Ян Маўзэр: эканаміст, патрыёт, рокер

Ян — адзін са стваральнікаў гурту “Таварыш Маўзэр”, мае 25 гадоў, жыве ў Магілёве, гастралюе па ўсёй Беларусі, а таксама за мяжой. Стаўся вядомым дзякуючы перамозе на фэстывалі “Басовішча” ў 2005 годзе. За ўдзел у пратэстах на Кастрычніцкай плошчы Менску ў сакавіку 2006 году быў вымушаны сысьці з працы ў “Беларусбанку”, пасьля чаго адчуў палёгку. Сваё сапраўднае прозьвішча не афішуе, бо яно яму не падабаецца.

Ян мяркуе, што беларускамоўнасьць у Беларусі пакуль субкультура, але бачыць, што кола носьбітаў мовы пашыраецца. “Мы дзейнічаем на ўсё тым жа полі аматараў беларускага року. Але гэтае поле расьце. Прапарцыйна колькасьці людзей, якія скандуюць перад сцэнай “Жыве Беларусь!”, — кажа Маўзэр. Яны слухаюць наш рок не таму, што яны патрыёты. Яны робяцца патрыётамі, слухаючы нас. Бо яны бачаць, што сваё можа быць лепшым”, — цьвердзіць Янка Маўзэр. Нядаўна з назвы гурту прыбралі слова “таварыш” — бо ня ўсе разумеюць алюзію на паэзію Маякоўскага.

Сьціплы, стрыманы, спакойная манера гаварэньня. Ня верыцца, што на сцэне Ян Маўзэр выдае круцялі пад экстрэмальную цяжкую музыку:

“Мы думалі, як гэта акрэсьліць. Нарэшце я прыдумаў назву pop-metal. У гэтым стылі граем толькі мы”.



Што да будучыні гурту, Янка Маўзэр кажа ўпэўнена:

Янка: “Пост-імпэрская сьвядомасьць: тое, што робіцца папулярным у Расеі, аўтаматычна робіцца папулярным і тут. Бо калі там ацанілі, значыць, гэта штосьці вартае. Самі ня могуць да канца ацаніць. Музычная дзейнасьць у Беларусі нагадвае імітацыю дзейнасьці. Таму мы нават адмаўляемся больш як ад паловы прапановаў па выступах, бо рыхтуемся зрабіць вялікі рывок на іншыя (замежныя) рынкі”.

Ян Маўзэр жыве ў самым цэнтры Магілёву:

Янка: “Магілёў — вельмі ўтульны горад для жыцьця. Я жыву ў самым цэнтры, але ў ціхім месцы ў дварах. Я тры разы на тыдзень выходжу ў спартзалю: мне прайсьці хвілінаў 10—15”.

Цяпер Янка Маўзэр мае магчымасьць зарабляць на жыцьцё ганарарамі за творчасьць, не прывязаны да штодзённага працоўнага “станка”:

Янка: “Мне трэба было, каб вакол мяне былі сваякі, сябры, дзяўчына, “Маўзэр”... А яны ўсе тут. Таму мне тут падабаецца”.

* * *
Наташа

Калі Янка жыве ў цэнтры, дык ягоная дзяўчына Наташа — на ўскрайку Магілёву. Наташа пачынае па-беларуску, але пасьля просіць прабачэньня і пераходзіць на расейскую: маўляў, яшчэ не давучыла беларускую так, каб шпарка гаварыць.

Наташа: “Чалавек. На якога можна пакласьціся. Ён заўжды робіць тое, што кажа, і адказвае за свае словы. Гэта мне ў ім падабаецца. Мы знаёмыя паўтара года, і я ніколі ў ім не расчароўвалася. Чалавек спакойны, удумлівы... Можа, канечне, і сарвацца, але гэта бывае вельмі рэдка. У нас падобныя густы, падобныя інтарэсы. У музыцы, у літаратуры, кіно... Шмат агульнага. Таму мне зь ім цікава”.

“Ён заўжды робіць тое, што кажа, і адказвае за свае словы”.

Відаць, Наташа — адзіная прыхільніца Янкі Маўзэра, якая ня ходзіць на канцэрты гурту “Маўзэр”:

Наташа: “На канцэрты я зь ім ня езьдзіла. Я вельмі за яго перажываю, калі ён на канцэртах, а калі яшчэ буду прысутнічаць, то перажываньні будуць зашкальваць. Таму я не хачу сябе расстройваць. Хоць усё роўна пасьля ад сяброў дазнаюся, што яны выступілі клясна”.

Карэспандэнт: “А музыка “Маўзэра” вам падабаецца?”

Наташа: “Так. Часам слухаю”.

Цяпер Наташа — студэнтка Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Яна пазнаёмілася зь Янкам яшчэ падлеткам:

Наташа: “Хутчэй за ўсё ў школе... Так, гэта быў 11-ы кляс. Але я іх тады ня слухала. Папросту ў магілёўскім асяродку ходзяць... Ня тое каб чуткі... папросту чалавек вядомы ў Магілёве, і пра яго штосьці дазнаесься. А асабіста пазнаёміліся зь ім… я нават ня ведала, хто ён такі. Як ні банальна, мы пазнаёміліся ў інтэрнэце на сайце знаёмстваў. Літаральна праз пару дзён высьветлілася, што мы ходзім у тую ж самую трэнажэрную залю. І працягнулі нашае знаёмства там”.

Карэспандэнт: “Мы зайшлі ў школу, дзе вучыўся Янка. Вось, дарэчы, школьніца — фанатка гурту:

Фанатка Маша: “Калісьці нам сказалі на ўроках, што “Таварыш Маўзэр” — гэта ж такая жудасьць, як вы можаце такое слухаць. Гэта ж не “За Беларусь!” Гэта ж усё-ткі школа. Яны калісьці рэпэтавалі ў нас у школе нядоўгі час. Пасьля дырэктар штосьці дазнаўся пра іх. І папросту забараніў рэпэтаваць там”.

“Калісьці нам сказалі на ўроках, што “Таварыш Маўзэр” — гэта ж такая жудасьць, як вы можаце такое слухаць. Гэта ж не “За Беларусь!”

Янка Мазўзэр ставіць аўтограф

Навучэнку апошняга, адзінаццатага клясу клічуць Машай. Маша часта бывае за мяжой, любіць рок-музыку і мае свае музычныя сымпатыі:

Фанатка Маша: “Я лічу, што з магілеўскай рок-сцэны “Таварыш Маўзэр” — адзін з самых пэрспэктыўных гуртоў. Бо яны пішуць вельмі правільную музыку. То бок з сэнсам. Ня тое, што прыгожа запісанае пад гітару тралі-валі... У іх у музыцы ёсьць сэнс. Калі ў іх выйшаў альбом “Радасьць”, яго можна было слухаць і слухаць, пераслухоўваць”.

Маша раскрывае таямніцы грамадзкага існаваньня Янкі Маўзэра ў Магілёве:

Фанатка Маша: “Янка Маўзэр лічыцца сэкс-сымбалем Магілёву. На ім любяць вешацца маленькія прыгожанькія дзяўчаткі. І ён любіць дзяўчат. Калі Янка пройдзецца, усе абмяркоўваюць: “О! Вы бачылі? Гэта Янка Маўзэр!”, “Я ведаю Янку Маўзэра, о так!” і г.д.”

Ані Янка, ані Янкава дзяўчына Наташа пра нашу размову з фанаткай Машай ня ведаюць. У кожным выпадку, Наташа пра Янку гаворыць спакойна:

Наташа: “Можа, ён у нейкай ступені эгаіст, але ў прынцыпе гэта правільна. Часам спрабую змагацца з гэтым, бо часам гэта можа мяне закрануць. Але так, у прынцыпе, мяне ў ім усё задавальняе”.

Гітарыста гурту “Маўзэр” ўсе ведаюць пад нікам Колгас
Паплечнік і калега Янкі Маўзэра Ўладзімер “Колгас” Селядцоў, гітарыст, аўтар музыкі, сузаснавальнік гурту ня робіць зь сябра ідала:

“Ён можа быць жорсткі, вельмі капрызьлівы, ён вельмі таленавіты чалавек, шмат над сабой працуе, робіць усё, каб дасягнуць таго, чаго ён хоча... Калі мы позьнімся на рэпэтыцыю — злуецца, лаецца! Мы ведаем адзін аднаго гадоў 6—7. Мы сыграныя. Нам дастаткова проста адзін з адным працаваць. Я займаюся ўсім прамоўшанам гурту “Маўзэр”, а Янка — франтмэн-лідэр.


Жэня Манцэвіч рабіла фотасэсію для Янкі Маўзэра:

Манцэвіч: “Калі праўду казаць, то ён мне адразу не спадабаўся, бо ён занадта вылучаецца з натоўпу, не такі, як усе. І мне здавалася, што гэта ня вельмі добра ўплывае на яго як на асобу. Таму я адразу незалюбіла яго. Але гэтае стаўленьне адразу зьмяніла першая ж размова. Я зразумела, што гэта цікавы чалавек, і зьнешнасьць не азначае, што чалавек ганарлівы. Выявіўся вельмі-вельмі добры, разумны і прыемны ў размове чалавек”.

Як і Янкава дзяўчына Наташа, Жэня Манцэвіч ня бачыць нічога заганнага ў эгацэнтрызьме свайго фотагероя:

Манцэвіч: “Ён сябе любіць, і любіць, каб людзі яго таксама любілі. Ён ніколі ня супраць, каб ягоныя фотаздымкі, і нават правакацыйныя фотаздымкі, дзесьці ў інтэрнэце зьяўляліся. Наадварот, я нядаўна павесіла ягоныя фоткі ў ЖЖ, і ён тэлефануе і кажа: “Жэнька, давай вешай яшчэ”. Ён вельмі добра да гэтага ставіцца”.

“Але насамрэч ён вельмі добры, клясны. Зь ім вельмі добра, весела”.

А яшчэ Жэня Манцэвіч распавядае пра “выпяндрожнасьць” Янкі Маўзэра:

Манцэвіч: “Такая адметная рыса. Я ведаю шмат людзей, якія ня ведаюць яго асабіста. І ня любяць яго: за тое, што ён штаны спусьціўшы. Што ён выпендрываецца, што хоча паказаць сябе з такога боку. Але насамрэч ён вельмі добры, клясны. Зь ім вельмі добра, весела”.

* * *

Цяпер зь Янкавай сям’і ў Магілёве жыве адно мама — спадарыня Ларыса, якая працуе ў мэдычным цэнтры. Бацька Мікалай — у Маскве, гэтак, як і маці — стаматоляг, а васямнаццацігадовая сястра Ала вучыцца ў Баўгарыі ў Амэрыканскім унівэрсытэце. Сустракаемся са спадарыняй Ларысай у цэнтры Магілёву. Гаворым пра сына Янку:

Мама: “У нас, у прынцыпе, не такія ўжо вялікія праблемы. Я разумею яго, імкнуся разумець. Добры, разумны хлопец са сваім пунктам гледжаньня на ўсё і на ўсіх. Мяркую, што маё прызначэньне — не перашкаджаць, а памагчы, чым магу”.

Мы зь Янкам спрабавалі пагутарыць з былымі школьнымі настаўнікамі. Але ўсе адмовіліся — спаслаліся на неабходнасьць адмысловага дазволу раённага начальства. Янка быў зьдзіўлены, не чакаў, што школьнае кіраўніцтва спужаецца журналіста. Але спадарыня Ларыса пра сынаву школу адгукаецца вельмі зычліва:

Мама: “Ён вучыўся ў нашай гімназіі №3, і я ім удзячная за тое, што яны ня ціснуць на дзяцей. І даюць ім магчымасьць самавыказвацца. Слухаюць іхнія, можа, не зусім правільныя меркаваньні. Сын быў доўгавалосы ў школе. Яго там ніхто ня стрыг і не прымушаў стрыгчыся”.

* * *

Янка пачаў гаварыць па-беларуску ўжо пасьля школы:

Мама: “На трэцім ці на чацьвёртым курсе ён пачаў гаварыць па-беларуску. На вялікі жаль, я ня ўмею правільна гаварыць па-беларуску, таму я не спрабую гэтага рабіць. Я шмат чаго не разумела. Перапытвала, ён перакладаў. Сястра ягоная — мая дачка — ужо месяцы тры-чатыры як пачала са мною, з бацькам гаварыць па-беларуску. Ён мне на працу тэлефануе, гэта спачатку ў калегаў выклікала зьдзіўленьне. Цяпер народу нават падабаецца”.

“Першае, што прыходзіць на думку, — вобраз ідэальнага беларуса”.

Музычны мэнэджэр, адзін са стваральнікаў музычнага парталу “Тузін Гітоў” Аляксей Мінчонак:

Мінчонак: “Калі кажуць “Янка Маўзэр”, то першае, што прыходзіць на думку, — вобраз ідэальнага беларуса: чалавек, які кожны дзень размаўляе беларускай мовай, сваёй творчасьцю прапагандуе беларушчыну. Ва ўсіх сваіх дзеяньнях ён скіраваны на папулярызацыю беларушчыны. Канцэнтрат беларускіх ідэяў у адной асобе”.

* * *

“Калі зьявяцца барыкады, то, безумоўна, зьяўлюся і я”.



У 2001 годзе Янку Маўзэру было 18 гадоў, ён арганізаваў у цэнтры Магілёва ланцуг неабыякавых людзей, як мяркуе, самы вялікі ў Магілёве. За арганізацыю несанкцыянаванага пікету меў адміністратыўную судзімасьць.

Янка: “Маўзэр” быў палітызаваным гуртом. Цяпер я пішу на іншыя тэмы. Больш экзыстэнцыяльныя. Тады мяне цікавіла палітыка, цяпер — не. Калі зноў зацікавіць, пачну пісаць зноў пра гэта”.

Карэспандэнт: “А чаму не цікавіць? Што зьмянілася? Ці ты зьмяніўся?”

Янка: “Напэўна, няма значных палітычных падзеяў у Беларусі”.

Карэспандэнт: “Можна сабе ўявіць, што ты зноў зьявісься на барыкадах?”

Янка: “Калі зьявяцца барыкады, то, безумоўна, зьяўлюся і я”.