Дыпляматычны канфлікт паміж Беларусьсю і ЗША ў пэўным сэнсе выпадае з таго трэнду, з той лёгікі дачыненьняў, якая назіралася ад пачатку гэтага году.
Усё ішло да пацяпленьня, і раптам такі скандал, які ў пэўным сэнсе аказаўся нечаканым для палітыкаў, дыпляматаў і экспэртаў. Тэзіс пра тое, што Менск выкарыстоўвае ў дачыненьні да ЗША і ЭЗ розную тактыку, імкнецца раскалоць адзіны фронт заходніх краін па беларускім пытаньні, — такі тэзіс мае права на існаваньне, але яго не дастаткова, каб вытлумачыць гэты выбуховы канфлікт.
Вядома, што галоўным пытаньнем, вузлавым пунктам супярэчнасьцяў у дачыненьнях Беларусі з Захадам стала вызваленьне палітвязьняў. Беларускія ўлады, відаць, зразумелі, што без вырашэньня гэтай праблемы размарозіць палітычныя стасункі з ЭЗ і ЗША не атрымаецца, і прыйшлі да высновы, што на такую ахвяру трэба пайсьці.
Палітвязьняў пачалі вызваляць аднаго за адным. Захад вітаў гэты працэс, рабіў сустрэчныя жэсты. Лукашэнка сустрэўся з амбасадарам Нямеччыны Вайсам, міністар замежных справаў Мартынаў меў неафіцыйныя сустрэчы ў Бэрліне з прадстаўнікамі нямецкага МЗС. Нарэшце застаўся адзін Казулін. (Пытаньне пра двух новых вязьняў, увогуле пра крымінальную справу паводле падзеяў 10 студзеня пакуль вынесем за дужкі, бо суду яшчэ не было). Здавалася, яшчэ трошкі высілкаў — і адбудзецца прарыў дыпляматычнай блякады.
Але ўвесь гэты прыгожы сцэнар паламаў Казулін. Лукашэнка разумеў, што яго трэба вызваляць, інакш трацяць сэнс датэрміновыя вызваленьні іншых палітычных зьняволеных і ўвогуле ўся тактыка прарыву на Захад. Але і выпускаць Казуліна проста так было боязна, бо існаваў страх, што, выйшаўшы на волю, ён можа ўзарваць атмасфэру палітычнай стабільнасьці.
І было прыдумана “элегантнае” выйсьце: адправіць Казуліна ў эміграцыю. Дамовіліся зь Нямеччынай. Фактычна дамовіліся зь сям’ёй. Як можна зразумець з прэсавай канфэрэнцыі Казуліна 28 лютага, цяжка хворая жонка Ірына гатовая была ахвяраваць сабою, каб вызваліць мужа. Засталася драбяза: угаварыць самога экс-кандыдата ў прэзыдэнты.
Але вось тут і адбыўся збой. Вязень № 1 Беларусі адмовіўся эміграваць. І з палітычных прычын: эміграцыя разглядалася б большасьцю прыхільнікаў як уцёкі з поля бою. І з гледзішча простага гуманізму. Дапамагчы Ірыне было ўжо нічым немагчыма, і везьці яе ў такім стане азначала б прычыняць ёй дадатковыя пакуты. Ужо ня кажучы пра тое, што дажываць апошнія дні заўсёды лепш на радзіме. Таму адмова Казуліна ехаць у эміграцыю робіць яму гонар і як палітыку, і як чалавеку.
Гэтай гульні нэрваў ня вытрымаў Лукашэнка. Ён публічна агучыў свае прапановы і абвінаваціў Казуліна ў тым, што яму не шкада жонкі. Спакусіўшыся жаданьнем адпомсьціць свайму палітычнаму і асабістаму ворагу, кіраўнік дзяржавы зрабіў памылку. Ня толькі ў тым сэнсе, пра які пісаў у нашым блогу Ю. Дракахруст, — паказаўшы няздольнасьць дэманстраваць “милость к падшим”. (Гэты “пракол” яшчэ выразьней выявіўся празь некалькі дзён пасьля той заявы, калі Ірына Казуліна памерла і ў грамадзтве ўзьнялася вялікая хваля спачуваньня яе мужу.)
Памылка Лукашэнкі яшчэ і ў тым, што сваёй заявай ён загнаў сябе ў кут. Цяпер, пасьля ўсяго, што здарылася, ён ня можа выпусьціць Казуліна, бо гэта, зь ягонага гледзішча, будзе выглядаць як праява слабасьці і палітычная параза. Пасьля той хвалі спачуваньня палітвязьню, якая выявілася падчас пахаваньня яго жонкі, апынуўшыся ў цэнтры інфармацыйнага выбуху, экс-кандыдат у прэзыдэнты выйшаў бы на волю маральным і палітычным пераможцам.
У выніку ўся стратэгія паляпшэньня дачыненьняў Беларусі з Захадам апынулася ў тупіку. Лукашэнка цяпер ужо ня можа вызваліць Казуліна проста так (як мог яшчэ месяц таму), а толькі ў абмен на нейкія важныя саступкі з боку ЗША і ЭЗ.
Але пасьля ўсіх гэтых падзеяў з пахаваньнем і для Захаду вызваленьне Казуліна стала пытаньнем прынцыпу. На сур’ёзныя саступкі ён пайсьці ня можа.
ЗША ставяць гэтае пытаньне ў яшчэ больш жорсткай форме. Варта нагадаць, што намесьнік памочніка дзяржсакратара Злучаных Штатаў Д. Крэймэр зьбіраўся прыляцець у Менск падчас трохдзённага адпачынку Казуліна, каб даціснуць беларускія ўлады і дамагчыся вызваленьня палітвязьня. Аднак амбасада Беларусі выдала яму візу, паводле якой ён мог зьявіцца тут толькі праз тры дні. Гэта была дыпляматычная адмова афіцыйнага Менску весьці перамовы на тэму Казуліна. І тады ЗША ўвялі новыя эканамічныя санкцыі.
Такім чынам, дыпляматычны беларуска-амэрыканскі канфлікт стаў першай праявай новага тупіку, у якім апынуліся дачыненьні Беларусі з Захадам.