Агляд сеціва
Са спасылкай на Свабоду блогер czalex у суполцы Жывога журналу піша пра тое, што ў Курапатах невядомыя зламалі 35 крыжоў, а яшчэ дзесяткі крыжоў былі выцягнутыя зь зямлі. «Гэта паскудзтва нават большае, чым рабіць зь людзей жывы шчыт на аўтадарозе», — кажа блогер.
Допіс выклікаў сапраўдную палеміку. «Цікава, вы думаеце галавой, калі пішаце, ці як? Што на вашую думку горшае: калі вашаму сваяку нагу адрэжуць (ня дай Божа, зразумела) ці скінуць крыж на магіле вашага прадзеда? Эмоцыі і патас вядуць да дэвальвацыі сэнсу»
“Ня большае. Павага да мёртвых ніколі не павінна быць большай за павагу да жывых».
“Нялюдзкі ўчынак. Але ня варта параўноваць з той ДАІшнай гісторыяй...»
А вось камэнтары з сайту газэты «Наша Ніва» .“Трэба падзячыць Беларускай рэспубліканскай навукова-мэтадычнай радзе па пытаньнях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Беларусі (ёсьць і такая кантора ў нашай краіне), што вызначыла статус Курапатаў...»
“У пракуратуру зьвяртацца ўжо няма сэнсу. У Беларусi няма пракуратуры. Трэба ладзiць штодзённае дзяжурства ва ўрочышчы i самым ахоўваць нацыянальную Сьвятыню. Няўжо ў Менску ня знойдзецца 500 чалавек, кожны зь якiх мог бы адзiн раз у год ахвяраваць 8 гадзiнамi свайго сна? Злодзеяў трэба самым патрыётам высьледзiць, схапiць ды высьветлiць, хто заказчык. Трэба абаранiць нашую годнасьць i гонар».
У гэтай жа суполцы minsk_by блогер trauch даў спасылку на сюжэт, прысьвечаны здарэньню на шашы Слуцк-Менск, які быў учора паказаны па тэлеканалу АНТ.
Камэнтары: “Рэпартаж у стылі былых "як зьбілі і збэсьцілі нашых амапаўцаў".
“Проста на ўзроўні ледзь вышэй вырашылі зьліць кіраўніцтва ДАІ (ці пакінуць, калі выкруціцца здолеюць), а грамадзкасьць ужо і радая была разьвесіць сэнтымэнтальныя соплі: "Ах, АНТ адважылася, ох, якое мэгарэспэкцішча за праўду!" Увогуле, усё тая ж гульня ў дрэнных баяраў і добрага цара, толькі крыху таньчэй, чым падачка да пэнсіяў напярэдадні выбараў».
chris_gomel: “Відэа супэрскае! Ніякіх пэўных камэнтароў з боку журналістаў, нэўтральная падача інфармацыі, няўжо там нарэшце завяліся прыстойныя журналісты і рэдактары?! Я ў прыемным шоку. Але вынік гэтага рэпартажу відавочны: ён кажа толькі аб тым, што знойдуць крайніх і навесяць на іх усю віну, бо, па-добраму, у нармалёвай краіне пасьля такога Навумаў бы склаў паўнамоцтвы без лішніх эмоцый”.
Сёньня некаторыя аўтааматары выехалі ў горад з чорнымі стужкамі на антэнах і налепкамі са словамі “Жывы шчыт”, тым самым пратэстуючы супраць дзеяньняў супрацоўнікаў ДАІ.
Супрацоўнікі ДАІ, каб затрымаць нецьвярозага кіроўцу, які ехаў у Менск на вялікай хуткасьці, спынілі на дарозе некалькі аўтамабіляў. Кіроўцам і пасажырам нічога не патлумачылі, не дазволілі ім выйсьці з аўтамабіляў. У выніку аварыі адзін з аўтамабіляў загарэўся, узьнікла пагроза жыцьцю некалькіх чалавек, у тым ліку дзіцяці. 12 сакавіка кіраўніцтва ДАІ заявіла, што кіроўцы спыненых аўтамабіляў “недакладна зразумелі” жэсты супрацоўнікаў ДАІ, якія не спынялі іх, а паказвалі, каб тыя “ праяжджалі ў напрамку Менску”.
На форуме сайту ПОРШивец адзначыў: “Зараз праехаў са "шчытом" з Уручча ў Курасоўшчыну па праспэкту. Налічыў дзьве машыны са стужкамі на антэне і 4 са “шчытом”. Гаевы спыніў для праверкі дакумэнтаў, паглядзеў на "шчыт", аддаў дакумэнты (я нічога не парушыў і з дакумэнтамі норма), пажадаў шчасьлівай дарогі».
Згадкаsilverrebel у суполцы пра тое, што адзін з удзельнікаў сёньняшняй акцыі, які меў на аўтамабілі чорную стужку і згаданую налепку “Жывы шчыт”, быў аштрафаваны патрулём ДАІ, выклікала такія водгукі. “Ніякіх налепак, акрамя агавораных у правілах дарожнага руху, на машыне быць не павінна. Так што кожны удзельнік акцыі пратэсту фармальна парушае правілы дарожнага руху і можа быць аштрафаваны».
“І дзе тут пра стужкі? Унутры салёну я магу хоць голую задніцу вывешваць».
На сайце інфармацыйнай кампаніі “БелаПАН” сёньня зьявілася відэа, зробленае на месцы аварыі неўзабаве пасьля здарэньня. Можна ўбачыць разьбітыя машыны, супрацоўнікаў ДПС, карэткі хуткай дапамогі. Галасоў пацярпелых альбо камэнтароў супрацоўнікаў ДАІ няма.
На сайце “Агенцтва фінансавых навінаў” прыводзяцца выказваньні намесьніка начальніка антытэрарыстычнага цэнтру КДБ Беларусі Вячаслава Ліненка пра тое, што ў Беларусі праводзяцца працы па фільтрацыі доступу насельніцтва да сайтаў. «Магчымыя бар'еры і фільтрацыя. У Беларусі гэтыя працы праводзяцца», — заявіў ён на прэс-канфэрэнцыі ў Менску. — «Белтэлекам мае паліцэйскі варыянт, які дазваляе кантраляваць атрыманьне такой інфармацыі (доступ да некаторых рэсурсаў ў сетцы Інтэрнэт)». Праўда, такую заяву В.Ліненка зрабіў, маючы на ўвазе сайты, якія могуць утрымліваць інфармацыю аб зьдзяйсьненьні тэрарыстычных актаў ці правакаваць іх. Аднак Беларусь, адзначае “Агенцтва фінансавых навінаў”, ужо сутыкнулася, і далёка неаднойчы, з тым, што беларускія ўлады падчас палітычных і грамадзкіх акцыяў, а таксама цягам выбарчых кампаній фільтруюць доступ да незалежных інфармацыйных Інтэрнэт-рэсурсаў, выкарыстоўваючы «паліцэйскі варыянт» Белтэлекаму.
Музыка і вядучы радыёпраграмы “Новая зямля” на радыё “Юністар” Віктар Сямашка ва ўласным дзёньніку паведаміў: “Гатовы дэманстрацыйны (падарункавы) CD-ROM, на якім зьмешчаны ўвесь радыёцыкл пра беларускі андэрграўнд 1960-1970-ых г.г. Фармат mp3, добрая якасьць. Вокладка з фатаздымкамі. Гэта самвыдат. Але магчыма, што зьявіцца й афіцыйны рэліз».