Публічная дыскусія пра ўмовы вызваленьня Казуліна актуалізавала пытаньне пра ягоныя палітычныя пэрспэктывы. Постаць былога рэктара БДУ цікавая ня толькі сама па сабе, але і як паказьнік пэўнага стану беларускага грамадзтва.
Шмат гадоў у палітычных дыскусіях пануе думка, што высокі рэйтынг дзейнага прэзыдэнта абумоўлены ня столькі рэальным даверам да яго, колькі адсутнасьцю альтэрнатывы. Паколькі да цяперашняй апазыцыі і яе лідэраў грамадзтва ня мае даверу, то ўжо даўно ідзе пошук трэцяй сілы, якая б пазыцыянавала сябе па-за межамі біпалярнай восі: Лукашэнка — апазыцыя. Хто толькі не прэтэндаваў на гэты статус: В. Абрамава (рух “Яблык”), С. Гайдукевіч (ЛДП), Л. Сініцын, А. Ярашук, В. Лявонаў (рух “За новую Беларусь”), А. Вайтовіч і інш.
Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году незалежныя сацыёлягі прыйшлі да высновы, што каб перамагчы Лукашэнку, адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сілаў павінен быць прадстаўнік намэнклятуры. На гэтую ролю быў абраны У. Ганчарык. Ягоную паразу патлумачылі ня тым, што, магчыма, сама ідэя была памылковая, а няўдалым асабістым пазыцыянаваньнем кандыдата.
І вось, здаецца, падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году зьявіўся кандыдат — Казулін — які з гледзішча гэтай канцэпцыі па вонкавых прыкметах адпавядаў парамэтрам ідэальнага кандыдата. У пэўным сэнсе можна казаць, што ён прадстаўляў трэцюю сілу, бо кандыдатам аб’яднанай апазыцыі быў Мілінкевіч. Казулін, асабліва на пачатковай стадыі выбарчай кампаніі, вёў барацьбу на два франты.
Былы рэктар БДУ прадстаўляў намэнклятуру, яе вышэйшы слой. І ў асабістым пляне ён выглядаў даволі прывабна, быў яркім, заўважным.
Казулін быў пазбаўлены тых недахопаў, якія звычайна закідаюць лідэрам апазыцыі. Тыя нібыта імкнуцца да самазахаваньня, у вырашальны момант хаваюцца ў бульбу, дзейнічаюць толькі паводле сцэнароў уладаў. Ён жа прадэманстраваў безаглядную сьмеласьць, самаахвярнасьць, імкненьне паламаць сцэнар Лукашэнкі і навязаць свой.
І які ж вынік атрымаўся на фінішы кампаніі? 5—6%, паводле НІСЭПД. Нагадаю, што Мілінкевіч, які прадстаўляў традыцыйную апазыцыю, набраў, паводле той жа крыніцы, каля 20%.
Далей, Казулін за сваю рызыкоўную атаку на Лукашэнку апынуўся за кратамі. І гэта, здавалася б, павінна было значна дадаць яму аўтарытэту, павагі, рэйтынгу: ахвяра бессардэчнага рэжыму, пакутнік за народ, за праўду. У іншых краінах палітыкі, якія прайшлі турму за грамадзкую дзейнасьць, становяцца нацыянальнымі героямі. Клясычны прыклад — Н. Мандэла ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы.
І гэта зразумела — на фоне мноства прадажных палітыкаў, гатовых дзеля грошай і ўлады на любыя злачынствы. У беларускім грамадзтве стаўленьне да палітыкаў адмоўнае, гэтая прафэсія ня лічыцца пачэснай. Хто хоць нейкім краем меў дачыненьне да выбарчых кампаній, можа ўзгадаць тыповую рэакцыю абывацеля: усе палітыкі аднолькава прадажныя, падчас выбараў прыкідваюцца абаронцамі народа, а прыйшоўшы да ўлады, думаюць толькі пра тое, каб урваць сабе.
І на гэтым тле Казулін выгадна выдзяляецца. Ня кожны палітык гатовы за свае погляды сесьці ў турму. Больш за тое, нават апынуўшыся за кратамі, ён працягваў барацьбу. Беспрэцэдэнтная галадоўка выклікала шырокі міжнародны рэзананс. Ён дасягнуў амаль немагчымага: прапановы абмеркаваць беларускае пытаньне ў Радзе Бясьпекі ААН.
І што ў сухім астатку? Паводле апытаньня, праведзенага НІСЭПД у сьнежні 2007 году, за Казуліна гатовы прагаласаваць цяпер 3,7% (за Лукашэнку — 39,9%, за Мілінкевіча — 9,8%). То бок нават дэмакратычны электарат, якога каля 30%, ня бачыць у ім куміра.
Чаму так? Увогуле, чаму палітвязьні ў Беларусі не становяцца нацыянальнымі героямі? Можна ўзгадаць, як Міхаіл Чыгір, адседзеўшы некалькі месяцаў за кратамі за ўдзел у так званых “прэзыдэнцкіх выбарах” 1999 году імя Віктара Ганчара, прайграў выбары 2000 году ў Палату прадстаўнікоў па менскай акрузе Н. Машэравай. Тады яшчэ галасы збольшага лічылі.
Беларусы ня любяць герояў, не шануюць іх? Але вось у 1994 годзе народ палюбіў аднаго героя — змагара з карупцыяй і ўзьнёс яго на п’едэстал.
Некаторыя адказы на гэтыя пытаньні ляжаць на паверхні. Найперш, створаная Лукашэнкам сацыяльная мадэль не знаходзіцца ў стане крызысу, яна ня вычарпала свайго рэсурсу і для большасьці насельніцтва выглядае эфэктыўнай. Таму існуе давер да дзейнага кіраўніка дзяржавы.
Кажуць, што ў палітыкаў, як і ў разьведчыкаў, няма біяграфій, а толькі легенды. Дык легенда Казуліна выглядае небездакорнай. Доўгі час працаваў у камандзе Лукашэнкі, падтрымліваў ягоную палітыку, нават запляміў сябе выключэньнем з БДУ дэмакратычных студэнтаў і выкладчыкаў. Маўляў, хто дасьць веры, што цяпер ён шчыры праціўнік прэзыдэнта? (Але ж і Ельцын быў кандыдатам у члены палітбюро ЦК КПСС, Юшчанка быў прэм’ерам пры Кучме, Саакашвілі працаваў міністрам ва ўрадзе Шэварднадзэ).
Беларускае грамадзтва расколатае. У кожнай паловы — свае куміры. У лукашыстаў — свой правадыр, у дэмакратаў — Мілінкевіч і іншыя. Няўдалы досьвед стварэньня трэцяй сілы дазваляе зрабіць выснову, што ў Беларусі для гэтага няма свабоднай нішы. Жорсткі аўтарытарны рэжым аб’ектыўна фармуе двухполюсную, біпалярную сыстэму: улада — апазыцыя. Магнітная сіла гэтых палюсоў аказалася такая моцная, што любы суб’ект, які зьяўляецца ў гэтай палітычнай прасторы, мімаволі вымушаны прымкнуць да таго ці іншага зь іх. У рэшце рэшт і Казуліна лёгікай барацьбы прыбіла да апазыцыі. А тут усе месцы занятыя. Да таго ж ягоныя прарасейскія заявы шмат каго адштурхнулі.
Але гэтыя адказы поўнасьцю задаволіць ня могуць. І фэномэн Казуліна яшчэ патрабуе свайго тлумачэньня.