20 лютага Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла зьвярнулася да суполак беларускай дыяспары з нагоды мерапрыемстваў 25 сакавіка ў Беларусі.
Дарагія Суродзічы!
У 2008 годзе беларусы ўва ўсім сьвеце адзначаюць 90-тыя ўгодкі БНР.
Дзевяноста гадоў таму, у надзвычай цяжкіх умовах, наш народ знайшоў у сабе адвагу і сілу абвясьціць сьвету, што ён таксама хоча быць гаспадаром у сваёй хаце. Устаўныя Граматы БНР, і, менавіта, Акт 25-га Сакавіка, ёсьць найбольш каштоўнымі дакумэнтамі ў гісторыі беларускага народу. Бязь іх беларусаў, магчыма, ужо не было б на гэтым сьвеце. Угодкі іх мы з удзячнасьцю маем адзначыць.
Пэсымісты між намі, магчыма, скажуць, што няма чым цешыцца, бо ж мы ўсё яшчэ не дасягнулі нашай мэты стацца вольнай эўрапейскай краінай, такой, якімі ёсьць сёньня нашыя заходнія суседзі.
Тых, хто так думае, прашу прыпомніць пра перажытае ў ХХ веку, пра нашую вытрываласьць, пра нашую непахісную веру ў лепшую будучыню нашага народу.
Змагаліся мы на працягу 90 гадоў супраць шалёнай русыфікацыі, баранілі нашыя найбольшыя каштоўнасьці, нашую мову і культуру, усюды дзе маглі прыпаміналі сьвету, што Беларусь жыве, і што народ беларускі мае права, так як і ўсе народы сьвету, на волю і незалежнасьць.
Ёсьць чым ганарыцца, ёсьць што сьвяткаваць.
Дарагія суродзічы, абавязкам кожнага з нас ёсьць зьдзейсьніць гэты апошні высілак, які зробіць нас вольнымі людзьмі. У краінах сьвету, дзе Вы пражываеце, дайце да ведама Вашым уладам пра нязносныя адносіны лукашэнкаўскай намэнклятуры да нашай моладзі, найлепшых дачок і сыноў Беларусі, да нашай мовы і да нашай спадчыны.
Адначасна, зьвярніцеся да вашых урадаў, каб далі да ведама лукашэнкаўскаму рэжыму, што сьвет ня будзе вечна талераваць зьдзеку на нашых вуліцах і праспэктах над мірнымі дэманстрантамі, якія 25 Сакавіка будуць жадаць урачыста адзначыць 90-ю гадавіну БНР, наш Дзень волі і незалежнасьці.
Разам мы асягнем нашую мэту – волю і дэмакратыю для нашага народу.
Жыве Беларусь!
Івонка Сурвіла,
Старшыня Рады БНР