжо ўлада забылася, што прадпрымальнікі — гэта былыя інжынэры, настаўнікі, рабочыя, лекары, якіх яна, улада, у свой час не забясьпечыла працай, не дала прыстойны заробак, гарантаваны Канстытуцыяй?

...Не разумею, чаму дагэтуль міністар Навумаў разам з галоўным даішнікам краіны не падалі ў адстаўку? Чаму прэзыдэнт краіны дагэтуль не адхіліў абодвух ад пасадаў, а заадно і начальнікаў абласной ды раённай ДАІ? Чаму ня ўзбуджана крымінальная справа па факце прычыненьня шкоды маёмасьці і здароўю грамадзян? Дык што атрымліваецца — можа, трэба вінаватых ордэнамі ўзнагародзіць ці хаця б галовы ім ялеем ды ладанам намазаць?

І нарэшце, — ці абароненыя мы ад самавольства і самадурства ня толькі ДАІ, а наагул дзяржаўных чыноўнікаў? Я лічу, што не. З намі яны могуць зрабіць што заўгодна, пачынаючы ад кіраўніка дзяржавы і канчаючы сяржантам ДАІ. І робяць, таму што дзейснай абароны ад іх няма”,


— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Кастусь Сырэль з Вушачаў.

Заўважу, спадар Кастусь, што крымінальная справа адносна супрацоўнікаў ДАІ Кастрычніцкага раёну Менску ўрэшце ўсё ж распачата — паводле абвінавачаньня ў злоўжываньні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Праўда, адбылося гэта толькі праз два тыдні пасьля здарэньня — калі інцыдэнт, дзякуючы недзяржаўным мэдыям, стаў шырока вядомы і выклікаў вялікае абурэньне ў грамадзтве.

Пра парлямэнцкія выбары, якія маюць адбыцца ў Беларусі ўвосень, піша нам у сваім лісьце Алесь Марціновіч з Баранавічаў. Ён разважае пра тое, якую тактыку абяруць падчас гэтай выбарчай кампаніі апазыцыйныя сілы (цытую ліст):

“На гэтых выбарах беларускім дэмакратам выгадна палявець: гэта значыць, зь лічбамі ў руках даказаць карупцыйную сувязь чыноўнікаў і прадпрымальнікаў. Напрыклад, чаму ў чыноўніка з заробкам 2 мільёны рублёў за месяц — катэдж за паўмільёна даляраў і аўтамабіль за 30 тысяч?

Ня трэба шкадаваць і прадпрымальнікаў: паказаць, чаму ўладальнік невялікай фірмы з агульным даходам за гады існаваньня 50 тысяч даляраў маёмасьці мае — на мільён? Дзеля гэтага ўжо цяпер, увесну, трэба стварыць своеасаблівую спэцслужбу і банк дадзеных. Тады можна будзе выступіць на выбарах зусім у іншай вагавай катэгорыі. А значыць, зацікавіць абываталя, мець вагу, каб патрабаваць перавыбараў і атрымаць моцную пазыцыю на вясну 2011 году. Натуральна, гэта трэба паведамляць па акругах, каб людзі ведалі, якія справы робяцца ў іх пад носам.

Пакуль жа ў абыватальскіх колах Беларусі лёзунгі апазыцыі ўспрымаюцца часта як хітрыя абяцаньні групоўкі палітыкаў, якія самі хочуць дарвацца да ўлады і нахапаць як мага болей”,


— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Алесь Марціновіч з Баранавічаў.

Праблема ў тым, што доступ да такой інфармацыі ва ўмовах Беларусі вельмі абмежаваны. Фармальна высокапастаўленыя чыноўнікі і дэпутаты павінны дэкляраваць сваю маёмасьць, і гэтыя зьвесткі нібыта не сакрэтныя. Але ў сапраўднасьці, калі справа даходзіць да праверак, выяўляецца, што катэдж за мільён даляраў, у якім жыве чыноўнік, запісаны на ягоную 90-гадовую бабулю, а навюткі “Джып”, на якім ён езьдзіць, набыў ягоны пляменьнік-студэнт.

Наша слухачка Ганна Коменч зь Ліды свой ліст на “Свабоду” напісала пад уражаньнем ад апошніх драматычных падзеяў, якія давялося перажыць сям’і палітвязьня Аляксандра Казуліна. Спадарыня Коменч піша:

“Наш усенароднаабраны прэзыдэнт Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка, на маю думку, павінен зразумець, у якой складанай сытуацыі апынуўся Казулін. Нават калі закон не дазваляе яго амніставаць, то ўсё ж трэба яму дараваць і вызваліць з турмы. У прэзыдэнта таксама ёсьць сям’я, дзеці, унукі. І жонка, хоць яна і ня блізка. Ён павінен разумець, як цяжка было паміраць Ірыне ў самоце, далёка ад каханага чалавека.

Калі я праз “Свабоду” даведалася, што Ірына памерла, у мяне сьлёзы ліліся градам. 15 год таму я сама перажыла сьмерць мужа, засталася адна з маленькімі сыночкамі на руках.

Усё ж трэба ў нашым жыцьці нешта мяняць у лепшы бок. Бо нядобра гэта, калі людзі ходзяць у крамы, як у музэй: паглядзець можна, а набыць немагчыма, бо няма за што”,


— напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” Ганна Коменч зь Ліды.

Аляксандар Казулін ня лічыць сябе вінаватым і адмаўляецца пісаць на імя Аляксандра Лукашэнкі просьбы аб памілаваньні. Але гэта ў беларускіх умовах ня ёсьць істотнай перашкодай для датэрміновага вызваленьня. Нагадаю: асуджаны паводле абвінавачаньня ў зьнявазе прэзыдэнта апазыцыйны актывіст Андрэй Клімаў таксама адмовіўся пісаць лісты з пакаяньнем. Яго вызвалілі безь ніякіх просьбаў, у адпаведнасьці з адмысловым указам Аляксандра Лукашэнкі.

Ліст нашай слухачкі Галіны Александроўскай з Магілёва, якая разважае пра вынікі нядаўніх прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі. Яна піша:

“Цікава, з чаго сьмяяліся Пуцін зь Мядзьведзевым у рэстаране пасьля галасаваньня? Відаць, ім сьмешна было назіраць за тымі падманутымі і напалоханымі людзьмі, якія апантана беглі галасаваць за іх. Чаму так радаваліся бяззубыя старыя, якім паабяцалі салодкае жыцьцё пасьля 2020 году? Няўжо яны разьлічваюць, што дажывуць да таго часу?

У свой час Барыс Ельцын, прызначыўшы Пуціна сваім пераемнікам, выкапаў глыбокую яму, у якую былі кінуты і свабодныя выбары, і свабода слова, і дэмакратычныя пэрспэктывы Расеі.

Калі я чую, што перамог Мядзьведзеў, то пытаюся: “Каго ён перамог?” Можа, Багданава? Гэта ж проста сьмешна. А Зюганаў і Жырыноўскі — гэта проста два джыны, якіх даўно пара загнаць назад у бутэльку, як мага мацней закаркаваць і выкінуць на сьметнік гісторыі, каб не дурылі галавы грамадзянам Расеі і СНД”,


— напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” Галіна Александроўская з Магілёву.

Расейскія выбары атрымалі супярэчлівыя ацэнкі з боку міжнароднай супольнасьці. Аднак, пры ўсіх відавочных хібах, Уладзімер Пуцін дзеля захаваньня сваёй улады не наважыўся ісьці шляхам, які праклалі Аляксандар Лукашэнка і сярэднеазіяцкія лідэры. У Расеі Канстытуцыю не пераглядалі і пажыцьцёвае прэзыдэнцтва ня ўводзілі.

На заканчэньне — кароткі ліст ад Барыса Руцько зь Менску. Слухач адгукнуўся на нядаўні арышт у Тайляндзе расейскага грамадзяніна Віктара Бута, якога лічаць адным з найбуйнейшых прыватных гандляроў зброяй у сьвеце. Барыс Руцько з гэтай нагоды піша:

“Арышт Бута — гэта ўдар ня толькі па нелегальных гандлярах зброяй, але і па многіх уплывовых асобах у Расеі, дый у Беларусі. Сяго-таго, напэўна, хапілі дрыжыкі, калі стала вядома пра гэты арышт. А вось для амэрыканскіх уладаў гэта — відавочны посьпех, які здольны нават адбіцца на выніках восеньскіх прэзыдэнцкіх выбараў. Бут — гэта пэўнага кшталту казырная карта ў руках Белага дому. І хто б мог падумаць, што самы хітры мафіёзі, якога ніхто ня мог злавіць, у рэшце рэшт будзе арыштаваны”,

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Барыс Руцько зь Менску.

Да напісанага слухачом дадам, што пракуратура ў Нью-Ёрку вінаваціць Віктара Бута ў спробе прадаць партыю зброі на некалькі мільёнаў даляраў калюмбійскім паўстанцам з арганізацыі ФАРК, якую ЗША лічаць тэрарыстычнай. Паводле амэрыканскіх законаў, Буту і ягонаму дзелавому партнэру Андрэю Смуляну пагражае да 15 гадоў зьняволеньня. Раней Віктар Бут фігураваў у скандальнай кнізе “Нашествие”, якая выйшла ў Расеі. У ёй сьцьвярджалася, што Бут прадаваў зброю ў афрыканскія краіны і празь Беларусь.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by