Абвяшчэньне незалежнасьці Косава выклікала вялікі ўсплёск эмоцыяў у сьвеце.
Калі сутыкаюцца два прынцыпы міжнароднага права (прынцып непарушнасьці дзяржаўных межаў і прынцып права нацыяў на самавызначэньне), якія супярэчаць адзін аднаму, у сілу ўступае палітычная мэтазгоднасьць, як яе разумеюць галоўныя міжнародныя актары. Сёньня ў такой ролі выступаюць ЗША і Эўразьвяз (ЭЗ). Ня будзем цяпер абмяркоўваць прычыны, матывы і магчымыя наступствы дзеяньняў розных дзяржаваў, ня гэта прадмет нашага артыкула.
Зразумела, чаму ў Расеі вакол гэтай падзеі ўзьнялася істэрыка. Там дзейнічае постымпэрскі сындром, псыхалягічная траўма ад страты статусу вялікай дзяржавы. Масква страціла свой традыцыйны ўплыў на Балканах, яе голас ня хочуць чуць асноўныя гульцы міжнароднай палітыкі. Таму яна і крычыць.
Акрамя таго, ёсьць і чыста практычныя матывы. Расея імкнецца выкарыстаць гэтую сытуацыю, каб апраўдаць сваю палітыку ў дачыненьні да Абхазіі, Паўднёвай Асеціі, Прыднястроўя.
Цікавей тое, чаму гэтыя падзеі моцна ўсхвалявалі Беларусь. Афіцыйныя асобы і дзяржаўныя мэдыі пачалі масаваную прапагандысцкую кампанію супраць незалежнасьці Косава. Здаецца, беларускіх інтарэсаў у гэтым рэгіёне няма.
Зусім нядаўна, калі журналіст А.Зьдзьвіжкоў быў жорстка пакараны за карыкатуры на прарока Мухамада, шмат хто з экспэртаў патлумачыў гэта жаданьнем беларускіх уладаў дагадзіць мусульманскім краінам, зь якімі Беларусь апошнім часам шчыльна супрацоўнічае і нават сябруе. А вось цяпер якраз ісламскі сьвет падтрымаў незалежнасьць Косава. Атрымліваецца, што Беларусь апынулася ў лягеры праціўнікаў мусульманскіх дзяржаваў, абараняе “славянскіх братоў”, прычым у міжнародным пытаньні, якое непасрэдна ня тычыцца беларускіх інтарэсаў. Якая лёгіка існуе ў пазыцыі беларускіх уладаў?
Найперш, вастрыё крытыкі скіравана ня супраць ісламскага сьвету, а супраць Захаду. З тлумачэньняў беларускіх дзяржаўных мэдыяў вынікае, што заходнія краіны вераломныя паводле вызначэньня. У іх “двайныя стандарты”, яны кажуць пра дэмакратыю, права, а самі парушаюць усе гэтыя прынцыпы. З гэтага вынікае, што калі палітыка Захаду несправядлівая ўвогуле, то яна несправядлівая і адносна Беларусі.
Галоўны вораг, зразумела, — гэта ЗША. Гэта яны штучна справакавалі косаўскі крызіс, каб дэстабілізаваць Эўропу і панаваць над сьветам. А яшчэ ЗША прызналі Косава таму, што імкнуцца мець там вайсковую базу. (Незразумела, чаму амэрыканцы ня могуць атрымаць базу ў суседніх краінах-сябрах НАТА: Грэцыі, Баўгарыі, Румыніі, Італіі? Навошта такая складаная міжнародная камбінацыя, каб мець базу менавіта ў Косава?)
Акрамя таго, абвяшчэньне і прызнаньне незалежнасьці Косава — гэта, маўляў, працяг вайны Захаду супраць Югаславіі ў 1999 годзе. А гэтая падзея даўно ўвайшла ў дзяржаўную беларускую ідэалёгію ў якасьці дзяжурнага прыкладу імпэрыялістычнай палітыкі ЗША, НАТА, увогуле заходняга сьвету. Важным элемэнтам афіцыёзнай міталёгіі стала паездка Лукашэнкі ў Бялград падчас натаўскіх бамбёжак, каб бараніць славянскіх братоў. Пра гэта сам беларускі лідэр узгадаў у інтэрвію расейскім мэдыям і папракнуў Расею за тое, што яна тады не паслухала ягоных прапановаў.
І апошняя прычына – гэта спроба падгуляць Расеі, засьведчыць сваю саюзьніцкую ролю, давесьці Крамлю, што мы ў адной лодцы, якую атакуе варожы Захад.
Такім чынам, крызіс, выкліканы абвяшчэньнем незалежнасьці Косава, стаў нагодай для разгортваньня беларускімі ўладамі чарговай антызаходняй кампаніі. Цікава, што гэта ў пэўным сэнсе супярэчыць іншай кампаніі, якая разгортваецца паралельна. Маю на ўвазе спробы афіцыйнага Менску размарозіць палітычныя дачыненьні з Захадам. Але, мусіць, дзьвюма гэтымі кампаніямі кіруюць розныя ведамствы.