Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 8 сакавіка 2008 году.
Тэма палітвязьняў застаецца галоўнай у нашай пошце апошніх тыдняў. Ці давядзе ўлада да канца распачатую пад ціскам Захаду кампанію вызваленьня асуджаных палітыкаў і грамадзкіх актывістаў? Ці хутка выйдуць на свабоду Аляксандар Казулін і Андрэй Кім — апошнія з палітвязьняў? Альбо палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі адновяцца? (Новыя абвінавачаныя ў крымінальных справах супраць удзельнікаў студзеньскіх пратэстаў прадпрымальнікаў ужо зьявіліся).
На гэтыя ды іншыя пытаньні спрабуюць адказаць у сваіх лістах слухачы Свабоды.
Вось што піша нам Натальля Шышко зь Менску:
“Драматычны лёс сям’і Казуліных узрушыў усіх, хто сочыць за апошнімі падзеямі. Але многія людзі пра гэта нічога ня ведаюць. Днямі разгаварылася з суседкай па лесьвічнай пляцоўцы. Яна — настаўніца, мае вышэйшую адукацыю. Да размовы са мной была ўпэўнена, што Казулін даўно на свабодзе, што працуе недзе ў Расеі.
Пра тое, што праз турмы прайшлі сотні палітыкаў і апазыцыйных актывістаў, яна нават ня чула.
Гэтаксама нічога ня ведаюць пра тое, што насамрэч адбываецца ў Беларусі, вельмі многія людзі. Думаю нават, што такіх — абсалютная большасьць. Адкуль яны атрымліваюць інфармацыю? Зь дзяржаўнага тэлебачаньня і з газэты “Советская Белоруссия”, на якую іх прымусілі падпісацца на працы. А там ні пра Казуліна, ні пра апазыцыю, ні пра катастрафічны стан нашай эканомікі — ні слова. Людзі жывуць нібы ў вакуўме, у інфармацыйнай пустэчы”, —
— напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” Натальля Шышко зь Менску
Кожны сам для сябе вызначае, ці дастаткова яму той інфармацыі, якую ён можа атрымаць з даступных крыніцаў. Вядома, ва ўмовах Беларусі доступ да альтэрнатыўных дзяржаўным мэдыяў ускладнены. Але ўжо амаль ва ўсіх установах, нават у многіх школах, зьявіўся інтэрнэт. Ня надта значнай праблемай ёсьць доступ і да спадарожнікавага тэлебачаньня. Так што не такія ўжо вялікія намаганьні патрабуюцца дзеля таго, каб ведаць пра падзеі ў Беларусі ня толькі тое, чаго хоча ўлада.
Новы ліст ад нашага слухача Ігара Паснова зь Віцебску, які заклікае апазыцыйна настроеных грамадзянаў, як ён піша, “да канструктыўнага дыялёгу” з уладай, бо ўпэўнены, што толькі такі шлях можа быць плённым. Спадар Пасноў піша:
“Трэба змагацца, але — у межах закона. Не падстаўляцца. Не хачу хваліцца, але лічу, што я адзін дамогся больш, чым іншыя апазыцыйныя партыі. Не мітынгуючы, не пікетуючы, а працуючы дзіцячым доктарам і атрымліваючы ў сярэднім 300—350 даляраў. (Праўда, нядаўна за студзень атрымаў 750 даляраў). Працаваць даводзіцца шмат, сумленна. Але гэта лепш, чым трэсьці ў пікеце квіточкам аб зарплаце на чвэрць стаўкі ды плакаць: “Давялі да жабрацтва!”
Далей у лісьце на Свабоду Ігар Пастноў разважае аб праблеме, якая даўно яго хвалюе і дзеля вырашэньня якой ён прыклаў нямала намаганьняў. Размова ідзе пра рост алькагалізму і наркаманіі сярод падлеткаў. Зноў цытую ліст:
“Рэкляма піва з тэлеэкранаў сёньня нарэшце сышла. Так, шмат давялося папрацаваць — задзейнічаць усіх, ад КДБ да Радыё Свабода. І вось прыйшоў адказ ад Міністэрства гандлю: рэкляма прызнана незаконнай, на вінаватых накладзеныя санкцыі. Па ўсёй краіне праведзены рэйды. Аштрафаваны і папярэджаны дзясяткі парушальнікаў правілаў гандлю. Падлетка зь півам цяпер можна і ў нас штрафаваць, як у Польшчы. А ўсе ганарары за свае публікацыі (а я аўтар многіх сур’ёзных мэдычных выданьняў) накіраваў супраць рэклямы піва, на тлумачэньне шкоды алькаголю са словамі: “Піва робіць чалавека абмежаваным і бясьсільным (імпатэнтам)”. І вось ужо тры месяцы я “кручу” гэтую сацыяльную рэкляму ў мясцовых і рэспубліканскіх СМІ”.
У сваім лісьце Ігар Пасноў выказваецца таксама наконт праблемы палітвязьняў. Ён піша:
“Каб палітзьняволеных памілавалі, патрэбна прызнаньне віны. Ведаю гэта, бо цесна супрацоўнічаў з камісіяй Кісялёва, дамагаючыся памілаваньня сваіх калегаў-мэдыкаў, якіх справакавалі на хабарніцтва так званым “экспэрымэнтам” дзеля паляпшэньня міліцэйскай статыстыкі. І агульнымі намаганьнямі мы дамагліся свайго. Многія дактары таксама лічылі сябе ахвярамі правакацыяў, але ўсё ж, каб атрымаць памілаваньне, давялося прызнаць віну. Гэтак і тут: факты хуліганства (часам злоснага) давядзецца прызнаць. І тады, відаць, памілуюць. Мы ж усе, па сутнасьці, хочам аднаго — каб Беларусь квітнела. І ня трэба кусаць працягнутую руку...”, —
— гэтак лічыць дзіцячы доктар Ігар Пасноў зь Віцебску.
Палітычныя зьняволеныя ў Беларусі — асаблівая катэгорыя вязьняў, і да яе, як сьведчыць практыка, далёка не заўсёды стасуюцца тыя ж прававыя нормы, што да звычайных асуджаных. Згадаем, напрыклад, гісторыю Андрэя Клімава, пакаранага двума гадамі пазбаўленьня волі за артыкул у інтэрнэце. Яго нечакана вызвалілі 15 лютага адпаведна з прэзыдэнцкім указам аб памілаваньні. Пасьля вызваленьня Андрэй Клімаў заявіў, што ніколі не прасіў і не папросіць аб памілаваньні, паколькі ня лічыць сябе вінаватым і не прызнае ніякай віны.
Зусім не заявы палітвязьняў і не юрыдычныя фармальнасьці, а найперш палітычны торг з Захадам мае для беларускай улады значэньне ў справе палітвязьняў.
Мікалай Куксо з Івянца Валожынскага раёну ў сваім лісьце на “Свабоду” задае пытаньне: “Чаму, маючы разьвітую прамысловасьць і працавіты народ, Беларусь у параўнаньні з заходнімі суседзямі жыве значна бядней?” Слухач сам жа і адказвае на гэтае пытаньне наступным чынам (цытую ліст):
“Справа ў тым, што шалёныя грошы ідуць, як вада ў пясок, у стратную, нежыцьцяздольную, паміраючую калгасную сыстэму. Дзяржава ня хоча даць сялянам зямлю, хоць фэрмэр, адрозна ад калгаса, здольны вярнуць крэдыты. Ён зацікаўлены ў выніках сваёй працы, а таму ня будзе красьці камбікорм з фэрмы і прапіваць усё, што “дрэнна ляжыць”.
Але ж фэрмэра падчас выбараў не пасадзіш гвалтам у аўтобус і не прымусіш галасаваць, як загадаюць. Ён — свабодны чалавек. Гэта ж можна сказаць і пра індывідуальных прадпрымальнікаў. Дзяржава баіцца такіх людзей.
Рабства і прыгоньніцтва даўно аджылі, і хочаш ня хочаш, а перамены ў Беларусі адбудуцца. Калі толькі нас да таго часу не праглыне Расея.
Шаноўны Валянцін Жданко, я разумею, што пра ўсё гэта нам з вамі добра вядома. Але ўлада прыкладае вялізныя намаганьні дзеля таго, каб народ ня бачыў ніякага выйсьця, тыцкаўся, як сьляпое кацяня, і ўскладаў усе надзеі толькі на так званага “бацьку”. А таму я мяркую, што трэба бесьперапынна тлумачыць слухачам, што рабіць, каб добра жыць”, —
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Мікалай Куксо з Івянца Валожынскага раёну.
Бесьперапынна тлумачыць слухачам, што ім рабіць, можа, і ня варта, спадар Куксо. Людзі ў Беларусі маюць патрэбу ня столькі ў дыдактычных павучаньнях, колькі ў аб’ектыўнай, праўдзівай інфармацыі пра тое, што адбываецца ў краіне і вакол яе. Ведаючы праўду, добра арыентуючыся ў навакольным сьвеце, чалавек не дазволіць падмануць сябе і здольны будзе самастойна прымаць важныя для сябе рашэньні. Гэта датычыць і фэрмэрства, і прадпрымальніцтва, і выбараў улады.
На заканчэньне — ліст з Расеі, зь Сібіры, ад Настасьсі Патоцкай — з развагамі пра беларуска-расейскія дачыненьні і з параўнаньнем штодзённых рэаліяў у дзьвюх суседніх краінах. Слухачка піша:
“Я жыву далёка ад Беларусі. Калісьці даўно да нас у Сібір, за Ўрал прыяжджаў ваш прэзыдэнт Лукашэнка. Усім тады спадабаліся прыгожыя правільныя словы, якія ён казаў. Усе былі зачараваныя ім. А нашы газэты пісалі, што Лукашэнка паводзіць сябе так таму, што хоча стаць прэзыдэнтам саюзнай дзяржавы. Я і цяпер думаю, што газэты пісалі глупства. Мы ўжо былі ў саюзе, і што з таго атрымалася? Толькі ідыёт можа наступаць на адны граблі двойчы. Мы тады верылі Лукашэнку і зайздросьцілі беларусам, што ў іх такі справядлівы прэзыдэнт.
А потым я выпадкова натрапіла на хвалю Беларускай Свабоды. Калі першы раз пачула вас, была да глыбіні душы ўзрушана. Беларускую мову чула ўпершыню, але ўсё разумела.
Менавіта са Свабоды я даведалася праўду пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Захапляюся мужнасьцю тых людзей, якія змагаюцца за дэмакратыю. Вельмі цікава, пра што вам пішуць і тэлефануюць простыя людзі.
У нас у Расеі кожны зашыўся ў сваю норку і толькі сам стараецца выжыць. Альбо дрыжыць і лашчыцца да ўлады. Калі паглядзіш наша тэлебачаньне альбо паслухаеш радыё, дык жыцьцё ў Расеі — цудоўнае. А вось калі паглядзіш ва ўласнае вакно, дык становіцца страшна”, —
— напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” Настасься Патоцкая з Расеі, з Сібіры.
У сярэдзіне 90-х гадоў Аляксандар Лукашэнка наладжваў шматлікія візыты па расейскіх рэгіёнах, бадай, часьцей, чым тагачасны прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын. Пра палітычныя прэтэнзіі беларускага лідэра на маскоўскі Крэмль тады гаварылі ўсе. І гэтыя размовы не былі беспадстаўнымі. Хворы Ельцын імкліва страчваў папулярнасьць, а харызматычны Лукашэнка мог на справядлівых выбарах бязь цяжкасьці адолець любога расейскага палітыка. Палітычная эліта Расеі сур’ёзнасьць гэтай пагрозы неўзабаве ўсьвядоміла, і пасьля гэтага Аляксандар Лукашэнка амаль зьнік з эфіру фэдэральных тэлеканалаў, а потым і ягоныя візыты ў расейскія рэгіёны сталі нашмат радзейшымі. Апошнія гады прэзыдэнт Беларусі па расейскай правінцыі фактычна ня езьдзіць.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.