Выбары ў Расеі прайшлі без сюрпрызаў

У Расеі працягваецца падлік галасоў на прэзыдэнцкіх выбарах. Пасьля падліку 98% бюлетэняў лідзіруе першы віцэ-прэм’ер Дзьмітры Мядзьведзеў. Яго падтрымалі 70% выбарцаў.

За лідэра камуністаў Генадзя Зюганава прагаласавалі амаль 18%, лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Ўладзімір Жырыноўскі атрымаў каля 10%, а за старшыню пракрамлёўскай Дэмакратычнай партыі Андрэя Багданава прагаласавалі трохі болей як 1%.

Выбарчая актыўнасьць была крыху вышэйшай чым на выбарах 4 гады таму і перавысіла 64%.

Насуперак заявам Цэнтральнай выбарчай камісіі, Зюганаў і Жырыноўскі лічаць, што выбары адбыліся са шматлікімі парушэньнямі і зьбіраюцца праз суд абскардзіць іх вынік. Яны не пагаджаюцца таксама з лічбамі, датычнымі выбарчай актыўнасьці.

Не было нечаканасьці і адносна таго, якую палітыку будзе праводзіць Дзьмітры Мядзьведзеў. На прэс-канфэрэнцыі ў Маскве ён сказаў:

"Што тычыцца прыярытэтаў зьнешняй палітыкі, то, я лічу, мы павінны праводзіць незалежную зьнешнюю палітыку – такую палітыку, якая праводзілася апошнія восем гадоў. Асноўным сэнсам якой зьяўляецца абарона расейскіх інтарэсаў, па ўсяму параметру, усімі магчымымі спосабамі".