Ці азначае факт рэзалюцыі Эўрапарлямэнту тое, што Эўропа не мяняе сваю пазыцыю да беларскіх уладаў? Чаму, негледзячы на палітычныя заявы, дагэтуль не ўдаецца зрушыць з месца візавае пытаньне для беларускіх грамадзянаў?
На гэтыя пытаньні Віталя Цыганкова адказвае старшыня Беларускага Шуманаўскага таварыства, палітоляг Ігар Лялькоў.
Цыганкоў: “Ці можа рэзалюцыя, якую мае прыняць сёньня Эўрапарлямэнт, можа палепшыць альбо пагоршыць у дачыненьнях паміж афіцыйным Менскам і Эўразьвязам?”
Лялькоў: “Я мяркую, што гэта ў першую чаргу дэманстрацыя прынцыповасьці пазыцыі Эўразьвязу (ці канкрэтней, Эўрапарлямэнту) да сытуацыі ў Беларусі. Бо апошні часам зьявілася шмат спэкуляцыяў на тэму, што пазыцыя гэта мяняецца, што яна не такая ўжо і прынцыповая. Але прыняцьце гэтай рэзалюцыі – дэманстрацыя таго, што Эўразьвяз не адыходзіць ад сваіх “12 прапановаў”, пасьля выкананьня якіх Беларусь можа далучыцца да Эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва. Яны даюць знак, што сытуацыя з палітычнымі рэпрэсіямі і палітзьняволенымі застаецца ў полі зроку.
Так што ў першую чаргу гэта адказ на тыя спэкуляцыі і сумневы, якія зьявіліся наконт тэмы, нібы Эўразьвяз можа перагледзець сваю пазыцыю да беларускага рэжыму”.
Цыганкоў: “То бок, вы лічыце, што гэта своечасовы адказ і слушны крок?”
Лялькоў: “Прыняцьце гэтай рэзалюцыі прадэманструе, што Эўропа застаецца адзінай (прынамсі, на ўзроўні дэклярацыяў) што да беларускага пытаньня. Гэта спроба (зноў-такі, на ўзроўні дэклярацыяў) прадэманстраваць падтрымку дэмакратычным сілам у Беларусі – “маўляў, усё ў парадку, Эўропа вас не забывае.”
Цыганкоў: “Два пункты рэзалюцыі прысьвечаныя візаваму пытаньню. У праекце дэпутаты заклікаюць выканаўчыя органы – Эўракамісію – лібэралізаваць практыку выдачы візаў,каб беларускія грамадзяне небылі ізаляванымі. Сытуацыя троху дзіўная – многія палітыкі заклікаюць, дэпутаты заклікаюць, а справа ня рухаецца з месца..”
Лялькоў: “Я думаю, гэта звычайная тэхнічная інэрцыя эўрапейскай бюракратыі, гэтай непаваротнай машыны. Гэта хутчэй унутраная праблемы Эўразьвязу. Я шчыра веру ў добрую волю эўрапейскіх палітыкаў што да візавага рэжыму адносна Беларусі. Бо гэта насамрэч пытаньне, якое адносна танна каштуе, але для Беларусі можа мець добры эфэкт. Таму я веру, што яны ўсё гэта шчыра прымаюць, але іншая справа – тэхнічная брусэльская бюракратыя. Павярнуць гэтую машыну вельмі цяжка. Але ёсьць спадзяваньні, што яна будзе павернутая”.