У "Доме літаратара" Лявон Баршчэўскі, Аксана Данільчык, Ганна Кісьліцына

Эфір 8 сакавіка, субота.

ЛІТПРАЦЭС

ЛЯВОН БАРШЧЭЎСКІ: “МНЕ ЦІКАВА СКЛАДАЦЬ СЛОЎНІКІ”

Лявон Баршчэўскі склаў і выдаў дваццацівасьмімоўны беларуска-лацінска-эўрапейскі слоўнік. Сусьветная лінгвістыка ня мае падобных аналягаў. Унікальнасьць выданьня яшчэ і ў тым, што беларуская мова прадстаўленая ў ім у абодвух правапісных варыянтах – клясычным і наркамаўскім. Слоўнік выйшаў асобнымі выданьнямі: адмыслова для замежных карыстальнікаў і для тых, чыя родная мова беларуская. Гэтай працай знаны перакладчык, пэдагог і палітык адзначыў сваё пяцідзесяцігодзьдзе. Зь юбілярам размаўляла наша карэспандэнтка Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Спадар Баршчэўскі, дзякуючы вашай фантастычнай працы мы ўпершыню ў гісторыі айчыннага мовазнаўства маем беларуска-лацінска-эўрапейскі слоўнік. Калі вы яго задумалі і колькі часу патрацілі на складаньне?”

Лявон Баршчэўскі
: “Задума ў мяне ўзьнікла ў пачатку 2004 году, калі адно расейскае выдавецтва замовіла мне зрабіць нарвэска-расейскі й расейска-нарвэскі слоўнік – трэба было зарабіць на жыцьцё. І я тады вырашыў адразу ж паралельна рабіць яго беларускую вэрсію. Потым я падумаў, што калі зраблю беларуска-нарвэскі слоўнік, то гэта ня вырашыць ніякай праблемы, што ў нас зь беларускае на замежныя мовы няма перакладзенай нават базавай лексыкі. І я вырашыў рабіць адразу беларуска-шматмоўны слоўнік. Спачатку я думаў пра дваццаць тры мовы, потым захацеў дадаць яшчэ ісьляндзкую, харвацкую і лацінскую. Лацінскую таму, што гэта – агульнаэўрапейская спадчына духоўная, юрыдычная.

Яшчэ адным штуршком да працы было, дарэчы, тое, што ў пачатку 2004 году, калі я быў у Празе, то мяне ў кнігарнях там уразіла, што ў іх ёсьць і чэска-суахілі слоўнік, і чэска-кітайскі, ня кажучы ўжо пра ўсе чэска-эўрапейскія слоўнікі. Я падумаў: колькі гадоў трэба беларусам, каб дагнаць чэхаў? Вось так у сярэдзіне 2004 году я і пачаў працаваць над гэтым слоўнікам”.

Аксак: “Спадар Лявон, вядома, што да вашага дваццацівасьмімоўнага слоўніка падобных выданьняў яшчэ не было, то мо й патрэбы ў такіх шматмоўных слоўніках няма? На каго разьлічанае такое выданьне?”

Баршчэўскі: “Я хацеў засьведчыць узровень беларускай мовы, што яна вартая таго, каб хаця б базавы слоўнікавы запас быў перакладзены на як мага большую колькасьць моў. Гэты слоўнік у першую чаргу трэба разглядаць як дапаможнік для тых, хто за мяжой зацікавіцца беларускай мовай і захоча атрымаць яе азы. Там ёсьць элемэнтарныя зьвесткі з граматыкі, словаўтварэньне, ёсьць узорныя сказы з сынонімамі, супастаўленьне іх, паводле якіх можна вучыцца чытаць па-беларуску, вымаўленьне. Гэта фактычна слоўнік-падручнік”.

Аксак: “На колькіх з уключаных у слоўнік мовах вы вольна гаворыце? Ці прыдаецца вам гэта ва ўмовах пэўных абмежаваньняў міжнародных кантактаў?”

Баршчэўскі: “Цяпер ключом да ўсякіх міжнародных кантактаў зьяўляецца ангельская мова, якой я дастаткова добра валодаю. Звычайна кантактую на ёй, таму што нават мае апанэнты, для якіх іншыя мовы родныя, яны выбіраюць ангельскую.

У мяне быў даволі цікавы выпадак, калі я быў яшчэ дэпутатам Вярхоўнага Савету XII скліканьня. На Эўраатлянтычнай асамблеі ў Варшаве Януш Анышкевіч, які быў тады міністрам абароны Польшчы, выступаў па-ангельску. Я задаў яму пытаньне па-польску, а ён мне пачаў адказваць па-ангельску... Але калі даводзіцца, то магу гаварыць яшчэ на дзясятку моваў”.

Аксак: “Перад унікальным слоўнікам з вашай лёгкай рукі былі дзьве таксама ўнікальныя кнігі – “Літаратура ад старажытнасьці да пачатку эпохі рамантызму”, што выйшла ў 2003 годзе, і “Беларуская літаратура і сьвет”, якая выйшла летась. А яшчэ раней – сотні перакладаў на беларускую твораў эўрапейскае і антычнае клясыкі. У якой іпастасі вам самому хочацца быць найперш: пэдагога – і таму вы ствараеце арыгінальныя падручнікі па літаратуры, ці перакладчыка – і таму вы складаеце ўнікальны слоўнік?”

Баршчэўскі: “Я – філёляг па прафэсіі. Гэта мая галоўная спэцыяльнасьць. Я лічу сябе дастаткова прафэсійным філёлягам. Канечне, калі б у краіне было каму рабіць мноства патрэбных перакладаў на беларускую зь іншых моў, то я, напэўна, гэтым і не займаўся б. Мне цікава складаць слоўнікі – гэта маё даўняе захапленьне. Ну, але жыцьцё прымушае беларуса рабіць розныя справы: і палітыкай займацца, і слоўнікі складаць, і кніжкі перакладаць, прычым ня толькі мастацкія. Ну, калі філёзафы не перакладаюць Канта, давялося мне адзін твор яго перакладаць. Калі гісторыкі не перакладаюць манаграфіі, напісаныя замежнымі гісторыкамі пра Беларусь, бярэцца Лявон Баршчэўскі”.

Аксак: “А што вы самі сабе загадваеце зрабіць за наступнае пяцідзесяцігодзьдзе вашага жыцьця?”

Баршчэўскі: “Канечне, я хацеў бы ЭўраСлоўнік прадоўжыць праектам невялікіх кішэнных граматык. Хачу, каб у гэтым удзельнічалі іншыя філёлягі, у тым ліку й рэдактары майго слоўніка, якім я вельмі ўдзячны. Хачу запачаткаваць і сэрыю такіх кніг, прыкладам швэдзкай граматыкі для беларусаў, фінскай граматыкі для беларусаў і да таго падобных. Вось гэта хацелася б у філялягічнай сфэры зрабіць”.

АЎТАР І ТВОР

АКСАНА ДАНІЛЬЧЫК: “ПАЭТЫ НЕ ПАВІННЫ БЫЦЬ КАРЫСНЫМІ ЦІ ЗРУЧНЫМІ”


Аксана Данільчык – аўтарка дзьвюх кніг паэзіі: “Абрыс Скарпіёна” (1997) і “IL MEZZOGIORNO” (2007). Яна перастварае на беларускую мову італьянскую паэтычную клясыку й сучасных паэтаў, перакладае тэалягічныя тэксты, дасьледуе беларуска-італьянскія літаратурныя ўзаемадачыненьні. З паэткай і перакладчыцай сустрэўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Пачну нашу гутарку з правакацыйнага пытаньня: якое сьвята ў гэтым месяцы для вас галоўнае – 8 ці 25 Сакавіка?”

Аксана Данільчык: “Для мяне галоўнае сьвята – 10 сакавіка, дзень нараджэньня майго старэйшага сына і маёй мамы. Калі ж вяртацца да названых вамі сьвятаў, то ня думаю, што 25 Сакавіка можна лічыць асабістым, гэта дзяржаўная дата, якая, на жаль, пакуль яшчэ не заняла належнага месца ў сьвядомасьці грамадзтва. Гэта наша агульнае сьвята. Асабістае яно хіба ў тым сэнсе, што непазьбежна паўплывала і на лёс кожнага з нас. Дзякуючы гэтаму дню мы сёньня жывем у Беларусі, а не ў якой-небудзь іншай краіне.

А з 8 Сакавіка ўвогуле складана. Гэта, безумоўна, нагода для многіх мужчын падарыць любімым жанчынам кветкі, прыбраць у кватэры, прыгатаваць ежу і… атрымаць “амністыю” на цэлы наступны год. Не, лепей ужо хай робяць гэта кожны дзень, тут і цяпер, а мы за гэта ім будзем вельмі ўдзячныя. Няхай пазбаўляюцца ад сваіх патрыярхальных звычак. А на 8 Сакавіка можна наладзіць абмен падарункамі. Адно што прыемна ў гэты дзень – кветкі, кветкі і кветкі. Яно і зразумела – вясна”.

Скобла: “І адыходзяць сум і мітусьня / За край зямлі, дзе захад сонца тушыць, / І застаецца толькі цішыня / У дзьвюх асьветленых каханьнем душах”, – гэта радкі з аднаго вашага верша. Я ведаю вас даўно, і мне здаецца, што вы ўвесь час перабываеце ў стане закаханасьці. Ці я памыляюся?”

Данільчык: “У некаторым сэнсе гэта так, але ня будзем блытаць закаханасьць і радасьць. Радасьць ад жыцьця, ад таго, што ты можаш ісьці па вуліцы і раптам адчуць жаданьне бегчы, як у дзяцінстве. Ад таго, што ёсьць прыемныя, разумныя людзі, і што вакол мяне іх не так ужо і мала. Тут ёсьць рызыка заняцца гульнёй у словы, але, магчыма, для мяне больш характэрны стан каханьня, якое працягвае асьвятляць душу. У любым выпадку, я не імкнуся да стану закаханасьці, каб пісаць, мяне цікавіць жыцьцё ва ўсіх яго праявах, з каханьнем і без. Хоць з каханьнем жыць, безумоўна, весялей”.

Скобла: “Жанчыны заўсёды натхнялі мужчынаў-паэтаў на высокую паэзію. Прыкладаў можна прывесьці дзясяткі. А ці можаце вы назваць аналягічныя вершы жанчын-паэтак, прысьвечаныя нам, мужчынам?”

Данільчык: “Ты запрокидываешь голову, / Затем, что ты гордец и враль. / Какого спутника весёлого / Привёл мне нынешний февраль”. Марыну Цьвятаеву можна цытаваць бясконца. Але, на жаль, гісторыя паэзіі захавала мала станоўчых вобразаў мужчынаў. Відавочна, тут віна іх саміх: па-першае, паводзілі сябе дрэнна, а па-другое, прыгняталі жанчын усімі магчымымі спосабамі, і часу ў жанчын на тое, каб натхняцца, было няшмат. Але грамадзтва разьвіваецца, таму ёсьць спадзяваньне, што мужчына як від жывой прыроды будзе эвалюцыянаваць у пазытыўным накірунку”.

Скобла: “Вядомае выслоўе, якое належыць Гарацыю: “Паэты жадаюць быць альбо карыснымі, альбо прыемнымі”. А на ваш погляд, паэзія павінна быць найперш прыемнай ці карыснай?”

Данільчык: “Ведаеце, паэзія – як вера. Дзеля чаго чалавек верыць? Таму, што гэта прыемна? Ці таму, што гэта карысна? Калі вера мае месца з такіх меркаваньняў, то чаго тады яна вартая? Так і паэзія. Быць карыснымі і прыемнымі каму? Дзяржаве? Грамадзтву? Народу? Урэшце, гэта рытарычныя пытаньні. Паэзія проста павінна быць дзеля таго, каб, прачытаўшы верш, ты адчуў, як у цябе сьціснулася сэрца. Прынамсі, я ў паэзіі шукаю менавіта гэта і, дзякуй Богу, знаходжу.

Паэзія нікому нічога не павінна. І паэты, дарэчы, таксама. Яны не павінны быць карыснымі ці зручнымі. Адзіны клопат, які, на маю думку, павінны мець паэты ў дачыненьні да творчасьці, – культура мовы і пошукі самавыяўленьня. Так, каб ня проста сказаць, а сказаць выразна і пісьмова. Тут няма межаў для творчага росту. Ну, і сумленьне павінна быць, канечне. А ўсё астатняе – іскра Божая”.

Скобла: “У часопісе “Наша вера” вы апошнім часам друкуеце пераклады зь італьянскай паэзіі й прозы. Вы да перакладу зьвяртаецеся тады, калі сваё ня пішацца, ці пераклад для вас – гэта ўжо звыклая душэўная патрэба?”

Данільчык: “Сапраўды, цяпер у “Нашай веры” ў маім перакладзе друкуюцца “Кветачкі Францішка Асызкага”, – гісторыі з жыцьця сьвятога і яго паплечнікаў. Сьвяты Францішак – чалавек, да якога немагчыма застацца абыякавым, у якога можна многаму навучыцца. Напрыклад, таму, што ёсьць абсалютная радасьць.

А сваё пішацца незалежна ад перакладу. Проста бывае розны настрой. Я ўвогуле пішу адносна нячаста. Пераклад мне дазваляе разумець іншы сьвет, удасканальваць мае разумовыя здольнасьці. Нездарма ж я скончыла ў свой час матэматычную школу. Пераклад – як матэматыка, гэта бясконцая задача, якая патрабуе вырашэньня – часта неадкладнага. Магчыма, тут прысутнічае яшчэ адзін момант. Перакласьці – значыць зрабіць часткаю сваёй мовы. І потым, я ўпэўненая – напісанае застаецца. Я б хацела, каб у нас былі ўсе творы ўсясьветнай клясыкі. Гэта спатрэбіцца нашым дзецям і ўнукам, якія будуць хадзіць у беларускія школы і вучыцца ў беларускіх унівэрсытэтах. Бо так павінна быць”.

АКСАНА ДАНІЛЬЧЫК. З НОВЫХ ВЕРШАЎ

* * *

І мне ізноў
як Фэніксу паўстаць
у зорны вечар
над расколінай бяздоннай,
і мне ізноў
той попел пазьбіраць,
што так урэшце і ня стаў зямлёю,
мне –
распачаць зь бялюткага ліста,
забыцца ўсё і ўсё ізноў успомніць,
і – ў далячынь,
дзе болей не дастаць
ні поглядам, ні словам, ні стралою.
Так прамінуць імгненьні,
як вякі,
даруючы магчымасьць адраджэньня.
І будуць зноў дзьве мужныя рукі
падхопліваць ля самае магілы.
Што за анёл нязьведаны такі
мне пасылае словы суцяшэньня?
Перад вачыма –
новыя радкі
і птушкі сылюэт
над горным схілам.

ПЕРШЫ СЬНЕГ НА РАКАЎСКАЙ ВУЛІЦЫ

На вузкіх прыступках сыходзяцца сінія промні,
І так нерэльна, што горад пакуль існуе.
Бязмэтныя крокі мае напаўняюцца музыкай поўні,
І поўняцца музыкай сьнегу бязмэтныя рухі мае.
Ад зоркі да зоркі, ад вечнасьці і да імгненьня,
Ад песьні да суму, ад радасьці і да журбы.
Трымціць на марозе і мне пасылае натхненьне
Зялёнае лісьце засыпанай сьнегам вярбы.

МІР

Таемны замак маленства майго,
назаўжды для мяне замкнёны.
Пад тваімі мурамі сьпяць мае продкі.
На гранітным камені можна прачытаць іх імёны.
Там, дзе аблокаў велічны гмах,
завершаны ўсе двубоі.
Кожны, хто выправіўся ў апошні шлях,
абавязкова разьвітваецца з табою.
Гэта так блізка – капліца, крыжы,
вольнага ветру абдымкі...
А ты стаў цацкаю без душы,
дэкорам для чужых фотаздымкаў.

* * *

Яніне Манюк

Безыменныя гарады
застануцца за сьпінай маёю,
азірнецца спалоханай птушкай
сонны вецер з пляча цішыні,
белым пёркам душа праляціць
над халоднаю роснай зямлёю,
а замест хутароў адшукае
толькі попел і камяні.

Белым пёркам над белай зямлёй,
дзе туман адмаўляе прастору,
дзе павінен вось-вось абудзіцца
сьпеўны голас у цемры начы,
дзе вяртае сьвітанкавы змрок
успаміны пра родны пагорак,
пра мінулае шчасьце і гора,
каб хоць памяць пра іх зьберагчы.

КРЫТЫКА

ГАННА КІСЬЛІЦЫНА. У СТЫЛІ МАГІЧНАГА РЭАЛІЗМУ


Франц Сіўко. Дзень бубна. Аповесьці й прыпавесьці. Бібліятэка “Наша Ніва”. 800 асобн., 2008

Сабралася купіць “Дзень бубна” Франца Сіўка, але цуд! – кніга быццам растварылася ў кніжным моры… Вось колькі ні займаюся літаратурай, а не магу прызвычаіцца да таго, што набыцьцё беларускіх кніжак – такая праблема… Праўда, у дадзеным выпадку выдавец і распаўсюднікі тлумачылі праблему проста – раскупілі… Само слова ў дачыненьні да кнігі, на якой толькі-толькі друкарская фарба пасьпела высахнуць, гучыць дзіўна… Але і сама кніга, трэба прызнаць, настолькі дзіўная, што я не зьдзіўлюся, калі ў яе будзе нейкі адмысловы, цудоўны лёс.

На мой погляд, кнігі Франца Сіўка заслугоўваюць лепшага лёсу. І ягоныя “Ўдог”, і “Асымэтрыя” – мелі поўнае права стаць падзеяй беларускай літаратуры. Але ня сталі – праз адсутнасьць рэклямы, непаваротлівасьць крытыкі і … праз прыродную сьціпласьць, далікатнасьць аўтара.

Гэтая нейкая старасьвецкая далікатнасьць выяўляецца ва ўсім, але найперш, у мове, у стылістычнай манэры твораў, поўнячы іх ня столькі паўзабытымі словамі, выразамі, складанымі сынтаксічнымі канструкцыямі, колькі эўфэмізмамі. Цяпер, калі ня толькі мужчыны-пісьменьнікі, але і дзяўчаткі-паэткі без аніякай сарамлівасьці апавядаюць пра акалічнасьці свайго і чужога полавага жыцьця, манэра Сіўка замяняць наўпроставую гаворку вобразамі выглядае, прынамсі, кранальнай… Тым больш, што такая замена не адбіваецца на агульным мэсыджы тэксту, не вылягчае яго, не ўдае на ўяўную сарамлівасьць.

“Тугое колка абапал гумкі нагадвае абручык матчыных пяльцаў, толькі шматкроць меншы. Сама гумка гладкая, з рудаватым адценьнем. Мне чамусьці прыходзіць у голаў думка ўзьдзець яе на цьвічок збоч маціцы. Але гумка такая далікатная, такая тонкая, што мне робіцца яе шкада. Я вымаю са шпалерыны голку, якою маці звычайна зашывае бэбахі, асьцярожна праколваю гумку пасярэдзіне…”

Ня так проста выцягнуць з амаль анэгдатычнай сытуацыі пра сапсаваны сродак кантрацэпцыі сумную аповесьць пра зьнікненьне, расьцярушваньне па сьвеце моцных беларускіх родаў, як зрабіў гэта Франц Сіўко ў аповесьці “Шула-мэгаполіс”, дзе галоўны герой рушыць у вандроўку – ня столькі па дарогах суседняй Латвіі, колькі па сьцяжынах уласнай памяці. Шула, пакладзенае ў назву твора, – ня толькі “ўсёй будыніны трымач”, але, найперш, мэтафара моцнай сям’і. Прынамсі, заўвага бацькі галоўнага героя пра тое, што шулы і бэлькі сьцяны павінны быць адной пароды, прачытваецца менавіта так – запаветна…

Гэтак жа – без маралізатарства, бяз патаснасьці, наўзбоч сюжэту, ці, выкарыстоўваючы вобраз самога аўтара, “маргінальна”, – гаворыць Франц Сіўко пра страту родавай повязі ў прыпавесьці “Дзень бубна”, творы настолькі незвычайным па сюжэце, па складанасьці задумы, па ўзаемаадносінах аўтара з героямі, што яго цяжка пераказаць у двух словах. Аповесьць – пра лёс дзяўчыны-“цюхі” з Азёрнай Цюханіі, якая робіць усё магчымае, каб зацяжараць… І пра лёс самкі-вугра з той жа мясцовасьці, якая імкнецца ў акіян… Дзяўчына мае стасункі, але ня мае каханага, вугрыха – мае каханага, але не імкнецца да фізыялягічнай блізкасьці… Усё так зьмяшалася ў Азёрнай Цюханіі, што трэба быць вельмі пільным чытачом, каб не згубіць плынь сюжэту… Аднак, прынамсі, адна зь ліній гэтай пералівістай аповесьці – пра жанчыну-рыбу – не выклікае пытаньняў: у Цюханіі пазнаецца адна ўсходнеэўрапейская краіна…

“Паляваньне пачалося пасьля таго, як статак гусей выдратаваў чарговую надзею эканамічнай бясьпекі краю – гарохавае поле. Патрава здарылася сярэдначы. На дасьвецьці дажджом гусіныя сьляды змыла, і цюхі-дазорцы, якія нічога ня бачылі, бо напярэдадні перапіліся і ноч правялі ў пахмельлі, падалі начальству, што ўвесь гэты рэзрух на полі – справа вугроў. Маўляў, павыпаўзала гадаўё з возера ды і панішчыла ўраджай… Дасьледчыкі міграцыі вугроў пры ўправе ваяводы выказалі здагадку, што, хутчэй за ўсё, не абышлося бяз змыслу іншаземных варожых сілаў. Вэрсію падхапілі газэтчыкі, зь іх лёгкай рукі натхніцелькай дывэрсіі была названая даўняя непрыяцелька Азёрнай Цюханіі й асабіста ваяводы – Цюханія Прыморская, ад берагоў якой апрацаваныя адпаведнымі службамі вугры і прыплываюць… Выяву вугра тэрмінова замянілі на дзяржаўным сьцягу на выяву гарохавага струка… Усіх без вынятку, хто мог збольшага рухацца, нават стогадовых дзядкоў і нямоглых бабуляў, пазвозілі зь нератамі, венцерамі, восьцямі і іншым рыбалавецкім начыньнем да возера і загадалі пад бой бубнаў выпужваць са спратаў ды вылоўліваць гадападобных, а нязгодных адзначыцца ў справе абавязалі пад пагрозай пакараньня ў трохдзённы тэрмін памяняць разуменьне патрыятычнага абавязку грамадзяніна Азёрнай Цюханіі…”

Няма сумневу, што “Дзень бубна” можна з поўным правам суаднесьці са стылем магічнага рэалізму, у якім напісаны адзін з самых вядомых твораў Франца Сіўка – прыпавесьць “Удог”, якая таксама ўвайшла ў новую кнігу пісьменьніка.