Начная аБЛОГА, 22 лютага

Агляд сеціва

Чытачы сайту “Нашай нівы” абмяркоўваюць інтэрвію з Аляксандрам Зьдзьвіжковым, які сёньня выйшаў на волю. Вярхоўны суд замяніў яму тэрмін зьняволеньня – тры гады замест ужо адседжаных трох месяцаў. Спадар Зьдзьвіжкоў цяпер заяўляе, што мае зьмяніць грамадзянства і пісаць раманы. Меркаваньні:
«З табою, Саша, Бог і хросная сіла! Мабыць, і Казуліна хутка адпусьцяць».

«Засталося толькі ўпасьці ў эўфарыю ад таго, што нашыя ўлады самыя добрыя й пайшлі на дэмакратызацыю. І высновы будуць зроблены адпаведныя (хоць іх ужо й зрабілі): значыцца ў нас будуць чэсныя й празрыстыя выбары, таму можна ісьці на іх і казаць сваё "НЕТ". Толькі гэта ўсё гульня, якую рэжым праводзіць ужо цягам 14 год, а мы правілаў так яшчэ і ня ведаем».

«У эўфарыю, вядома, упадаць не трэба, але вызваленьне палітзьняволеных ды яшчэ намёк на гатоўнасьць увесьці мараторы на сьмяротнае пакараньне - рэальнае сьведчаньне таго, што Лукашэнка, прынамсі, ня супраць разыграць эўрапейскую карту. Думаю, што ў любым выпадку гэта ў інтарэсах Беларусі. Хоць, натуральна, увесь гэты працэс можа нічым канкрэтным не завяршыцца. Але важна ўжо тое, што ён «пайшоў».


На сайце Хартыі 97 зьявілася навіна пра тое, што “Газпром” не выключае падвышэньне для Беларусі коштаў на газ цягам 2008 году. Некалькі камэнтароў:

“Чаму, скасаваўшы льготы сваім грамадзянаў, Лукашэнка абураны тым, што Расея адмяняе льготы яму? Ці ён малазабяьпечаны, ці вэтэран? Скардзіцца трэба не на вялікія выдаткі, а на маленькія прыбыткі”.

“Я б вам як акцыянэр “Газпрому” зрабіў газ па 170 даляраў. А далей няхай Эўропа дапамагае”.

“Ды хоць па 200, толькі Лукашэнку забярыце да сябе ў Маскву, няхай кіруе”.

“Цана на газ – штука рынкавая і павінны мы яго набываць па рынкавым кошце, з аднаго боку, каб не прызвычайвацца, а зь іншага, каб заўсёды была магчымасьць браць газ дзе таньней, напрыклад, у Туркмэніі ці ў Нарвэргіі (як падзеі зьменяцца). А вось як зэканоміць грошы – гэта іншае пытаньне”.

У суполцы Жывога Журналу minsk_by зьявілася паведамленьне пра здарэньне ў Горадні – загінуў адзін з удзельнікаў папулярнай гульні Night City (аналяг менскай “Схватки») Максім Касьпяровіч. Ён зваліўся з коміна кацельнай на бэтон з вышыні 10 мэтраў, выконваючы гульнявое заданьне. Праверку па факце гэтага здарэньня цяпер робіць пракуратура. Чальцы суполкі ў сваіх камэнтарах разважаюць:

“У менскай “Схватке» кожны гулец падпісвае камандны вэервэр + у заданьні напісана, што нікуды ня трэба лезьці, але чалавек палез – гэта абсалютна ягонае асабістае гора. З тым самым посьпехам ён мог у любы дзень залезьці туды”.

“Усе гульні такога кшталту зробленыя на падставе таго, што гульцы нясуць поўную і асабістую адказнасьць за сваё жыцьцё і здароўе. Яго ніхто з коміну ня скідваў. Хочаш экстрыму? Будзь гатовы плаціць цану здароўем, прынамсі”.

“Шкада, што ўсё так адбылося. Размаўляла з удзельніцай гульні. Гэта няшчасны выпадак. Хлопец сам палез не туды. Код быў за 200 мэтраў. І ўсе яго адгаворвалі. Не разумею, чаму гэта павінна кідаць цень на каманду і гульцоў”.