Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісты Свабоды атрымалі падзячны ліст за кнігу «Жыцьцё пасьля раку»


Журналісты Радыё Свабода атрымалі падзячны ліст ад сацыяльна-асьветніцкай установы «Цэнтар падтрымкі анкапацыэнтаў „У імя жыцьця“» за кнігу «Жыцьцё пасьля раку». Пра гэта стала вядома падчас падвядзеньня вынікаў нацыянальнага конкурсу «Хвароба, якая зьмяніла жыцьцё».

У падзячным лісьце гаворыцца:

«Шчыра дзякуем аўтару ідэі, каардынатару адмысловага праекту „Жыцьцё пасьля раку“ Ганьне Соўсь, якая разам са сваімі калегамі-журналістамі падрыхтавалі гісторыі людзей, якія адкрыта змагаюцца з анкадыягназам. Мы ўпэўненыя, што ваш праект робіць вялікі ўнёсак у супрацьракавую барацьбу і спрыяе разбурэньню грамадзкага стэрэатыпу, што рак — гэта прысуд».

Кніга «Жыцьцё пасьля раку» выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды».

Сярод пераможцаў конкурсу «Хвароба, якая зьмяніла жыцьцё», — журналісты, якія прадстаўляюць сем розных выданьняў. У тым ліку — парталы Tut.by і «Католік Гомель», газэту «Звязда».

Адкрываючы імпрэзу, у якой бралі ўдзел лекары, пацыенты, журналісты, кіраўніца цэнтру падтрымкі анкапацыентаў «У імя жыцьця» Ірына Жыхар сказала:

Ірына Жыхар, архіўнае фота
Ірына Жыхар, архіўнае фота

«Мы хацелі зразумець, наколькі журналісты самі гатовыя брацца за гэтую тэматыку. Гэта тэма даволі складаная і закрытая. І таму мы гатовыя ад свайго імя публічна распавядаць пра свае сытуацыі, дзяліцца вопытам».

Паводле Ірыны Жыхар, апошнім часам колькасьць публікацыяў у СМІ на тэму барацьбы з анкалёгіяй зьмяншаецца. Хоць гэтая тэма патрэбная як спэцыялістам, так і анкахворым.

На завяршэньне імпрэзы ўсіх прысутных запрасілі ўзяць удзел у першай міжнароднай канфэрэнцыі, прысьвечанай тэме анказахворваньняў, якая ў чэрвені пройдзе ў Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG