5 сакавіка а 9-й раніцы ў шэрагу вышэйшых навучальных установаў Беларусі пачнецца рэгістрацыя на прафэсыйна-псыхалягічнае сумоўе па адмысловых спэцыяльнасьцях.
Яно закранае будучых спэцыялістаў, да якіх паводле міністэрства адукацыі, выстаўляюцца асобыя патрабаваньні. Якія гэта спэцыяльнасьці і як будзе праходзіць сумоўе?
Паводле інструкцыі Міністэрства адукацыі, сумоўе скіраванае на тое, каб выявіць асабістыя, дзелавыя якасьці, здольнасьці і матывацыі грамадзянаў да навучаньня па адмысловых спэцыяльнасьцях.
Інспэктарка аддзелу міністэрства Марыя Карпенка патлумачыла, што такія сумоўі ўжо ня першы год праводзяцца ў Вайсковай акадэміі, а таксама ў Акадэміі Міністэрства ўнутраных справаў. Цяпер, згодна з прэзыдэнцкім указам, гэтая практыка пашырана і на грамадзянскія спэцыяльнасьці.
Гэта “дзяржаўнае кіраваньне”, “дзяржаўнае кіраваньне і права”, “дзяржаўнае кіраваньне і эканоміка”, “міжнародныя адносіны”, “міжнароднае права”, “правазнаўства”, “эканамічнае права”, “журналістыка”, “міжнародная журналістыка”, “мытная справа”.
Якім жа “асаблівым патрабаваньням” павінен адпавядаць абітурыент, які абірае гэтыя спэцыяльнасьці? Марыя Карпенка сказала:
“Гэтыя спэцыялісты прэзэнтуюць інтарэсы дзяржавы на міжнароднай арэне, у судах і гэтак далей. То бок, адмысловыя спэцыяльнасьці, скажам так”.
Абскарджаньне рашэньня камісіі не прадугледжана
Для ўдзелу ў сумоўі трэба падаць заяву ў пэрыяд ад 5 да 31 сакавіка. А праводзіцца яно будзе ад 5 па 30 красавіка. Адмысловая камісія, якая будзе складацца прыкладна зь пяцёх асобаў, бальшынёй галасоў вырашыць рэкамэндаваць ці не кандыдата на ўдзел у конкурсе. Навучальныя ўстановы сфармуюць гэтыя камісіі да 15 сакавіка. Адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУ Людміла Хухлындзіна сказала:
“Сумоўе будзе ісьці ў вуснай форме. Удзел у камісіях будуць браць прадстаўнікі дэканатаў, прафэсары па спэцыяльнасьцях, могуць быць псыхолягі і прадстаўнікі розных ведамстваў”.
У навучальных установах пакуль ня кажуць, на якіх падставах будзе адмоўлена прэтэндэнту ў паступленьні на тую ці іншую спэцыяльнасьць. На пытаньне, ці можна будзе абскардзіць рашэньне камісіі, Марыя Карпенка сказала:
“У інструкцыі гэта не прадугледжана. Рашэньне камісіі – калегіяльнае. Будуць пратаколы паседжаньня весьціся. Калі яму будзе адмоўлена, то яму будзе патлумачана, чаму яму было адмоўлена ў выдачы рэкамэндацыі”.
Якія ж пытаньні будуць задаваць сябры камісіі і як падрыхтавацца да сумоўя?
Прадстаўнік прыёмнай камісіі менскага Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага унівэрсытэту імя Максіма Танка Сяргей Васілец сказаў:
“Гэта ўжо пытаньне вы задаяце датэрмінова, і да таго ж, я ня думаю, што мы будзем раскрываць сутнасьць гэтага пытаньня.
Сумоўе праводзіцца для таго, каб мы маглі адабраць па пэрсанальных якасьцях людзей, якія ў нашым ВНУ будуць паступаць, у прыватнасьці, на спэцыяльнасьць, зьвязаную з журналістыкай. У сілу таго, што рашэньнем кіраўніка нашай дзяржавы такія людзі павінны правярацца па пэўных здольнасьцях”.
А.Паўлаў: “Грубае і беспардоннае парушэньне заканадаўства”
Сябра Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Гацура, якая займаецца пытаньнямі студэнцтва, сказала, што сябры БХК у якасьці экспэрымэнту паспрабуюць прайсьці гэтае сумоўе, каб даведацца ягоную сутнасьць.
“Пры тых умовах, каб было зразумела, для чаго яно робіцца і як яны яго робяць, то на гэта можна было б глядзець як на нармальную зьяву. А тое, што там – незразумела. Наколькі я ведаю псыхалягічныя тэсты, высьвятляць, здольны чалавек ці не – пакуль практыкі такой няма.”
Паводле былога прарэктара Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Анатоля Паўлава, гэтыя камісіі ствараюцца дзеля таго, каб адсеяць апазыцыйна настроеную моладзь, зачыніць ёй дзьверы на гэтыя спэцыяльнасьці:
“Людзям, якія рыхтуюць такія дакумэнты і падпісваюць іх, я параіў бы паглядзець Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. А там выразна напісана, што ў Рэспубліцы Беларусь кожны грамадзянін на конкурснай аснове мае права атрымаць бясплатную адукацыю. Вось ідзі, пакажы свае веды. А ўсё астатняе – гэта грубае і беспардоннае парушэньне заканадаўства”.
Спадар Паўлаў зьвяртае ўвагу яшчэ і на маральны аспэкт гэтага новаўвядзеньня:
“Каго мы расьцім у нашай дзяржаве – крывадушнікаў? Чалавек, які хоча атрымаць такую адукацыю, ён што, мусіць прыйсьці на гэтае сумоўе і лгаць ім у вочы? Што яны будуць, ставіць дэтэктар ілжы? Зь дзяцінства, зь юнацтва мы моладзі паказваем, што ў нашай краіне трэба ілгаць”.