“Малады Фронт” заявіў пра выхад з Аб’яднаных дэмакратычных сілаў і адклікаў сваіх прадстаўнікоў з Палітычнай рады АДС.
Сойм “Маладога Фронту”, які прайшоў 16 сакавіка, таксама заявіў пра неабходнасьць стварэньня правацэнтрысцкага блёку дэмакратычных арганізацыяў, мэтаю якога будзе яднаньне правых і цэнтрысцкіх сілаў. Ці можа гэта крок Маладога фронту прывесьці да развалу АДС? Наколькі рэальна напярэдадні парлямэнцкіх выбараў стварыць асобную правацэнтрысцкую кааліцыю?
За гэтым дэмаршам моладзі адчуваюцца настроі, і даволі рашучыя больш сталых апазыцыйных лідэраў
На гэтыя пытаньні адказвае палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі
Цыганкоў: "Наколькі сур’ёзным знакам для АДС можа служыць гэты крок “Маладога Фронту”. Я б не выключаў, што маладыя палітыкі кансультаваліся з іншымі, старэйшымі калегамі..”
Класкоўскі: "Сапраўды, гэта сымптом, які кіраўніцтву АДС ня варта ігнараваць. Бо за гэтым дэмаршам моладзі адчуваюцца настроі, і даволі рашучыя больш сталых апазыцыйных лідэраў. У прыватнасьці, я думаю, невыпадкова Наста Палажанка ў сваім камэнтары ўзгадала Аляксандра Мілінкевіча – але можна назваць і іншыя прозьвішчы палітыкаў, якія ня надта задаволеныя хадою спраў у АДС.
І тут два аспэкты. З аднаго боку, мы бачым працяг барацьбы за перафарматаваньне апазыцыйнага палітычнага поля. І гэта трошкі прыкра, бо працэс здаецца бясконцым.
З іншага боку, гэты мікракрызыс – паколькі крытыка цалкам абгрунтаваная – можа падштурхнуць АДС да болей дзейсных мэтадаў працы”.
Цыганкоў: “Але гучала і крытыка пэрсанальная на адрас Сяргея Калякіна – маўляў, ён цяпер усім кіруе у АДС. Наколькі вам здаюцца абгрунтаванымі гэтыя папрокі?”
Класкоўскі: “Тэма ўвогуле, ня новая. Калі зазірнуць на Інтэрнэт-форумы, то там даўно шугаюць дыскусіі пад умоўнай назвай – “Ці варта нацыянальным сілам ладзіць палітычныя хаўрусы з “нашчадкамі таталітарнай ідэалёгіі”. Але тое, што дапушчальна на Інтэрнэт-форумах, тое ня могуць сабе дазволіць рэальныя палітыкі. Бо рэальная палітыка – гэта мастацтва магчымага, і трэба разумець, што ў чорна-белых беларускіх палітычных умовах мусіць быць адзіны апазыцыйны кулак”.
Цыганкоў: “Малады Фронт заклікаў да стварэньня правацэнтрысцкай кааліцыі – напярэдадні парлямэнцкіх выбараў.Наколькі гэтая ідэя дарэчная і ці можа яна быць увасобленая?”
Класкоўскі: “Я думаю, гэта важна для самаідэнтыфікацыі ўнутры апазыцыйнага лягеру. Але калі глядзець вачыма электарату (а на выбарах трэба ж глядзець вачыма выбарнікаў) то ён успрымае проста – за Лукашэнку ці супраць. Трэба думаць пра палітычныя тэхналёгіі, пра рэальныя перамогі, а не пра віртуальную барацьбу”.