Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыпляматы чакаюць вызваленьня ўсіх палітвязьняў


Пасьля вызваленьня чарговага палітзьняволенага, Андрэя Клімава, прайшло ўжо некалькі дзён. Хто будзе наступны?


Як амэрыканскія і эўрапейскія дыпляматы камэнтуюць працэс вызваленьня палітвязьняў?

У турме застаюцца Аляксандар Казулін і Аляксандар Зьдзьвіжкоў. Распачата крымінальная справа супраць актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Ініцыятыва” Андрэя Кіма, які цяпер знаходзіцца ў сьледчым ізалятары.

Між тым, кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што “пытаньне палітзьняволеных у Беларусі закрыта” і ён прыняў рашэньне “вызваліць тых людзей, за якіх так змагаўся Захад і ЗША”. У той жа дзень быў вызвалены Андрэй Клімаў. Раней на волю выйшлі Зьміцер Дашкевіч, Мікалай Аўтуховіч і Андрэй Фінькевіч.

Ці закрыта пытаньне палітвязьняў у Беларусі? Як у амбасадзе ЗША ставяцца да вызваленьня Андрэя Клімава? На гэтыя пытаньні выканаўца абавязкаў кіраўніка дыпмісіі ЗША Луіс Крышак сказаў:

“Амбасада ЗША пасьлядоўна, пастаянна выступала за вызваленьне ўсіх палітзьняволеных у Беларусі. І мы вітаем вызваленьне Клімава як яшчэ адзін крок да гэтага”.

Ці існуе нейкая дамоўленасьць паміж Эўразьвязам і ЗША, з аднаго боку, і ўладамі Беларусі — з другога, пра вызваленьне палітвязьняў? Магчыма, ужо вядома, калі выйдуць, да прыкладу, Казулін і Зьдзьвіжкоў? Спадар Крышак на гэта сказаў:

Мы ня ведаем, які тэрмін вызваленьня Зьдзьвіжкова і Казуліна.
“Мы ня ведаем, які тэрмін вызваленьня Зьдзьвіжкова і Казуліна, але спадзяемся, што вызваленьне ўсіх палітзьняволеных будзе хутка”.

Беларускае кіраўніцтва, у сваю чаргу, спадзяецца, што ЗША і Эўразьвяз зробяць пэўныя крокі ўзамен за вызваленьне палітвязьняў. Якія ж гэта могуць быць крокі? Прадстаўнік амбасады ЗША спадар Крышак сказаў:

“Вызваленьнем усіх палітзьняволеных беларуская ўлада адкрывае дарогу да дыялёгу аб паляпшэньні нашых стасункаў. Мы вельмі б хацелі распачаць зь імі гэты дыялёг. Але, як я сказаў, яны могуць адкрыць гэтую дарогу толькі вызваленьнем усіх палітзьняволеных”.

Амбасадар Нямеччыны Гэбхарт Вайс заявіў, што рэагаваньне можа быць “толькі пасьля вызваленьня ўсіх палітвязьняў у Беларусі”.

У францускай амбасадзе нагадалі, што амбасадарка Францыі Мірэй Мюсо яшчэ да выхаду на волю Андрэя Клімава заявіла пра неабходнасьць вызваленьня ўсіх палітвязьняў. А якія будуць рэакцыі ў адказ, яна пакуль што тлумачыць ня будзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG