Выйшла з друку другое выданьне дваццацівасьмімоўнага беларуска-лацінска-эўрапейскага слоўніка.
Першае выданьне, якое выйшла тыдзень таму, разьлічанае на іншамоўных карыстальнікаў. Другое – прызначанае найперш для беларускамоўных.
Беларуская мова ў слоўніку прадстаўленая ў афіцыйным і клясычным правапісных варыянтах. Складальнік слоўніка перакладчык, пэдагог і палітык Лявон Баршчэўскі кажа, што такіх выданьняў у сьвеце яшчэ не было.
Першае, у залацістых вокладках, выданьне дваццацівасьмімоўнага слоўніка выдаўцы рассылаюць беларусістам, студэнтам беларускай філялёгіі і ўсім, хто цікавіцца беларускай мовай і літаратурай за мяжой. А другое, блакітнае, будзе распаўсюджвацца ў Беларусі. Адзін зь выдаўцоў слоўніка Ўладзімір Сіўчыкаў тлумачыць, што выданьні розьняцца ня толькі колерам.
“Практычная і асноўная частка, яна не адрозьніваецца. Ёсьць адрозьненьні ў тым тлумачэньні, што даецца пра прамаўленьне беларускіх гукаў, розьніца ў беларускім алфавіце. Гэтае выданьне больш ляпідарнае – напрыклад, у ім няма разьдзелу сынаніміі. Гэткі разьдзел адмыслова ўстаўляўся ў папярэдняе выданьне для таго, каб той чалавек, які ўваходзіць у сьвет беларускай мовы, мог бачыць, як гэтыя словы спалучаюцца ў беларускай фразе”.
Лявон Баршчэўскі кажа, што стварыць “Эўраслоўнік”, падобных да якога ў сьвеце не было, яму дапамаглі многія айчынныя філёлягі. Але сам слоўнік, у якім каля 100000 адзінак перакладу, ён разглядае як базу, на якой, ён спадзяецца, будуць створаныя больш пашыраныя і паглыбленыя варыянты.
“Гэта першая ластаўка. А я хачу, каб маладыя філёлягі, атрымаўшы ў рукі гэты слоўнік, узяліся складаць выданьні ўжо па кожнай з гэтых моваў, у якіх бы першая была беларуская. Гэта – штуршок. Гэты слоўнік не вырашае ўсіх праблем, але ён дае аснову для далейшай працы”.
Сабе спадар Баршчэўскі таксама ўжо заплянаваў новую дзялянку – на базе свайго “Эўраслоўніка” ён хоча запачаткаваць выданьне па кожнай з уключаных у яго моў падручнікі.
“Я б, канечне, хацеў праект гэты прадоўжыць у выглядзе граматык гэтых моваў, каб па кожнай зь іх зьявілася яшчэ граматыка для беларусаў, напрыклад, швэдзкая граматыка для беларусаў. Якуб Лапатка ўжо напісаў фінскую граматыку для беларусаў, яна ўжо вычытваецца і ён прыслаў мне яе. Дасьць Бог сілы, мы гэтую сэрыю таксама распачнём”.