Яна скончыцца заўтра а 12 гадзіне паводле менскага часу. Гэткім чынам міжнародная праваабарончая арганізацыя “Рэпартэры бязь межаў” заклікала адзначыць Дзень свабоды слова ў Інтэрнэце. Ад сёньня гэты дзень будзе адзначацца штогод.
“Рэпартэры бязь межаў” адзначаюць, што сёлета сьпіс ворагаў Інтэрнэту павялічыўся на дзьве краіны. Да Беларусі, Бірмы, Кітаю, Кубы, Эгіпту, Ірану, Паўночнай Карэі, Саудаўскай Арабіі, Сірыі, Тунісу, Туркмэніі, Узбэкістану, Віетнаму далучыліся Зымбабвэ і Этыёпія. Як гаворыцца ў заяве арганізацыі, шэраг рэжымаў мае тэндэнцыю да закрыцьця асобных вэб-сайтаў і да расправы з блогерамі.
“Рэпартэры бязь межаў” заклікаюць карыстальнікаў Інтэрнэту прыйсьці на сайт www.rsf.org, каб выступіць разам супраць цэнзуры, якой злоўжываюць улады, і запатрабаваць большых правоў у сеціве.
Карыстальнікі Інтэрнэту змогуць узяць удзел ў адной з кібэрдэманстрацыяў, якія пройдуць у Бірме, Кітаі, Паўночнай Карэі, на Кубе, у Эгіпце, Эрытрэі, Тунісе, Туркмэністане і Віетнаме. Пры гэтым будзе магчымасьць ствараць аватары, выбіраць паведамленьні для сваіх транспарантаў.
Як падкрэсьліваецца ў заяве, цяпер у розных краінах сьвету за кратамі знаходзяцца 64 інтэрнэт-дысыдэнты. Да нядаўняга часу ў зьняволеньні за інтэрнэт-публікацыю знаходзіўся і беларус Андрэй Клімаў. Найбольшай турмой для інтэрнэт-журналістаў і блогераў застаецца Кітай.