Валер Бандарэнка — бацька праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі, які адбывае зьняволеньне ў магілёўскай турме, — атрымаў з адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі адказ на свой нядаўні зварот да кіраўніка дзяржавы.
«Адказалі даволі хутка, але які вынік? Паведамілі, што атрымалі мой ліст і для далейшага разбору пераслалі яго ў пракуратуру Магілёўскай вобласьці. То бок ня сталі самі разьбірацца ў маёй скарзе, а проста пераправілі яе тым, на каго я скардзіўся. Хай там разьбіраюцца. Але ж гэта звычайная адпіска», — кажа бацька былога палітвязьня.
16 лютага Валер Бандарэнка зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай спыніць распачатую супраць сына новую крымінальную справу «за злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы», а таксама правесьці абʼектыўную праверку дысцыплінарных спагнаньняў, накладзеных на вязьня.
Бандарэнка-старэйшы мяркуе, што ў магілёўскай турме сфабрыкавалі новую справу супроць сына, каб адпомсьціць яму за праваабарончую дзейнасьць ды пакінуць яшчэ на год-два за кратамі.
«Двойчы знайшлі пыл у камэры ды залічылі спазьненьне пасьля наведваньня турэмнай царквы — і гэта цягне на злоснае парушэньне рэжыму ды новы тэрмін? Хіба гэта ня помста?» — кажа Валер Бандарэнка.
Апошні раз бацька бачыў сына 9 лютага на папярэднім паседжаньні суду па новай крымінальнай справе. «Ён у жудасным стане», — сказаў пра тое, як выглядаў Андрэй Бандарэнка на судзе, ягоны бацька. Тады працэс над Андрэем Бандарэнкам не распачаўся — суд знайшоў недакладнасьці ў матэрыялах, падрыхтаваных сьледчым, і накіраваў справу на дапрацоўку.
«Учора размаўляў з Андрэем праз тэлефон. Кажа, сядзіць, не чапляюцца, пакуль усё ціха. Бачыўся з адвакатам, той быў у судзе. Новае паседжаньне па справе яшчэ не прызначанае», — сказаў Валер Бандарэнка.
Праваабаронца Андрэй Бандарэнка адбывае тры гады за злоснае хуліганства. Больш за год таму Бандарэнку прызналі злосным парушальнікам рэжыму і зьмясьцілі ў магілёўскую турму, дзе трымаюць у адзіночнай камэры. Два месяцы таму супроць вязьня завялі новую крымінальную справу, паводле якой яму пагражае яшчэ два гады зьняволеньня. Прызначаны для Андрэя Бандарэнкі Маскоўскім раённым судом Менску тэрмін заканчваецца 31 сакавіка.
У канцы 2016 году беларускія праваабаронцы ў сумеснай заяве папярэдзілі ўлады, што прызнаюць Андрэя Бандарэнку палітвязьнем у выпадку, калі да яго ўжывуць 411 артыкул і штучна павялічаць яму тэрмін зьняволеньня. Праваабаронцы Беларусі і былыя палітвязьні шмат гадоў дамагаюцца выключэньня з Крымінальнага кодэксу 411 артыкула пра непадпарадкаваньне турэмнай адміністрацыі, бо лічаць яго інструмэнтам рэпрэсіяў супроць вязьняў.