Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 20 лютага 2008 году
У Беларусі працягваецца паступовае вызваленьне палітвязьняў. За некалькі апошніх тыдняў турмы і калёніі датэрмінова пакінулі моладзевы актывіст Зьміцер Дашкевіч, прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў, лідэр “Маладога Фронту” Артур Фінькевіч. У мінулыя выходныя на волю выйшаў асуджаны паводле абвінавачаньня ў зьнявазе прэзыдэнта апазыцыйны актывіст Андрэй Клімаў. Яго вызвалілі ў адпаведнасьці з адмысловым указам Аляксандра Лукашэнкі.
Слухачы “Свабоды” працягваюць абмяркоўваць гэтыя падзеі. Што прымусіла беларускую ўладу пачаць выконваць адно з галоўных патрабаваньняў Захаду? Ці можна лічыць, што ў палітыцы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі адбываюцца істотныя зьмены? Вось як адказвае на гэтыя пытаньні ў сваім лісьце на “Свабоду” наша слухачка Надзея Камінская з Горадні. Яна піша:
“Усё ж нейкія зрухі ў нас адбываюцца. Вельмі парадавалася, што Андрэй Клімаў — зноў на свабодзе. Думаю, што нядоўга засталося чакаць, калі вызваляць і галоўнага нашага палітвязьня — Аляксандра Казуліна.
Апошнім часам, здаецца, і апазыцыйныя акцыі пратэсту надта жорстка ўжо не разганяюць. Напэўна, Аляксандар Лукашэнка сам зразумеў, што ягоная ранейшая палітыка безнадзейна састарэла, ад яе ўжо ўсе стаміліся, нават ягоныя самыя зацятыя прыхільнікі. Людзі ў Беларусі хочуць пераменаў, — піша Надзея Камінская з Горадні. — Асабліва гэта датычыць моладзі, студэнтаў. Дый старэйшае пакаленьне незадаволенае. Хто, які вораг парадзіў прэзыдэнту адбіраць льготы ў пэнсіянэраў ды інвалідаў? І які момант выбраны для гэтага? У краіне — разгул інфляцыі, усё даражэе, людзі бяднеюць. А ён так ударыў па самых неабароненых. Старыя людзі, інваліды ад яго гэтага зусім не чакалі.
Ёсьць цяпер нейкае ўнутранае прадчуваньне, што Беларусь — на парозе кардынальных зьменаў. Хоць бы таму, што далей так жыць нельга, і гэта ўжо адчувае большасьць насельніцтва”, —
— гэтак лічыць наша слухачка Надзея Камінская з Горадні.
Так, спадарыня Камінская, зусім магчыма, што неўзабаве мы ўбачым на волі і Аляксандра Казуліна. Хоць вы, напэўна, сочыце за тым, якімі ўмовамі спрабуе абставіць улада яго датэрміновае вызваленьне. Апазыцыйнага лідэра фактычна змушаюць да эміграцыі. Ён на такую цану свабоды не пагаджаецца.
Увогуле, нават калі ў хуткім часе ў беларускіх турмах не застанецца ніводнага палітвязьня — дзе гарантыя, што празь нейкі кароткі прамежак часу ўлада ня ўзновіць рэпрэсіі адносна сваіх палітычных апанэнтаў? На сёньня гэта — істотнае пытаньне ў перамовах паміж Захадам і беларускім рэжымам.
Пра асуджанага нядаўна на тры гады пазбаўленьня волі журналіста Аляксандра Зьдзьвіжкова, абвінавачанага ў перадруку ў газэце “Згода” карыкатур на прарока Мухамада, разважае ў сваім лісьце на “Свабоду” Адам Галівус зь вёскі Забродзьдзе Смалявіцкага раёну. Слухач піша:
“На “Свабодзе” шмат шуму — у нейкага журналіста хапіла розуму надрукаваць карыкатуры на прарока Мухамада. Перахапіў, бачыце, дурноту з Даніі. У яго што, не было больш актуальных тэмаў? Выдавай, журналіст, патрэбнае, актуальнае! Пры ўсёй непавазе да кіроўнага рэжыму, асуджэньне гэтага журналіста лічу правільным. Але варта было б пакараць яго не пазбаўленьнем волі, а павесіць на шыю чыгунную шыльду кіляграмаў дзесяць з надпісам “За дурноту”. І каб насіў яе штодня на працягу, скажам, году...
Чаму б на старонках нешматлікіх незалежных газэтаў разумнае і лёсавызначальнае не прапагандаваць? Няма каму? Ці карыкатуры больш важныя?” —
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Адам Галівус зь вёскі Забродзьдзе Смалявіцкага раёну.
Гэтыя карыкатуры перадрукавалі сотні газэтаў у дзясятках эўрапейскіх краінаў. І нідзе журналістаў і рэдактараў не каралі — ні турэмнымі тэрмінамі, ні грашовымі штрафамі, ні “чыгуннымі шыльдамі”, як гэта прапануеце вы, спадар Галівус. У дэмакратычным сьвеце высока цэняць гарантаваную законам свабоду выказваньня думак. Карыкатуры на любыя зьявы і любых асобаў там — звычайная зьява. Напэўна, некаторым эўрапейскім манархам, прэзыдэнтам, прэм’ер-міністрам і духоўным асобам не падабаецца, калі яны становяцца аб’ектамі ўвагі карыкатурыстаў. Але нікому не прыходзіць у галаву падаваць з гэтай нагоды ў суд, абвінавачваць мастакоў і журналістаў у зьнявазе гонару і годнасьці і патрабаваць для іх турэмнага пакараньня.
Валянціна Сакаловіч зь вёскі Бакшты Івейскага раёна свой новы ліст на “Свабоду” напісала пасьля таго, як пачула тэлефанаваньне адной слухачкі, задаволенай уціскам прыватных прадпрымальнікаў з боку ўлады. Спадарыня Сакаловіч з гэтай нагоды піша:
“Калі прадпрымальнікаў зьнішчаць, у крамах ізноў узьнікнуць страшэнныя чэргі — як у застойныя часы. У выніку народу стане яшчэ горш, чым цяпер. Няхай тады гэтыя людзі, якія цяпер зларадна пасьміхаюцца, пастаяць у тых чэргах. Радуюцца чужой бядзе, назіраючы, як нішчаць прадпрымальнікаў. А пра тое ня думаюць, што калі ўлада зьнішчыць гэтых, дойдзе чарга і да іх. Тут пытаньне толькі ў адным: хто наступны? Уладзе патрэбныя грошы на новую атамную электрастанцыю, якая можа ператварыцца для нас у другі Чарнобыль. І рэжым будзе шукаць гэтыя грошы ва ўсіх кішэнях. У тым ліку і ў кішэні спадарыні Навуменкі, якая пазваніла на “Свабоду”, каб парадавацца непрыемнасьцям прадпрымальнікаў. Тады такія людзі загалосяць самі. Але збаўцы ўжо ня будзе”, —
— гэтак лічыць Валянціна Сакаловіч зь вёскі Бакшты Івейскага раёна.
Чэргі савецкага ўзору ў крамах, можа, і ня ўзьнікнуць: цалкам усё ж прыватны гандаль не зьнішчаецца. І да манаполіі на вонкавы гандаль беларуская дзяржава пакуль не вярнулася. А вось наступствы таго, што гандляроў на беларускім рынку становіцца менш, спажыўцы ў Беларусі ўжо адчулі — па тым, якімі шпаркімі тэмпамі пачалі расьці кошты літаральна на ўсе тавары (і асабліва — на харчаваньне). Вядома, на тое ёсьць і вонкавыя прычыны (у прыватнасьці, падаражэньне энэрганосьбітаў). Але не апошнюю ролю тут адыгралі і падзеі вакол дробных гандляроў.
Аўтар наступнага ліста — Віктар Баранаў з Рагачова — разважае пра тое, як адлюстроўваюць цяперашнія беларускія рэаліі розныя сродкі масавай інфармацыі. Слухач піша:
“Вельмі шкада, што не атрымліваецца слухаць вашу радыёстанцыю. Старыя надзейныя прыймачы савецкай вытворчасьці адслужылі свой тэрмін, зламаліся. А новыя прыймачы не разьлічаныя на кароткія хвалі. На сярэдніх жа злавіць сыгнал не ўдаецца.
Глядзець беларускае тэлебачаньне няма ніякага жаданьня. Дзяўбуць адно і тое ж: увесь сьвет нібыта жыве няправільна, толькі ў нас у Беларусі ўсё цудоўна і дасканала. Як можна цэлымі днямі далдоніць пра посьпехі ў эканоміцы, калі кожны чалавек, зайшоўшы ў краму, адразу бачыць, што адбываецца? Цэны растуць ледзь ня штодня.
На беларускім тэлебачаньні слова беларускага не пачуеш. Беларускую культуру і мову дабіваюць.Ужо і ў паўсядзённым жыцьці па-беларуску мала хто размаўляе.
А якія ў нас і ў Расеі выбарчыя кампаніі? Усё ўсім загадзя вядома. Пераможцаў вызначае не народ, а сама ўлада. Апазыцыйным кандыдатам даюць некалькі хвілінаў эфірнага часу на тэлебачаньні, затое кандыдат ад улады ня мае ніякіх абмежаваньняў. Якое можа быць параўнаньне са Злучанымі Штатамі Амэрыкі, дзе выбарчая кампанія доўжыцца цэлы год, людзі маюць магчымасьць дасканала вывучыць кожнага кандыдата, а зыход кампаніі невядомы да самага апошняга моманту? І прэзыдэнты там мяняюцца часта. Нашы ж валадары сядзяць на троне па трыццаць год, а толку мала. Узровень жыцьця ў нас — як у слабаразьвітых краін”, —
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Віктар Баранаў з Рагачова.
Наконт радыёпрыймачоў і якасьці прыёму. Сапраўды, для многіх нашых слухачоў, асабліва сталага веку, гэта істотная праблема: старыя прыймачы савецкай вытворчасьці за 20—30 гадоў адслужылі свой век. Яны псуюцца, часта іх адмаўляюцца прымаць рамонтныя майстэрні. А ў новых мадэлях большасьць беларускіх і расейскіх вытворцаў не прадугледжваюць кароткахвалевага дыяпазону.
Калі ня ўдасца знайсьці новы прыймач ні ў краме, ні на рынку, магчыма, вам, спадар Баранаў, варта пайсьці шляхам тых нашых слухачоў, які набылі спадарожнікавыя антэны? Альбо паспрабаваць авалодаць інтэрнэтам?
На заканчэньне — вершаваны ліст ад нашай слухачкі Натальлі Бордак зь Нясьвіжу, як яна піша — “з-пад Слуцкай брамы”.
Натальля напісала і даслала нам верш, прысьвечаны “Свабодзе” — ва ўсіх яе праявах. У ім ёсьць такія радкі:
“Я за Свабоду свабоднай усьмешкі —
Прыкра лічыцца затлумленай пешкай.
Выбар, свабодны ад небясьпекі,
Толькі Свабода дае чалавеку.
Толькі свабодны ад рабства — шчыруе,
Рабства такім ужо больш не кіруе.
Будзь за Свабоду ад цемры, галечы,
Сьвечку лучы да запаленых сьвечак...
Ведай, што сьмерць напаткае калісьці —
Стой за Свабоду, якая ў калысцы”, —
— гэта былі радкі зь верша, прысьвечанага Свабодзе, які напісала Натальля Бордак зь Нясьвіжа.
Дзякуй, Натальля, вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by