Народжаны ў Польшчы 11–месячны беларускі грамадзянін Павел Іваноў, якога палякі прызвычаіліся зваць Ясем, на легальных умовах застаецца ў Польшчы.
Пра гэта паведамілі ў прэсавай службе люблінскай пракуратуры.
Маці немаўляці, 24–гадовая беларуска, адмовілася ад сына практычна ў радзільні Любліну пасьля таго, як даведалася, што дзіця пакутуе на цяжкае генэтычнае захворваньне – мукавісцыдоз
Спасылаючыся на міжнародныя пагадненьні 1994 году, афіцыйны Менск распачаў справу аб дэпартацыі сіраты ў Беларусь і заявіў аб рашэньні ўладкаваць свайго грамадзяніна ў Гарадзенскі дом дзіцяці. Супраць гэтага выступілі польскія мэдыкі зь Любліну і Гданьску, дзе ўвесь гэты час лекаваўся Ясь, а таксама адвакаты і прадстаўнікі няўрадавых арганізацый. Яны заявілі, што падобнае рашэньне можа стаць сьмяротным для цяжка хворага дзіцяці.
Пры канцы лютага адпаведнае рашэньне аб дэпартацыі хлопчыка, прынятае Люблінскім акружным судом, было прыпыненае. У справе зьявіўся новы фігурант – малады паляк, які сьцьвярджаў, што менавіта ён зьяўляецца Ясевым бацькам і ў якасьці доказу гатовы прайсьці адмысловую генэтычную экспэртызу.
Гэтымі днямі малады паляк, колішні сябар Ясевай маці, публічна заявіў Люблінскаму радыё і тэлекампаніі БелСАТ, што прызнае сваё бацькоўства і што яно афіцыйна пацьверджана аналізам ДНК. "Так. Прызнаю. Цяпер, пасля экспертызы ДНК не магу сумнявацца. Аднак я знаходжуся ў сытуацыі, якая аніяк не дазваляе мне дапамагчы немаўляці", – сказаў бацька.
Найлепшы выхад, каб дзіця ўсынавілі, таму што ні я, ні яго маці – мы ня маем магчымасці ім апекавацца
Мужчына, які ня мае пэўных заняткаў і хоча захаваць у таямніцы сваё імя, дае зразумець, што з–за складаных фінансавых праблемаў адмаўляецца ад апекі над сынам. Лекаваньне мукавісцыдозу лічыцца надзвычай дарагой справай, і гэта яму не па кішэні. "Найлепшы выхад, каб дзіця ўсынавілі, таму што ні я, ні яго маці, мы ня маем магчымасці ім апекавацца,” – гаворыць бацька 11-месячнага хлопчыка.
Пазытыўны аналіз ДНК, як і далейшае прызнаньне судом біялягічнага бацькоўства гэтага паляка, уносяць істотныя зьмены ў далейшы лёс Яся. Немаўля аўтаматычна становіцца польскім грамадзянінам і мае права на тое, каб застацца ў Польшчы.
Цікавую акалічнасьць у пытаньні юрыдычнага статусу хлопчыка паведаміла судзьдзя Люблінскага суду Зофія Хома (Zofia Homa). Маці Яся, хоць і ня мае права на апякунства (гэта права, дарэчы, мае іншая 24-гадовая жанчына з Гдыні), усё ж не пазбаўленая бацькоўскіх правоў. Іншымі словамі, хлопчык, зь гледзішча закону, не зьяўляецца сіратой, а беларуская жанчына па–ранейшаму яго маці. Яна мае ўсе шанцы застацца разам з малым.
Дапамагчы ёй і Ясю як фінансава, так і юрыдычна гатовыя некаторыя адвакаты ды грамадзкія фонды Польшчы. У прыватнасьці, тры фундацыі – Рышарда Краўзэ, Агоры ды МАТІО – заявілі, што на працягу 10 гадоў зьбіраюцца фінансаваць мэдычную дапамогу Ясю.
27-гадовы юрыст Патрык Ястржэбскі выказаў жаданьне аказаць прававую падтрымку Ясевай маці. Паводле юрыста, сам ён, як “хворы на мукавізцыдоз, добра разумее ўсю сур’ёзнасьць сытуацыі” і ведае, што “дзецям з такой хваробай патрэбная ня толькі якасная мэдычная тэрапія, але і сталая матчына ўвага”.
Як падаюць польскія мэдыі, беларуская амбасада ў Варшаве пакуль дае вельмі стрыманыя камэнтары. Да нядаўняга часу беларускі бок падкрэсьліваў, што ўрад краіны будзе дзейнічаць на аснове беларускага закону і на карысьць дзіцяці. Таксама супрацоўнікі амбасады апэлявалі да мэдыяў, каб яны “не выкарыстоўвалі гэту складаную справу дзеля выліваньня бруду на суседні народ.”
Мукавісцыдоз – спадчыннае захворваньне залозаў унутранай сакрэцыі, а таксама падстраўнікавай залозы і печані. Яно прыводзіць да агульнай паталёгіі страўніка і кішэчніка, а таксама органаў дыханьня. Паводле беларускіх адмыслоўцаў, “у Беларусі хворыя на мукавісцыдоз да нядаўняга часу дажывалі у сярэднім да шасьці год, у той час , як у краінах Захаду, перадусім у ЗША – да 60.”