Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У будынак, дзе месьціцца Глыбоцкі райвыканкам, фатографам уваход забаронены?


Зьміцер Лупач
Зьміцер Лупач

Пра выпадак, які здарыўся зь ім на ўваходзе ў адміністрацыйны будынак, апавёў глыбоцкі незалежны журналіст Зьміцер Лупач.

Паводле спадара Лупача, ён кіраваўся ў аддзел эканомікі, каб аддаць дакумэнты, якія тычацца ягонага прыватнага прадпрымальніцтва:

«Я ішоў з сумкай. Міліцыянт, які дзяжурыць пры ўваходзе, папрасіў паказаць, што ўсярэдзіне. Я не працівіўся, расшпіліў. А ўсярэдзіне ляжаў фотаапарат, Nikon. Тут міліцыянт заявіў, што „з прафэсійнымі фотаапаратамі“ ўваход у райвыканкам забаронены. Што гэта распараджэньне загадчыка спраў райвыканкаму, і ён мусіць выконваць, што загадана. Добра, што мы былі ўдвох зь сябрам, якому я пакінуў сумку з фотаапаратам, пакуль хадзіў аддаваць паперы».

Зьміцер Лупач абураны ня толькі нечаканай забаронай: ён зарэгістраваны індывідуальным прадпрымальнікам, спраўна плаціць падаткі, і адзін зь відаў ягонай дзейнасьці — гэта якраз фатаграфаваньне. А як быць у тым выпадку, калі давядзецца фатаграфаваць вясельле? ЗАГС у тым жа адміністрацыйным будынку, што й райвыканкам. Тамсама і офісы шэрагу грамадзкіх арганізацыяў. Так што застаецца пытаньне: што такога ёсьць у грамадзкім будынку, чаго нельга фатаграфаваць?

З гэтым пытаньнем Зьміцер Лупач зьвярнуўся праз тэлефон, пазначаны на сайце райвыканкаму ў якасьці нумара «гарачай лініі» для апэратыўнага вырашэньня сацыяльна-бытавых праблем«. Высьветлілася, што гэта тэлефонны нумар прыёмнай райвыканкаму, але там нічога ня ведалі пра забарону ўваходзіць у будынак з фотаапаратам.

Спадару Лупачу параілі зьвярнуцца непасрэдна да кіраўніцы спраў Глыбоцкага райвыканкаму Іны Пачопкі, але ейны працоўны тэлефон не адказваў на працягу дзьвюх гадзін — да самага заканчэньня працоўнага дня.

Зьміцер Лупач заявіў, што заўтра ж пашле мясцовым уладам афіцыйны запыт: што маецца на ўвазе пад азначэньнем «прафэсійны фотаапарат» і чым выклікана забарона мець яго пры сабе, ідучы ў райвыканкам? Ён не выключае, што забарона мае не агульны характар, а разьлічана на яго асабіста, бо ў райцэнтры ён добра вядомы праз сваю дзейнасьць у якасьці незалежнага журналіста.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG