Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.
“Я хачу сказаць, што для нас вельмі важна, каб у 90-тыя ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі тут, у Эўрапейскім Парлямэнце ў Страсбуры, па-першае, дэпутаты, асабліва заходнія, усьвядомілі, што незалежнасьці Беларусі ня некалькі гадоў, а ўжо амаль 100; што беларусы як адзін зь першых эўрапейскіх народаў пасьля (першай сусьветнай) вайны абвясьцілі незалежнасьць, і што традыцыя незалежнай Беларусі трывала гадамі ў форме Рады БНР на чужыне”.
Яцэк Пратасевіч, старшыня камісіі Эўрапарлямэнту ў справе дачыненьняў зь Беларусьсю – пра тыдзень Беларусі ў Эўрапарляменце.
“Праява зьверства”.
Джордж Буш, прэзыдэнт ЗША – пра адмову беларускіх уладаў датэрмінова вызваліць Аляксандра Казуліна, каб той змог правесьці апошнія дні разам са сваёй сьмяротна хворай жонкай.
“Сёньня мы атрымалі афіцыйнае паведамленьне з амбасады Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Менску пра тое, што амбасадар ЗША Карэн Ст’юарт пакідае Рэспубліку Беларусь і адбывае ў Вашынгтон для кансультацыяў. Падкрэсьлю, што ад’езд амбасадара ЗША адбыўся пасьля таго, як учора, 11 сакавіка, Карэн Ст’юарт была яшчэ раз запрошаная на сустрэчу ў МЗС Беларусі, дзе ёй паўторна прапанавалі кіравацца адпаведнай настойлівай рэкамэндацыяй ураду нашай краіны”.
Андрэй Папоў, прэсавы сакратар МЗС Беларусі – з заявы 12 сакавіка.
“Спачатку мы палічылі іх дэмарш рэкамэндацыяй, паколькі яны ўжылі такое слова. Мы не разглядалі іх як патрабаваньне ці ўльтыматум. Але ў аўторак мы даведаліся, што яны мелі на ўвазе, што гэта быў фактычна ўльтыматум. Паслу Ст’юарт фактычна далі 24 гадзіны, каб паехаць у Вашынгтон па кансультацыі. У выпадку адмовы яна была б абвешчаная persona non grata. І мы палічылі, што ня варта ствараць эскаляцыю канфлікту. Мы адклікалі яе на кансультацыі, каб прадухіліць вельмі драматычны крок, які беларускі бок мог бы зрабіць”.
Дэйвід Крэймэр, намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША – пра абставіны адкліканьня на кансультацыі пасла ЗША Карэн Ст'юарт.
“Палітыка Злучаных Штатаў у адносінах да Беларусі не зьмянілася… Толькі пасьля вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных без папярэдніх умоваў Злучаныя Штаты будуць гатовыя разглядаць наступныя крокі па паляпшэньні двухбаковых стасункаў”.
Карэн Ст'юарт, пасол ЗША ў Беларусі – напярэдадні свайго ад’езду на кансультацыі ў ЗША.
“Калі крызіс будзе паглыбляцца і ЗША настолькі сапсуюць адносіны зь Беларусьсю, што дыпляматычныя адносіны перастануць працаваць, тады Эўразьвязу будзе вельмі цяжка, і ён, натуральна, ня пойдзе супраць інтарэсаў Амэрыкі і насуперак Амэрыцы ня будзе нешта рабіць зь Менскам. Але адначасна я заўважаю ўсё менш жаданьня, прынамсі, старых краін Захаду, заўсёды аўтаматычна падпарадкоўвацца поглядам Вашынгтону і ісьці ў фарватэры амэрыканскай палітыкі, што рабілася Эўропай на працягу дзесяцігодзьдзяў "халоднай вайны".
Аляксандар Рар, кіраўнік адьдзелу Расеі і СНД Нямецкай рады зьнешняй палітыкі – пра беларуска-амэрыканскі дыпляматычны канфлікт.
“Пэрспэктывы ўзаемаадносін Беларусі з Эўразьвязам будуць залежаць ад самастойнасьці зьнешняй палітыкі Зьвязу ад ЗША”.
Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – падчас сустрэчы з групай брытанскіх бізнэсоўцаў на чале з дэпутатам палаты лордаў Вялікай Брытаніі Сэсілам Паркінсанам.
“Інцыдэнт адбыўся 2-га сакавіка на 8-ым кілямэтры шашы Менск-Слуцк, каля пасёлку Сеньніца. “А 21.30 на шашы мяне спыніў інспэктар ДАІ, як і іншыя аўтамабілі. Стаць на ўзбочыну не дазволілі, выйсьці з аўтамабіля таксама. І хутка – моцны ўдар у капот майго аўтамабіля. Мы ледзь засталіся жывыя. Аказалася, намі зьбіраліся спыніць нецьвярозага кіроўцу. Міліцыянты потым казалі: “Мы ня думалі, што ён не спыніцца...”
Алена Калпакова, пацярпелая ў выніку інцыдэнту, падчас якога ДАІ стварыла «жывы шчыт» з машынаў з пасажырамі, каб затрымаць парушальніка.
“Шараговыя “даішнікі” самі рызыкавалі. Яны пачалі разьбягацца, як кеглі ў боўлінгу. Я быў у шоку: чаго яны разьбягаюцца? І раптам зразумеў”.
Юры Пашкевіч, пацярпелы ў выніку інцыдэнту, падчас якога ДАІ стварыла «жывы шчыт» з машынаў з пасажырамі, каб затрымаць парушальніка.
“А “вожык” — гэта адразу чатыры колы. А адлегласьць паміж калёнай аўтамабіляў, якая рухалася вельмі насычаная ва ўмовах выходнага дня, і аўтамабілем, за якім гналіся, — 500 м. Хуткасьць аўтамабіля — ад 120 да 180 км. Колькі можна праехаць? Яшчэ ня факт, што нашы супрацоўнікі пасьпелі б гэтага “вожыка” расьцягнуць. Гэта з рызыкай для жыцьця было б зроблена. Але яны спрабавалі гэта зрабіць... Калі б я гэтага “вожыка” расьцягнуў перад усёй калёнай, 100%, што нехта б на яго наткнуўся. Утварыўся б затор, і ў людзей быў бы час выйсьці з машыны і паглядзець, што здарылася”.
“Кіроўцы, спыніўшы свае транспартныя сродкі, недакладна зразумелі сыгнал супрацоўніка ДАІ, які патрабаваў працягваць рух у напрамку Менску”.
Ігар Ваніцкі, намесьнік начальніка ДАІ – пра інцыдэнт, падчас якога ДАІ стварыла «жывы шчыт» з машынаў з пасажырамі, каб затрымаць парушальніка.
“Палітычная дзейнасьць апазыцыі мне бачыцца як дэжавю. Гэта ўсё ўжо было. І стваралі адзіны сьпіс, і стваралі адзінага кандыдата. Але адзінства так ніколі і не было. У палітычных партыяў няма той моцы, той магутнасьці, на якія можна было б разьлічваць, калі ты ідзеш на выбары. Гэта ўсё — больш віртуальная палітыка. Гэта размова на ўзроўні: тра-та-та”.
Уладзімер Нісьцюк, палітык – пра сьпіс дэмакратычных кандыдатаў, альтэрнатыўны сьпісу, сфармаванаму Аб'яднанымі дэмакратычнымі сіламі.
"Я працую на каманду. А мужчыны-палітыкі часта працуюць на свае ўласныя амбіцыі. Дэмакратычная арганізацыя ў Беларусі ня проста – арганізацыя, як у Эўропе. Гэта, па сутнасьці, другая сям’я. І трэба мець, я б сказала, нечалавечы давер адзін да аднаго, каб нашу сям’ю не разбурылі".
"Калі ідзе вайна – будучыні няма. Паглядзіце, у якім стане нашыя могілкі. Звычайныя, нават не салдацкія часоў другой сусьветнай… Могілкі ў Беларусі і ў той жа Нямеччыне? Розьніца відавочная. Таму што ў Нямеччыне мір, а ў нас у грамадзтве – вайна. Вайна ідзе ў галовах. І я працую дзеля таго, каб нягледзячы ні на што ўсе людзі Беларусі зьнялі шынялі і вярнуліся ўрэшце рэшт дамоў. Туды, дзе іх ужо зачакаліся. Будаваць мірнае жыцьцё і будучыню разам".
Вольга Карач, грамадзкі рэдактар тыдня.