22 лютага на 87-м годзе жыцьця памёр былы галоўны рэжысэр Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы Барыс Эрын.
Ён працаваў на гэтай пасадзе з 1964 па 1968 гады. Сярод найлепшых пастановак Барыса Эрына на сцэне тэатру імя Янкі Купалы — "Ліса і вінаград", "Забыты ўсімі", "Лявоніха на арбіце", "Людзі на балоце", "І змоўклі птушкі", "Вечар" і "Памінальная малітва".
Пра Барыса Эрына – тэатразнаўца Вячаслаў Ракіцкі:
“Барыс Уладзімеравіч Эрын – рэжысэр, які належаў шэрагу культураў. Дзе б ён ні ставіў свае спэктаклі, ён заўсёды выяўляў сутнасьць нацыянальнага характару, нацыянальнага кантэксту, у якім адбываліся падзеі, нават тады, калі ставіў усясьветную клясыку, якую ён вельмі любіў.
У ягонай творчасьці, а ягонае жыцьцё ў тэатры было вельмі доўгае, важным момантам быў час, калі ён ачольваў Нацыянальны тэатар імя Янкі Купалы. Спэктаклі Барыса Эрына – гэта цэлая старонка ў гісторыі тэатру Янкі Купалы. Спэктакль “Людзі на балоце” паводле Івана Мележа я асабіста лічу найвялікшым шэдэўрам беларускага тэатру ХХ стагодзьдзя.
Барыс Эрын змог разам з такімі акторамі, як Генадзь Гарбук і Лілія Давідовіч, выявіць здольнасьць беларусаў да пераменаў і цяжкі шлях адлучэньня ад зямлі і пошуку нечага новага, духоўнага, што знаходзіцца па-за межамі звыклага.
Зрэшты, сёньня беларусы яшчэ маюць магчымасьць паглядзець спэктакль Барыса Эрына ў тэатры Янкі Купалы – гэта пастаноўка п’есы расейскага драматурга Рыгора Горына “Памінальная малітва”.