Музыкі і публіка падсумоўваюць музычны 2007 год.
Як адзначаюць назіральнікі, сёлетняя цырымонія “Рок-каранацыі” суправаджаецца шэрагам нюансаў, якія дадаюць праўдападобным вынікам самой цырымоніі дадатковую інтрыгу.
Па-першае, пасьля памятнай сустрэчы беларускіх рок-музыкаў з кіраўніком дзяржаўнай ідэалягічнай службы “Рок-каранацыя” адбываецца, так бы мовіць, у поўным фармаце: ніхто з забароненых раней калектываў ня быў адхілены ад удзелу ў падвядзеньні вынікаў музычнага 2007 году.
Па-другое, як ніколі раней лідэры айчыннай рок-музыкі, быццам змовіўшыся, выдалі летась новыя альбомы, таму ўдзельнікі журы цырымоніі, напэўна, мелі клопат з вызначэньнем найлепшых у розных катэгорыях.
Па-трэцяе, адзін з найбольш заслужаных чальцоў журы, рэдактар “Музыкальной газеты” Алег Клімаў публічна заявіў пра сваю нязгоду з мэтодыкаю адбору намінантаў і пакінуў склад журы.
У той жа час сярод тых, хто вызначаў найлепшых, упершыню апынуліся арганізатары рок-фэстаў, што адбыліся летась па-за межамі Беларусі: Радак Дамброўскі (“Басовішча”) і Давід Блюўштэйн, прадусар фэстывалю “be2gether”, які адбыўся ў Літве.
Жывы рэпартаж з “Рок-каранацыі” слухайце ў нашым начным эфіры.