Сёньня на могілках у Тарасаве пахавалі Ірыну Казуліну. Хроніка падзеяў.
16:15 На могілках у Тарасаве завяршылася цырымонія пахаваньня Ірыны Казулінай. Людзі разьяжджаюцца з могілак.
16:00 На магіле Ірыны Казулінай насыпалі надмагільны пагорак, усталёўваюць вянкі, кошыкі з кветкамі. Гучыць мэлёдыя Фрэнка Сінатры "Мой шлях".
15:40 "Няхай усемагутны Бог дасьць табе, сястра наша Ірына, піць з крыніцаў жыцьця вечнага", -- пад гэтыя словы ксяндза Ўладзіслава Завальнюка труну зь целам Ірыны Казулінай апусьцілі ў зямлю.
15:30 Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк дабраславіў магілу. Слова ўзяў Аляксандар Казулін. Яго прамова была надзвычай эмацыйнай. Людзі плакалі. Аляксандар Казулін падкрэсьліў, што Ірына ахвяравала жыцьцём дзеля яго, заклікаў усіх да міласэрнасьці, любові да бліжніх. Пад малітву, пад сьпевы людзі разьвітваюцца зь Ірынай Казулінай.
15:15 На могілках -- прыкладна тысяча чалавек. Труну паднесьлі да месца пахаваньня. Людзі разьвітваюцца зь нябожчыцай. Няма ніякіх прамоваў. Хор пяе жалобныя сьпевы. Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк чытае малітву.
15.00 Жалобная працэсія даехала да старых вясковых могілак за катэджным пасёлкам Тарасава. Прыехалі 4 аўтобусы і каля 50 легкавікоў. Тут ужо стаяць некалькі машынаў з прадстаўнікамі спэцслужбаў, людзі ў цывільным здымаюць на відэакамэры. Заўважаныя аўтамабілі зь лягатыпамі беларускіх тэлеканалаў ОНТ і СТВ.
14.30 Жалобная працэсія -- катафалк, 4 аўтобусы, прыкладна 50 легкавікоў - рушыць праспэктам Пераможцаў. Міліцэйскага суправаджэньня няма, таму траспарт расьцягнуўся, спыняецца на сьвятлафорах. Людзі дабіраюцца да могілак рознымі маршрутамі. Агульны збор абвешчаны на пляцоўцы ў Тарасаве перад могілкамі, паведаміў сябра грамадзкай камісіі па пахаваньні Сяргей Скрабец.
14.15 Пасьля таго як труну паставілі ў катафалк, Аляксандар Казулін зьвярнуўся да прысутных са словамі падзякі. Пры гэтым ён двойчы стаў на калені. Свой выступ ён скончыў словамі “Жыве Беларусь!”. У натоўпе пачуліся воклічы “Свабоду Казуліну!” Пасьля гэтага жалобная працэсія накіравалася ў бок могілак у Тарасаве.
14.00 Людзі ўтварылі жывы калідор на вуліцы Берсана, труну нясуць да катафалку.
13.50 Труну з целам Ірыны Казулінай вынесьлі з Чырвонага касьцёла. За труной ідуць Аляксандар Казулін, дочкі Вольга і Юлія, маці Ірыны, родныя і блізкія. У жалобнай працэсіі амбасадары ЗША -- Карэн Ст'юарт, Ізраіля -- Зэеў Бэн-Ар'е.
13.35 Імша заканчваецца, людзі выстраіліся ў жывы калідор і чакаюць вынасу труны. Сярод тых, хто прыйшоў разьвітацца з Ірынай Казулінай, шмат выкладчыкаў БДУ, грамадзкія актывісты, лідэры партыяў і рухаў -- Аляксандар Мілінкевіч, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Міхаіл Марыніч,Павал Севярынец, Валер Фралоў, Уладзімер Някляеў.
13.15 Празь некалькі хвілін завершыцца імша. Мяркуецца, што труну зь нябожчыцай вынесуць на руках і пранясуць некалькі соцень мэтраў па вуліцы Берсана да катафалку.
Станіслаў Шушкевіч выказвае спачуваньні Аляксандру Казуліну
Аляксандар Казулін разьвітваецца з жонкай Ірынай
Жалобная працэсія накіруецца па Нямізе, праспэкце Пераможцаў (былым праспэкце Машэрава) да кальцавой дарогі, а потым у Тарасава.
12.00. Разьвітаньне працягнецца прыкладна паўгадзіны -- да 13.30, потым жалобная працэсія накіруецца на могілкі ў Тарасаве. У самім касьцёле прыкладна тысяча чалавек, шмат людзей на вуліцы. За касьцёлам, на вуліцы Берсана, зранку стаялі аўтазак з байцамі АМАПу, некалькі ПАЗаў з супрацоўнікамі міліцыі. Але прыблізна ў 12.40 яны кудысьці зьехалі.
9.30 Ірына Казуліна будзе пахавана ў Тарасаве Менскага раёну. Гэтак вырашыла сям’я Казуліных. Менгарвыканкам адмоўна адказаў на просьбу Казуліных даць месца на Маскоўскіх могілках. Мяркуецца, што нейкі час труну зь целам нябожчыцы пранясуць па вуліцах Менску. А потым паедуць у Тарасава на чатырох аўтобусах.
9.00. Сёньня ў Чырвоным касьцёле а 9 гадзіне адчынілі труну. Таксама каля 9 гадзіны ў Чырвоны касьцёл прыехаў Аляксандар Казулін з дочкамі. Разьвітальная імша будзе правіцца з 12 гадзінаў. Яе адслужыць ксёндз Уладзіслаў Завальнюк.