У Бабруйску міліцыянты ўварваліся ў прыватны дом, які выкарыстоўваецца мясцовымі актывістамі як грамадзкі цэнтар.
Міліцыянты знаходзяцца ў доме ад 17 гадзінаў.
Паводле Алеся Чыгіра, двое міліцыянтаў, каб уварвацца ў дом, выкарысталі супрацоўніка міністэрства надзвычайных сытуацый. Пажарнік, які назваўся Сяргеем Гаўрыленкам, заявіў, што яму тэрмінова трэба абсьледаваць памяшканьні на прадмет пажарнай бясьпекі. Калі актывісты пусьцілі яго ў дом, за ім увайшлі і двое міліцыянтаў. Адзін зь іх назваўся старшым лейтэнантам Тоўсьцікам, другі адмовіўся назваць сябе.
Алесь Чыгір кажа, што міліцыянты паводзяць сябе па-хамску. Першае, што яны зрабілі, гэта без дазволу абыйшлі ўсе памяшканьні, аддаўшы асаблівую ўвагу друкаваным выданьням.
Паводле Алеся Чыгіра, міліцыянты выклікалі сабе падмогу. Што яны зьбіраюцца рабіць, ня кажуць.
Бабруйскія грамадзкія актывісты лічаць, што міліцыянты шукаюць агітацыйныя матэрыялы з заклікам удзельнічаць у акцыі ў Дзень Волі – 25 сакавіка ў Менску.