Новыя адлічэньні студэнтаў

З навучальных установаў у Менску адлічылі Тацяну Цішкевіч і Паўла Кур'яновіча. Абое яны – актывісты грамадзянскай кампаніі “Джынс”. Былыя студэнты лічаць такія дзеяньні адміністрацыі вучэльняў палітычна матываванымі.

Тацяну Цішкевіч адлічылі з другога курсу платнага завочнага навучаньня Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту фізычнай культуры, дзе яна вучылася на спэцыяльнасьці “трэнэр коннага спорту”. Прарэктар Аляксей Гататулін адмовіўся патлумачыць па тэлефоне карэспандэнту “Свабоды” прычыны адлічэньня:

“Па-першае, я ня ведаю, хто вы. Таму праз тэлефон даваць такую інфармацыю я нікому ня буду”.

За ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня Тацяну Цішкевіч арыштавалі на 20 сутак.

“Яны вырашылі адлічыць мяне з фармулёўкай: за адміністрацыйныя правапарушэньні, накіраваныя супраць грамадзкага парадку і маральнасьці, – гаворыць Тацяна. – І вырашылі адлічыць з 21 студзеня, заднім днём. Яны не далі мне азнаёміцца з загадам, рэктар забараніў даваць нейкія копіі. Яны сказалі, што з суду прыйшлі дакумэнты. І сказалі, што я другі раз за паўгоду парушаю закон, гэта грубае парушэньне. І адпаведна з гэтым яны нас адлічаюць. Я мяркую, што гэта палітычна матываванае адлічэньне”.

Актывіста руху “Джынс” Паўла Кур’яновіча затрымалі ў Дзень салідарнасьці, 16 студзеня, і арыштавалі на 20 сутак. Ён вучыўся на чацьвёртым курсе Менскага дзяржаўнага вышэйшага радыётэхнічнага каледжу. Рэктар установы Мікалай Цырэльчук патлумачыў, што Паўла адлічылі за пропуск практыкі:

“За адсутнасьць на тэхналягічнай практыцы без паважных прычынаў. То бок ніякіх палітычных матываў тут няма. А чалавек прапусьціў заняткі – гэта 20 дзён. І таму яго за гэта адлічылі. Ну, натуральна, тыя паперы, якія ён прынёс зь міліцыі, не зьяўляюцца паважнымі прычынамі для пропускаў заняткаў”.

Павал апавёў, што пасьля “сутак” яго выклікаў рэктар і сказаў, што яго могуць адлічыць з розных прычын, у тым ліку за дыскрэдытацыю навучальнай установы. Аднак за прычыну абралі пропускі практыкі.

“Для мяне гэта, вядома, непрыемна, – гаворыць Павал. – Мне заставалася некалькі месяцаў давучыцца, і быў бы дыплём. Але вось выключылі. Хаця насамрэч тую ж практыку я спакойна мог бы здаць, дагнаць. Праблемаў з вучобай у мяне ніколі не было. Рэктар сказаў, што вось ты рэвалюцыянэр – і займайся сваёй рэвалюцыяй, а ў нас павінны быць студэнты, якія павінны вучыцца”.