Агляд некаторых публікацый у недзяржаўным друку
У газэце «Наша ніва» - артыкул «Ніхто не хацеў ваяваць», прысьвечаны новым санкцыям ЗША супраць «Белнафтахіму» і адкліканьню беларускага пасла з Вашынгтону. Аналізуючы сытуацыю, палітоляг Віталь Сіліцкі прыходзіць да высновы, што другі раз запар у складанай замежнапалітычнай сытуацыі беларускі бок устрымліваецца ад крокаў, якія б прывялі да спыненьня дыялёгу з Эўрапейскім Саюзам. Такія паводзіны даюць ЭЗ шанец здабыцьця стратэгічнай ініцыятывы для правядзеньня больш актыўнай, узгодненай і прынцыповай палітыкі ў адносінах да Беларусі, лічыць журналіст.
Пад назвай “Жанчына-легенда” – нарыс Уладзімера Някляева пра нябожчыцу Ірыну Казуліну. Аповяд пачынаецца так: “Яна пайшла да амбасадара адной з самых магутных дзяржаваў сьвету. Не стала казаць пра дыктатуру і дэмакратыю, а выдыхнула: «Калі ён памрэ, я памру таксама, бо не змагу безь яго жыць».
На старонках газэты “Вольнае Глыбокае” – завяршэньне успамінаў Анатоля Скрабатуна, стрыечанага брата Васіля Быкава. А таксама - экскурс у мінулае з праэкцыяй на сучаснасьць. Распавядае галоўны рэдактар газэты Уладзімер Скрабатун:
“Матэрыял “Храмы Дунілавічаў” – гэта такое мястэчка ёсьць у Пастаўскім раёне. Чытач наш напісаў артыкул пра гісторыю касьцёлаў Дунілавічаў, пра іхны лёс... Таксама пра разьвіцьцё коннага спорту пішам – ёсьць група людзей, якая грунтоўна гэтым займаецца, нават робіць вандроўкі ў суседнія раёны на конях”.
У газэце “Народная воля” артыкул “Даведзеныя да адчаю” прысьвечаны галадоўцы дзьвух прадпрымальнiц — Яўгенiі Бочурнай i Сьвятланы Дваранiнавай. Абедзьве цяпер – за кратамі. Яўгенiя Бочурная абвесьціла галадоўку ў Вiцебскiм СIЗА. Калісьці асуджаная на 5 гадоў пазбаўлення волi па абвiнавачванні ва ўхiленнi ад пагашэньня крэдыторскай запазычанасцi, адсядзела ў калёнii амаль два гады. Выйшла па амнiстыi. Але прыкладна праз тыдзень... жанчыну зноў арыштавалi i адправiлi за краты.
“Комсомолськая правда в Белоруссии” разважае над пытаньнем: “Нараджаць ці не нараджаць”? У 2007 годзе ў Беларусі ўпершыню цягам апошніх 12 гадоў нарадзіліся болей за 100 тысяч немаўлят. Адмыслоўцы кажуць, што сярэдні ўзрост парадзіхі паменшыўся – каля 24 год, і гэта – да лепшага.
Ці можна зьвяртацца ў менскую паліклініку, калі прапісаны ў іншым горадзе? Адказ на пытаньне – у матэрыялах гарачай лініі “Камсамолкі” з Міністэрствам аховы здароўя Беларусі. Артыкул “Якія правы мае пацыент” паведамляе, на што грамадзянін Беларусі можа скардзіцца, а на што – разьлічваць, калі зьвяртаецца ў дзяржаўныя мэдычныя службы.