Агляд беларускага сеціва
Сёньня Аляксандар Лукашэнка скасаваў дзеяньне залатой акцыі – інстытуту асаблівага права дзяржавы на ўдзел у кіраваньні гаспадарчымі суб'ектамі. У афіцыйным паведамленьні гаворыцца, што адмова ад гэтай нормы “будзе спрыяць стварэньню спрыяльных умоваў для прыцягненьня прамых замежных інвэстыцыяў у рэальны сэктар эканомікі Беларусі”. Блогерка barilotti ва ўласным дзёньніку занатавала: “Лукашэнка адмяніў залатую акцыю. А дзе гарантыя, што заўтра не ўвядзе?”
Камэнтары. fox_unexisted: “Увядзе плятынавую — новае слова ў эканоміцы!»
baciukou: “Лепш бы ўвёў яшчэ сёньня. Маскалі ўсё скупяць на карню. Таму яны і сустракаліся, мусіць, з Пуціным, Зубковым і Мядзьведзевым нядаўна”.
На форумах парталу tut.by наведнікі выказваюцца з нагоды прафэсійнага сьвята супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных справа — Дня міліцыі.
ur напісаў: “Міліцыянтаў віншую з прафэсійным сьвятам! А мянтоў — ненавіджу... Шкада, што ў іх форма аднолькавая”.
DARID: “За 30 гадоў даводзілася мець справу толькі з адным міліцыянтам, да якога ў мяне ўзьнікла павага. Відаць, таму ён ужо былы. Мусіць, ня можа там чэсны і моцны чалавек служыць. Буду толькі рады пераканацца ў адваротным. Віншаваньняў ня будзе. Будзе шкадаваньне, што ў любімай краіне такая міліцыя”.
dima-1102: “Нармальныя людзі там альбо сьпіваюцца, альбо адтуль сыходзяць. Ад кантактаў зь імі толькі адмоўныя эмоцыі. Дарэчы, мяркуючы па маёй сям'і, працэнт раскрыцьця злачынстваў у мянтоў 0 працэнтаў. Так што дрэнных вам сьвятаў, мянты. І больш дэсантуры вам насустрач”.
ALEUS: “Мае віншаваньні і вялізнае дзякуй за той урок, што мне даў гадоў 6 назад адзін старшына (на ўсё жыцьцё запомніў "твар" настаўніка), які падчас праверкі дакумэнтаў так "праверыў" пашпарт, што зь яго зьніклі 50 "забітых янотаў".
_w_: “Чаму, калі "крыўдзяць", усе зьвяртаюцца ў міліцыю, і тады мянты добрыя, а калі ўсё нармальна, усе мянты вырадкі? Яны ж ня зь іншай плянэты прыляцелі, а расьлі і выхоўваліся разам з "нармальнымі людзьмі".
Сайт Хартыі'97 апавядае пра тое, што галівудзкі рэжысэр Эдвард Цьвік завяршыў у Літве здымкі фільму пра Другую сусьветную вайну. У галоўнай ролі камандзіра беларускага партызанскага атраду зьняўся актор Дэніэл Крэйг, Джэймс Бонд з «Казіно «Раяль». Папраўкі давялося ўносіць ня толькі з нагоды надвор'я. Напрыклад, беларускія акторы заспрачаліся з Цьвікам з нагоды песьні, якую, седзячы ля вогнішча, маглі сьпяваць партызаны. Паводле папярэдняй задумы рэжысэра, яны сьпявалі чамусьці расейскую народную песьню «Чёрный ворон», а акторы пераконвалі, што гэта хутчэй за ўсё была родная сэрцу кожнага беларуса «Купалінка». Здымачнай групе песьня спадабалася.
Карыстальнік А пракамэнтаваў: “Цікава, ці ёсьць у фільме рэальныя факты партызанскай вайны: як за забітага партызанамі немца карнікі палілі ўсю вёску з жыхарамі. Ці расстрэльвалі кожнага дзясятага. У нас дагэтуль гэта замоўчваюць".
Zora: "Пра жахлівых карнікаў раскажы маёй бабулі, а то яна страшней за партызанаў нікога ня бачыла: партызаны суткі іх пад кулямётамі трымалі ў якасьці закладнікаў. Вёска Шкава Бабруйскага раёну. Ды савецкія лётчыкі спэцыяльна бамбілі вёскі зімой, каб немцам не было дзе пагрэцца. Жыхары ў разьлік ня браліся. Так загінула сястра маёй маці 5-гадовая Шырка”.
Дрыгавіч: “Вось такія яны рэгулярныя маскоўскія войскі (сухапутныя часткі, НКУС на парашутах і г.д.): ішлі біць адных нямецкіх акупантаў, каб усталяваць сваю савецкую акупацыю, а на мірнае беларускае насельніцтва ім было напляваць! Як бы ні куражыліся нэакамуністычныя ідэолягі лукашэнкаўскага акупацыйнага ўраду, але праўду зброяй і сілай не задушыш! Такую чыстую ваенную праўду пісаў Васіль Быкаў. Такую ж чысьцюткую ваенную праўду можна прачытаць у мэмуарах беларускіх партызанаў і чальцоў партызанскіх частак БНР".