Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 5 сакавіка 2008 году
У мінулую нядзелю грамадзяне Расеі абралі новага прэзыдэнта — Дзьмітрыя Мядзьведзева, якога ў якасьці свайго пераемніка парэкамэндаваў Уладзімер Пуцін. Як пасьля гэтага могуць зьмяніцца ўзаемадачыненьні паміж Масквой і Менскам? Вось якое меркаваньне наконт гэтага выказвае ў сваім лісьце на “Свабоду” Віталь Дзікевіч з Гарадзенскага раёну. Ён піша:
“У Расеі ў выніку нічога не зьмянілася. Прэзыдэнта, па сутнасьці, ня выбралі, а зноў прызначылі зьверху. Мядзьведзеў выглядае гэткім юным вучнем Пуціна, гатовым выканаць любыя каманды настаўніка.
Не сумняюся, што праз чатыры гады маладому прэзыдэнту будзе загадана саступіць дарогу настаўніку, і Пуцін зноў трыюмфальна вернецца ў Крэмль яшчэ на восем гадоў — у поўнай адпаведнасьці з расейскай Канстытуцыяй. Вядома, гэта больш цывілізаваны спосаб утрыманьня ўлады, чым той, які практыкуецца ў Беларусі. Але да дэмакратыі гэта таксама ня надта падобна.
На беларуска-расейскіх дачыненьнях вынікі такіх выбараў ніяк не адаб’юцца. Нездарма ж прэзыдэнт Лукашэнка павіншаваў зь перамогай ня толькі Мядзьведзева, але і Пуціна”, —
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Віталь Дзікевіч з Гарадзенскага раёну.
Пра такі верагодны сцэнар цяпер кажуць многія. Але ці пагодзіцца Дзьмітры Мядзьведзеў, атрымаўшы мала чым абмежаваныя ўладныя паўнамоцтвы, увесь час заставацца толькі марыянэткай у руках Пуціна? Адказ на гэтае пытаньне не такі відавочны, як можа падацца на першы погляд. У гісторыі шмат прыкладаў, калі, не падзяліўшы ўладу, учорашнія цесныя палітычныя саюзьнікі і аднадумцы ператвараліся ў заклятых ворагаў. Згадайце хаця б колішніх найбліжэйшых памочнікаў і хаўрусьнікаў Аляксандра Лукашэнкі, якія дапамаглі яму ў 1994 годзе прыйсьці да ўлады і напачатку атрымалі высокія пасады. Дзе яны цяпер — Іван Ціцянкоў, Леанід Сініцын, Віктар Ганчар, Юры Захаранка, Міхаіл Чыгір і многія, многія іншыя?
Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў свой новы ліст пісаў пад уражаньнем ад апошніх падзей вакол вызваленьня палітвязьняў. Зьвяртаючыся да Аляксандра Казуліна, слухач піша:
“Усе апошнія дні раніцай і вечарам слухаў праз спадарожнік Радыё Свабода, чакаў навін. Паважаў і паважаю вас, Аляксандар Уладзіслававіч, хаця не заўсёды быў з вамі згодны. Дараваць грамадзяніну Лукашэнку за крыўды і зло — гэта сапраўды хрысьціянскі ўчынак. Збаўца, расьпяты на крыжы, прасіў Госпада дараваць сваім катам: “Ойча! Даруй ім, бо ня ведаюць, што робяць!”
Але ня думаю, што ўчынак гэты адзавецца ў душы і розуме вашых крыўдзіцеляў. Дакладна ня памятаю, але, здаецца, у псыхалёгіі гэта завецца “мэханізм праекцыі” — кожны чакае ад другога такіх учынкаў, якія ў дадзенай сытуацыі зрабіў бы сам.
Вашы велікадушнасьць і шчырасьць, на мой погляд, могуць выклікаць у Лукашэнкі хіба што падазронасьць: маўляў, нешта нядобрае задумвае гэты Казулін. Вы ж бачылі, як дробненька і глумліва гэтая ўлада здзекавалася з вас, — піша Кастусь Сырэль з Вушачаў, зьвяртаючыся да Аляксандра Казуліна. — Чаму, напрыклад, было не адпусьціць на пахаваньне яшчэ раніцай 24 лютага? Не, трэба было біцэпсамі “пагуляць”: “Бачыш, якая я, улада, усемагутная: калі хачу, тады й адпушчу. А захачу — і наагул не адпушчу, будзеш знаць, як на мяне голас падымаць”. Гэтак сама і зь месцам на могілках: “Нашто мне, уладзе, гэтае шэсьце тысяч людзей у цэнтры сталіцы, гэтая маніфэстацыя? Хай Казулін едзе ў глухмень хаваць сваю жонку, туды якіх пару соцень людзей прыедзе — ніхто іх і ня ўбачыць”. Лукашэнка чакае ад вас і вашай сям’і такіх самых вераломных учынкаў, іншага тыпу паводзін ён проста не разумее.
Вельмі ня хочацца засмучаць вас, Аляксандар Уладзіслававіч, але лепей горкая праўда, чым салодкая хлусьня. Многія прадказваюць, што Рыгоравіч адпусьціць вас на волю вельмі хутка, пасьля Дня Волі 25 сакавіка. Дай Божа, каб так яно і было, але, на мой погляд, адбудзецца гэта толькі пасьля чарговай “элегантнай перамогі” на выбарах 2011 году. Памятаю вашы словы: “Спадзяюся на лепшае, але рыхтуюся да горшага”. Я таксама кіруюся імі ў жыцьці. Калі памылюся — буду толькі рады. Час пакажа.
Хачу вас яшчэ папрасіць: не галадуйце больш. Як мага старайцеся зьберагчы здароўе — яно патрэбна нам усім. Будзем чакаць вас на волі.
З павагай — Кастусь з Вушач, што на Віцебшчыне”.
Свой допіс Кастусь Сырэль суправаджае наступнай прыпіскай:
“Гэты ліст, папраўдзе, хацелася б даслаць асабіста Аляксандру Казуліну. Але, па-першае, ня ведаю ягонага адрасу. А па-другое, хутчэй за ўсё, цэнзура не дазволіць, каб ён трапіў да адрасата: сам Аляксандар Уладзіслававіч казаў, што яна ў калёніі — жорсткая. Таму пішу на Радыё Свабода”.
У апошні дзень кароткачасовага водпуску мы пацікавіліся ў Аляксандра Казуліна, зь якіх крыніцаў ён атрымлівае інфармацыю за кратамі. Палітвязень адказаў, што слухае “Свабоду” “абавязкова і заўсёды”. Праблема толькі ў чутнасьці, якасьці прыёму. Аляксандар Казулін лічыць, што “Свабоду” глушаць, таму паслухаць удаецца не заўсёды. Але ён стараецца гэта рабіць, і ў яго нават атрымліваецца дзяліцца пачутай інфармацыяй зь іншымі вязьнямі — нягледзячы на штучна створаную вакол яго ізаляцыю.
Спадзяемся, што і ваш, Кастусь, ліст будзе пачуты ў калёніі “Віцьба-3” пад Віцебскам.
Аўтар наступнага ліста — Мікола Антоненка з Гомеля — зацікавіўся шматлікімі дарагімі праектамі новабудоўляў у цэнтры Менску, пра якія апошнім часам шмат гаворыцца на розных узроўнях улады. Слухач з гэтай нагоды піша:
“Зносіць такія будынкі, як гатэль “Беларусь” — гэта злачынства і шаленства. І няма чаго ўводзіць людзей у зман, што ўсё замест нас зробіць нейкі добранькі інвэстар, а мы будзем толькі атрымліваць з гэтага грошы. А дудкі! Дурняў-інвэстараў не бывае. Найперш яны пралічваюць уласную выгаду і самі шукаюць дурняў.
Перш чым замахвацца на эўрапейскі ўзровень будынкаў, няблага было б дамагчыся эўрапейскага ўзроўню жыцьця свайго народу, які ходзіць, прабачце, з голым задам.
Зьдзіўляюся, як мяняецца чалавек, атрымаўшы неабмежаваную ўладу. Ён нібы перастае разумець, як гэта можа не хапаць грошай і што значыць жыць бедна. І толькі чэша галаву, якога б яшчэ выкінуць коніка, каб зьдзівіць сьвет.
Так рабілі расейскія цары, так рабіў Садам Хусэйн: сам сядзеў на залатым унітазе, а народ жыў у галечы. Так робяць амаль усе дыктатары.
Гэтак і ў нас. Больш як 600 тысяч сем’яў стаяць у чарзе на жыльлё, а будаўнікі занятыя на ўзьвядзеньні немаведама чаго — нейкіх арэнаў, спарткомплексаў ды бізнэс-цэнтраў клясу “А”. А тым часам нашу ўладу турбуе, што недзе ў Вэнэсуэле людзі жывуць у трушчобах, таму беларускіх будаўнікоў накіроўваюць туды.
А ўвогуле, у цывілізаваных краінах кіраўнікі дзяржаў больш за два тэрміны на прэзыдэнцкіх пасадах не сядзяць і Канстытуцыю пад сябе не падрабляюць, а прыгожа і дастойна сыходзяць, калі настае час. Калі на гэтай пасадзе заставацца далей, дык пачынаецца застой”, —
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Мікола Антоненка з Гомеля.
Так, спадар Антоненка, пра тое, што адбываецца пры незьмяняльнасьці ўлады ва ўмовах жорсткай аўтарытарнай сыстэмы, людзі старэйшага веку добра памятаюць — пераканаліся на ўласным досьведзе. Брэжнеўскі застой цягнуўся ў былым Савецкім Саюзе васямнаццаць гадоў, але ўрэшце ўсё скончылася гарбачоўскай перабудовай і крахам усёй камуністычнай сыстэмы пры Ельцыне. Напэўна, рана ці позна зьявіцца свой Гарбачоў і ў Беларусі.
Наш слухач Аляксандар Яцкевіч зь Віцебску ў сваім лісьце расказвае пра тое, як нялёгка сёньня ў Беларусі знайсьці працу. Ён піша:
“Колькі ні хадзіў па ўстановах, дзе ёсьць вакансіі, — усюды не для мяне. Хоць маю два дыплёмы, тры маскоўскія пасьведчаньні з ацэнкаю “выдатна”... Вось падумаў: пры камуністах быў патрэбен усюды — пачынаючы ад дзіцячага садка і заканчваючы ВНУ. А цяпер? Хоць і кампутарам валодаю, і музыку пішу, і вершы, і малюнкі мае сталі больш прафэсійнымі — а нідзе не патрэбен, бо па кантракце звольнены...
Калі людзі сыходзяць у апазыцыю, дык гэта нібыта проста растлумачыць: “Улады дамагчыся хочуць!”. А як растлумачыць тое, што не даюць рабіць добрую справу для людзей, для дзяржавы, для дзяцей?.. Гэта незразумела ні чынавенству, якое працаўладкоўвае, ні судзьдзям, ні міліцыянтам, ні знаёмым... Усе — “на кантракце”.
Калі я ў свой час выходзіў зь лягеру, то адзін незнаёмы мне маёр даў падпісаць нейкі ліст, а потым сказаў: “Ты не думай, что мы дадим тебе “подняться”… Мы большую ошибку допустили, что дали такую возможность Солженицыну”. Як дарэчы гучаць сёньня гэтыя словы”, —
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Аляксандар Яцкевіч зь Віцебску.
Ня ведаю ўсіх падрабязнасьцяў вашых, спадар Яцкевіч, канфліктаў зь беларускім ці савецкім законам, і ўсё ж мяркую, што лягерная гісторыя і біяграфія Аляксандра Яцкевіча істотна адрозьніваецца ад той, якую перажыў і апісаў у сваіх творах Аляксандар Салжаніцын. Параўнаньні тут выглядаюць ня надта карэктна.
Магчыма, якраз лягернае мінулае і замінае вам сёньня знайсьці працу па спэцыяльнасьці? Боязь тых, хто адказвае за падбор кадраў для работы зь дзецьмі, выглядае ў такіх выпадках абгрунтаванай. Хоць, вядома, да кожнай такой сытуацыі трэба падыходзіць індывідуальна.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by