Як і можна было чакаць, Аляксандар Казулін вярнуўся ў калёнію. Я мяркую, што ён будзе вызвалены датэрмінова пад ціскам і ў адказ на патрабаваньні з самых розных бакоў, аднак выпадала б спытацца ў самога Казуліна, ці хоча ён проста вызваленьня ў выніку прэзыдэнцкага “памілаваньня”, ці - як гэтага патрабуе “Міжнародная амністыя” - у выніку справядлівага перагляду ягонай справы і рэабілітацыі.
У наш час мы назіраем узмоцненую прагу і адчуваньне патрэбы справядлівасьці. Умацавалася таксама пазыцыя справядлівасьці як маральнага і грамадзкага прынцыпу. На думку многіх філёзафаў і грамадзкіх дзеячоў, адзіным паратункам для сьвету, падзеленага эканамічна і палітычна, можа быць менавіта справядлівасьць, гэта значыць сумленнае акрэсьленьне таго, што каму належыць, чаго хто заслужыў. У лібэральных заходніх дэмакратыях паняцьце “справядлівасьці” выводзіцца са старажытнагрэцкай традыцыі і рымскага права. Аднак бываюць выпадкі, калі справядлівасьць паводле літары закону - гэта зьдзек над правасудзьдзем і над чалавекам.
Існуе лацінскае выслоўе з рымскага права: “Scire leges non hoc est verba earum tenere, sed vim ac potestatem” (“Веданьне законаў не палягае на літаральным тлумачэньні іх, але на ўмелым карыстыньні іх сэнсам”). У кнізе Натаніэла Готарна “Пунсовая літара” разказваецца такі выпадак. У ХІХ стагодзьдзі ў грамадзе пурытанаў у ЗША (вельмі патрабавальнай у сэнсе маралі) незамужняя дзяўчына нарадзіла дзіця. Абураная грамада запатрабавала ад яе публічна пакаяцца і сказаць, хто зьяўляецца бацькам дзіцяці. Маладая маці плакала, каялася, але назваць імя свайго каханка адмовілася. Раззлаваныя старэйшыны грамады загадалі ёй насіць на вопратцы вышытую пунсовую літару “А” (ад “adultery” - блудадзейства). Згадзіцеся, што ў дадзеным выпадку строгія ў дачыненьні да саміх сябе пурытане аказаліся бяздушнымі людзьмі, пазбаўленымі элемэнтарных пачуцьцяў, без павагі да чалавека, людзьмі, якія навязваюць свае нормы жанчыне, якая перажывае драму, якая не рашылася на аборт, але гатовая выхаваць пазашлюбнае дзіця. Заміж падтрымкі з боку грамады яна сутыкнулася з каракатурнай “справядлівасьцю”.
Казулін быў асуджаны на 5,5 гадоў калёніі агульнага рэжыму за „злоснае хуліганства, а таксама арганізаваньне і ўдзел у несанкцыянаваных акцыях”. З фармальнага пункту гледжаньня, усё адбылося ў адпаведнасьці з дзейным заканадаўствам. Аднак у Беларусі мала хто верыць у справядлівасьць гэтага прысуду. Ён быў вынесены “па-максымуму”, пад выразным ціскам зьверху. Магчымасьць злоўжываньня правасудзьдзем вядомая ўжо са старажытнасьці, а ўсьведамленьне гэтага факту прывяло да сфармуляваньня крылатай фразы: “summum ius - summa iniuria” (Вяршыня закону - гэта вяршыня беззаконьня). Інакш кажучы, вельмі літаральнае і фармальнае стаўленьне да закону ператвараецца ў несправядлівасьць. Хто як хто, але судзьдзі павінны ведаць лацінскую юрыдычную норму: “Prohibenda est ira in puniendo” (“Прызначаючы пакараньне трэба ўтаймоўваць гнеў”). Прысуд, вынесены з заўзятасьцю, агрэсіяй, нянавісьцю і помсьлівасьцю, ня можа быць справядлівы. Судзьдзі напэўна ведаюць і такое лацінскае выслоў'е: “Tam de se index indicat, quam de reo”. (Судзьдзі выносяць прысуд гэтак ў дачыненьні да падсуднага, як і да саміх сябе) . Няхай не забываюцца, што магчыма некалі і ім на падставе таго самага заканадаўства адмераюць такой самай меркай, якой яны мералі. І яшчэ: “Cogitationis poenam nemo patitur” (Ніхто не павінен быць пакараны за свае думкі), а віна Казуліна - гэта ня “злоснае хуліганства”, але найперш палітычная пазыцыя, погляды і думкі.
Справядлівасьць паводле літары закону ня можа быць адзінай і канчатковай нормай эканамічнага і грамадзкага ладу. Сацыяльная справядлівасьць павінна быць спалучаная з прынцыпам любові, бо суб'ектыўнае разуменьне ідэі справядлівасьці уяўляе сабою пагрозу яе скажэньня. Справа ў тым, што неаднойчы справядлівасьць разумеецца як задавальненьне спадзяваньняў пэўнага чалавека, пэўнай групы людзей пры адначасовым ігнараваньні спадзяваньняў іншага чалавека і іншага кола людзей. Справядлівасьць для адных цягне за сабою несправядлівасьць у дачыненьні да іншых. І што цікава, усё адбываецца са спасылкай на дзейнае заканадаўства.
Назіраньне і досьвед сучасных рэаліяў і мінуўшчыны вядуць да высновы, што адной толькі справядлівасьці недастаткова для будаваньня здаровых міжчалавечых адносінаў, для пераадоленьня існуючых падзелаў і кантрастаў. Сацыяльная справядлівасьць павінна быць спалучаная з прынцыпам любові. Прынамсі гэта лічыць Царква. Некалі Марцін Лютэр Кінг гаварыў, што справа ня ў тым, каб заўсёды быў пад рукою нейкі “міласэрны Самаранін”, але каб па дарозе зь Ерузаліму ў Ерыхон не было нападаў, каб ня трэба было нікому зьбітаму дапамагаць. На жаль, абсалютнага праварадку ніхто ня ў стане гарантаваць, і часта прыходзіцца разьлічваць не на паліцыю і суды, але на звычайную чалавечую міласэрнасьць.
Паводле Яна Паўла ІІ (Dives in misericordia) міласэрнасьць - “найглыбейшая крыніца справядлівасьці”. У дачыненьні да справядлівасьці, міласэрнасьць - гэта яе карэкта і ўдасканаленьне. Прынцып чыстай справядлівасьці важны і мабыць слушны, але больш высакародны жэст бацькі біблійнага “марнатраўнага сына”. У гэтым выпадку справядлівасьць як ідэя роўнасьці і ўзаемнасьці не была адкінутая, але яшчэ болей падкрэсьленая. Проста розьніца паміж справядлівасьцю і міласэрнасьцю ў тэалягічным сэнсе палягае ў тым, што да ўчынкаў ужываецца мерка справядлівасьці, а да людзей - мерка любові.
Сапраўдная міласэрнасьць - гэта больш дасканалае ажыцьцяўленьне справядлівасьці. Адной з праяваў міласэрнасьці зьяўляецца прабачэньне. Калі б элімінаваць з нашага сьвету ўсялякае дараваньне правінаў, ён застаўся б толькі сьветам бяздушнага і жорсткага правасудзьдзя. У імя гэтага правасудзьдзя на той самай падставе адзін судзіў бы, а другі абараняўся б, але ўсё роўна перамог бы мацнейшы. Аднак побач з пакараньнем існуе і прабачэньне. Яно не азначае паблажлівага стаўленьня да зла, не пярэчыць паняцьцю справядлівасьці і не скасоўвае патрабаваньняў выправіць учыненае зло і кампэнсаваць яго.
Магчыма, Аляксандар Казулін не жадае ні міласэрнасьці, ні прэзыдэнцкага памілаваньня, і магчыма, гэта ніжэй ягонай годнасьці. У такім разе няхай вызваленьне адбудзецца паводле справядлівасьці, але я яму проста жадаю, каб ён хутчэй выйшаў на волю.