Невялікі сьветлы кавалак у гісторыі народу можна параўнаць з агаркам сьвечкі - піша брытанскі “Economist”
Невялікі сьветлы кавалак у гісторыі народу можна параўнаць з агаркам сьвечкі. Ён у любым выпадку стварае камфорт у цёмным пакоі, так гаворыцца ў артыкуле брытанскага выданьня “Economist”, які прысьвечаны 90-м угодкам БНР.
Паводле аўтара артыкулу, цяперашняя Беларусь выглядае змрочнай у параўнаньні з пэрыядам 1990-1994 гадоў. Рэтраспэктыўна гэты час можна назваць росквітам беларускай свабоды.
Тое ж самае можна сказаць і пра сакавік 1918, калі Беларусь упершыню адчула смак незалежнасьці. Аднак савецкаму рэжыму ўсё ж удалося замацаваць сваю ўладу - урад БНР эміграваў напачатку ў Літву, а потым у Прагу.
Сваю дзейнасьць Рада БНР вядзе цягам дзевяці дзесяткаў гадоў. Як сьведчыць досьвед, калі ўрады ў выгнаньні існуюць, гісторыя дапамагае ім, гаворыцца ў артыкуле брытанскага выданьня.
Напрыклад, эмігранцкі ўрад Рэспублікі Польшчы ў Лёндане. Яго дзейнасьць прызнавалася Захадам з часоў другой усясьветнай вайны да апошніх дзён камуністычнага рэжыму ў Польшчы.
Эміграцыйны ўрад скончыў сваю дзейнасьць пасьля абраньня Леха Валэнсы прэзыдэнтам Польшчы і перадаў яму прэзыдэнцкія рэгаліі ад лідэра эміграцыі Качароўскага.
Прадстаўнікі эмігранцкага ўраду Усходняга Тымору вярнуліся на радзіму пераможцамі пасьля таго, як скончылася інданэзійская акупацыя. Тое ж самае тычыцца і выгнаных палітыкаў і дыпляматаў краінаў Балтыі. У 1991 годзе пра перамогу незалежнасьці ва Ўкраіне абвясьцілі лідэры заходняй эміграцыі.
Што да Беларусі, то ўрад БНР па-ранейшаму зьяўляецца “горкім сымбалічным выклікам рэжыму”, вакол якога гуртуецца беларуская апазыцыя.
Аднак, працягвае “Economist”, рэальны палітычны сьвет усё больш сур’ёзна пачынае ставіцца да прэзыдэнта Рады БНР, мастачкі з Канады Івонкі Сурвілы.
Гэтымі днямі па афіцыйным запрашэньні Эўрапарлямэнту яна разам з прадстаўнікамі беларускай замежнай дыяспары ды ўнутрыбеларускай апазыцыі знаходзіцца ў Страсбуры.
Прыхільнікі БНР, якія вымушаныя дзейнічаць ва умовах кансьпірацыі з-за страху за свой лёс і лёс сваіх сяброў, апублікавалі Зварот да міжнароднай супольнасьці. Яны заклікаюць не забывацца пра сытуацыю ў Беларусі і абараніць тых, хто зьбіраецца адзначыць ўгодкі БНР.
Тым часам, адзначае “Economist”, пэўныя зрухі назіраюцца і ў заходняй палітыцы афіцыйнага Менску. Як піша аўтар артыкулу, “Лукашэнка, гэта мовіць, фліртуе з Захадам і наіўна чакае кардынальных зьменаў у дачыненьнях. Магчыма, гэтыя зьмены ў паводзінах адбываюцца з нагоды з цяперашняга цяжкага эканамічнага становішча краіны (Расея ўздымае кошты на газ), магчыма зь нейкай іншай нагоды. Ляяльныя да БНР людзі спадзяюцца, што і ў адносінах да іх можа штосьці зьмяніцца”