“Ноў-хаў Дня Волі – агульнанацыянальная дыктоўка”

Госьць ранішняга эфіру “Свабоды” -- сябра Нацыянальнага аргкамітэту ў сьвяткаваньні 90-х угодкаў БНР намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч.

Ганна Соўсь: “Вядома, што сёлета правядзеньне акцыі з нагоды Дня Волі плянуецца па новым маршруце. Якая самая апошняя інфармацыя? Ці атрыманы дазвол менскіх уладаў?”

Віктар Івашкевіч: “Забароны на гэты маршрут няма, урэшце, як і дазволу. Я думаю, што афіцыйны адказ улады дадуць сёньня ці 20 сакавіка. Аргкамітэт вырашыў, што мы будзем зьбірацца 25 сакавіка а 18 гадзіне на плошчы Якуба Коласа каля прыступкаў філярмоніі.

Гэта ня новы маршрут, такі маршрут быў ў 1999 годзе
І пачакаўшы людзей хвілінаў сорак, мы ўскладзем кветкі да помніку Якубу Коласа. Потым пойдзем па праспэкце да помніку Янкі Купалы, дзе таксама ўскладзем кветкі. Потым далей па праспэкце да вуліцы Валадарскага, дзе ўскладзем кветкі да будынку, дзе была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка.
Далей па Валадарскага ўніз да помніку Міцкевічу, і адтуль па Багдановіча, Гарадзкі Вал і вуліцы Купалаўскай да помніку Багдановічу, каля якога адбудзецца невялічкае дэклямаваньне вершаў Максіма Багдановіча, ускладаньне кветак і завяршэньне гэтага ўрачыстага шэсьця. Дарэчы, гэта ня новы маршрут, такі маршрут быў ў 1999 годзе”.

Соўсь: “Як з Вашага гледзішча, якая акцыя апазыцыі з нагоды Дня волі была найбольш пасьпяховай?”

Івашкевіч: “Я лічу самай ўдалай, калі ў 1992 годзе ў опэрным тэатры было ўрачыстае паседжаньне з нагоды 25 сакавіка, у якім прымаў удзел кіраўнік дзяржавы Станіслаў Шушкевіч, прадстаўнікі Рады БНР, эміграцыі, прадстаўнікі розных дэмакратычных партыяў, дэпутаты парлямэнту. І вось тое паседжаньне дало штуршок да таго, што беларускія патрыёты і сябры БНР пачалі пісаць падручнікі для беларускіх школаў, адкрываліся паўсюль беларускамоўныя клясы. На жаль, той працэс быў перапынены ў 1994 годзе, але я думаю, што хутка ён адновіцца”.

Соўсь:
“Давайце вернемся да сёлетняга сьвяткаваньня 90-х угодкаў БНР. Яны не абмяжоўваюцца выключна вулічнай акцыяй 25 сакавіка. Раскажыце, калі ласка, пра асноўныя мерапрыемствы і імпрэзы з нагоды гэтай даты”.

Івашкевіч:
“Галоўнае ноў-хаў сьвяткаваньня Дня Волі – гэта правядзеньне агульнанацыянальнай дыктоўкі. Ініцыятарам яе быў палітоляг Уладзімер Падгол. Узяў ён гэтую ідэю ад літоўцаў, палякаў і французаў, якія праводзяць такія ў сваіх краінах ужо ня першы год . Падумалася, што калі гэтыя нацыі клапоцяцца пра захаваньне сваёй мовы падчас глябалізацыі, то нам, беларусам, тым больш трэба пераймаць такі вопыт.

Ужо пайшлі даволі шырокія публікацыі пра тое, што прайшла 15 сакавіка першая дыктоўка з удзелам дыпляматаў, акрэдытаваных у Беларусі. Ужо адбылася такая дыктоўка ў Віцебску, і 23 сакавіка ў Менску ў сядзібе Таварыства беларускай мовы і ў сядзібе Партыі БНФ таксама адбудуцца гэтыя дыктоўкі.

Сход прыхільнікаў беларускай незалежнасьці ператвараецца ня проста ў урачыстыя пасядзелкі, а ў агульнанацыянальную акцыю
Я ведаю, што гэта зьбіраюцца зрабіць у Салігорску, у Гародні. У прынцыпе мэханізм вельмі просты. Сабраліся людзі, прыхільныя беларускай ідэі , пачыталі беларускія вершы, дэманстратыўна напісалі дыктоўку на тэкст прадмовы да зборніка Францішка Багушэвіча “Дудка беларуская” і адсьвяткавалі гэты дзень.

І такім чынам сам сход прыхільнікаў беларускай незалежнасьці ператвараецца ня проста ў урачыстыя пасядзелкі, а ператвараецца ў агульнанацыянальную акцыю пры ўмове, вядома, калі гэта будзе зафіксавана на фота, і інфармацыя пра гэтае паседжаньне патрапіць у незалежныя СМІ”.