Штогод амаль 80% насельніцтва Беларусі зьвяртаецца ў мэдычныя ўстановы. За мінулы год — 78 тысяч на кожныя 100 тысяч насельніцтва, паводле статыстыкі, зьвярталіся з самымі рознымі праблемамі — ад рыніту і вывіху пальца да сур’ёзных анкалягічных і кардыялягічных хваробаў.
На першым месцы ў Беларусі — захворваньні сардэчна-сасудзістай сыстэмы. Прычым тэндэнцыя трывожная: мэдыкі адзначаюць іх прыкметны рост. Распавядае начальнік Упраўленьня арганізацыі мэдычнай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Ігар Броўка:
“Хваробы органаў сыстэмы кровазвароту: 2005 год — 2414 выпадкаў новых захворваньняў на 100 тысяч насельніцтва, 2006 — 2419 выпадкаў”.
Больш за палову ўсіх выпадкаў сьмерцяў (55,5%) абумоўлена сардэчна-сасудзістымі захворваньнямі, хаця сьмяротнасьць ад інфаркту міякарду штогод зьніжаецца амаль на 10%. Большая частка хворых на інфаркт міякарду вяртаецца потым на працу — 88%. Але інфаркт, так бы мовіць, маладзее: зарэгістраваныя выпадкі інфаркту нават у 18-гадовых.
У 2007 годзе колькасьць тых, хто захварэў на кардыялягічныя хваробы, зноў павялічылася, кажа Ігар Броўка:
“2617 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва. Гэта ж усясьветная тэндэнцыя”.
Дарэчы, у сьвеце сардэчна-сасудзістыя хваробы і інсульты выступаюць прычынай сьмерці 17 мільёнаў чалавек штогод. Да 2020 году хваробы сэрца стануць галоўнай прычынай сьмяротнасьці і інваліднасьці ва ўсім сьвеце.
На другім месцы ў Беларусі -- анкалягічныя хваробы, кажа начальнік Упраўленьня Міністэрства аховы здароўя Ігар Броўка:
“На 100 тысяч насельніцтва ў 2005 годзе было 367,2 чалавека, у 2006 — 374,4, якія захварэлі на злаякасныя новаўтварэньні”.
То бок штогод больш як 30 тысячам грамадзянаў Беларусі ставяць дыягназ — анкалягічнае захворваньне. Усяго ж на анкалягічным уліку стаіць больш за 150 тысяч чалавек.
Прафэсар-мамоляг, загадчык аддзяленьня НДІ анкалёгіі Леанід Путырскі так пракамэнтаваў гэтыя лічбы:
“Я магу сказаць, што рост анкалягічных захворваньняў адбываецца ва ўсім сьвеце, і ў некаторых краінах яшчэ большы, чым у Беларусі. У Беларусі на першым месцы ў жанчын — рак малочнай залозы (у нас на ўліку больш за 28 тысяч жанчын), у мужчын — рак лёгкіх”.
Карэспандэнтка: “А ці зьвязаны гэты рост з Чарнобылем?”
“Што тычыцца ўплыву Чарнобылю, даказалі толькі рак шчытападобнай залозы. Астатняе не даказана, хоць кожны зразумее, што не бяз гэтага”.
Штогод ва ўсім сьвеце ад злаякасных пухлінаў памірае каля 7 мільёнаў чалавек.
На трэцім месцы — траўмы і атручваньні, кажа Ігар Броўка:
“2005 год — 7858 выпадкаў, і 7937 — у 2006 годзе. Усё на 100 тысяч насельніцтва”.
Такім чынам, на першым месцы ў беларусаў кардыялягічныя захворваньні, на другім — анкалёгія, на трэцім — траўмы і атручваньні.